Экзамен для настаўніка

У Гомельскай вобласці на працягу года былі атэставаны 3382 педагогі. З іх на катэгорыю “настаўнік-метадыст” — два, на вышэйшую — 872, на першую — 1311,  на другую — 1197 настаўнікаў. Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко адзначае, што падрабязны аналіз вынікаў атэстацыі робіцца штогод па кожнай з катэгорый. У тым ліку гэтыя пытанні разглядаюцца ў разрэзе кожнага раёна — для таго, каб вызначыць, наколькі актыўна там працуе метадычная служба.

— Для нас атэстацыя — гэта не толькі лічбы, за імі стаіць павышэнне прафесійнага ўзроўню педагога, а самой працэдуры папярэднічае самаадукацыя і адточванне прафесійнага майстэрства, — расказвае Вольга Аляксандраўна Блажко. — У пачатку студзеня мы ўбачылі, што атэстацыйныя працэсы запаволіліся, яны ніжэйшыя, чым летась. Таму начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў даручыў прасачыць дынаміку атэстацыйных працэсаў, кожныя два месяцы аналізаваць яе і дакладваць сітуацыю на селектарнай нарадзе з удзелам кіраўнікоў устаноў адукацыі раёнаў. Мы заўважылі, што менавіта ў апошнія два месяцы, калі мы актуалізавалі гэтую праблему, трэцяя частка педагогаў была атэставана.Такім чынам, за апошні справаздачны перыяд (красавік — май) атэставаны 1162 педагагічныя супрацоўнікі. З іх 329 — на другую кваліфікацыйную катэгорыю, 464 — на першую, 368 — на вышэйшую, адзін — на катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Гэта на 63% больш, чым за папярэднія два месяцы. У тым ліку педагогаў дадатковай адукацыі — 30 чалавек, настаўнікаў-дэфектолагаў — 19, настаўнікаў пачатковых класаў — 62.

— У параўнанні з іншымі катэгорыямі педагагічных работнікаў вобласці не вельмі высокі працэнт выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

— Так, сёння такіх работнікаў каля 30%. Ёсць сур’ёзная праблема — многія не могуць атэставацца, бо ў іх адукацыя, якая не адпавядае патрабаванням. Разам з тым мы падцягнулі практычна ўсе свае рэзервы ў гэтым кірунку: 100 чалавек за год атэставалі на вышэйшую катэгорыю, 319 — на першую і 273 — на другую. 38 педагогаў здалі кваліфікацыйны экзамен у маі —чэрвені і хутка будуць атэставаны. Сёння атэставаны амаль 64% ад тых, хто меў права атэставацца па стане на 1 верасня мінулага года. І гэты паказчык вышэйшы, чым у сярэднім па вобласці.

— Такім чынам, на пачатак чэрвеня звыш 35% педагагічных работнікаў у Гомельскай вобласці маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю?

— Так. Усе раёны Гомельшчыны выканалі такі паказчык дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, як “працэнт педагогаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю”. Але мы бачылі, што сярод іх асноўная коль­касць — настаўнікі першай катэгорыі. Таму мы імкнуліся актывіза­ваць тых, хто можа прэтэндаваць на вышэйшую катэгорыю. Нагадаю, што год назад 33% педагогаў мелі вышэйшую катэгорыю. Значыць, ёсць прагрэс у гэтым кірунку. Першых пяць месцаў у гэтым рэйтынгу займа­юць Калінкавіцкі, Акцябрскі, Петрыкаўскі раёны, Савецкі раён Гомеля, а таксама Лельчыцкі. Вышэйшыя за сярэднеабласныя паказчыкі  маюць 15 раёнаў. Мы павінны імкнуцца да таго, каб розніца паміж лідарамі і апошнімі ў гэтым рэйтынгу была мінімальнай, а сярэдні бал — максімальным.У апошнія тры гады мы адзначаем павышэнне колькасці педагагічных работнікаў вобласці, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю: ад 29,5% у канцы 2017/2018 навучальнага года да больш як 35% на гэты момант.

— Як ідзе работа па падрыхтоўцы педагогаў да атэстацыі на кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”?

— 10 педагогаў з пяці раёнаў вобласці (Мазырскі — 6, Лоеўскі, Светлагорскі, Хойніцкі, Цэнтральны раён Гомеля — па 1 педагогу) падалі накіраванні і чакаюць выкліку на кваліфікацыйны экзамен у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, 84 педагогі вобласці працуюць над зместам аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета, назапашва­юць публікацыі ў навукова-метадычных выданнях, выступленні перад педагагічнай грамадскасцю, бяруць удзел у конкурсах педагагічнага майстэрства — і ўсё гэта неабходна толькі для таго, каб проста заявіцца на экзамен. Але не ­здаць яго. Падчас экзамену настаўнік павінен змадэляваць майстар-клас для прапанаванай кваліфікацыйнай камісіяй катэгорыі педагагічных работнікаў. Гэта таксама трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы. Усё пералічанае нельга зрабіць за 2—3 месяцы — падрыхтоўка займае ад аднаго да двух гадоў. Часта тыя, хто ажыццяўляе падрыхтоўку, лічаць, што добры настаўнік, які мае стабільна высокія вынікі, ці трэнер зборнай школьнікаў па прадметнай алімпіядзе — гэта гатовы настаўнік-метадыст. Тое, што ён добры настаўнік і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які мае здаровыя прафесійныя амбіцыі, — аснова, але галоўнае тое, што гэты педагог павінен актыўна трансліраваць свой эфектыўны вопыт: падчас курсаў павышэння кваліфікацыі, селектарных нарад, рэспубліканскіх семінараў, на старонках прафесійнай прэсы, падчас конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў. Калі хаця б трэцяя частка з 84 заяўленых настаўнікаў праз два гады паспяхова прой­дуць экзамен, мы будзем лічыць гэта сур’ёзным прарывам, бо за апошні год толькі два педагогі вобласці атрымалі кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Згадзіцеся: патэнцыял педагогаў Гомельскай вобласці значна вышэйшы.

— Вольга Аляксандраўна, чаму, на ваш погляд, многія настаўнікі-прадметнікі, якія маюць права на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, яго не выкарыстоўваюць?

— Нехта з настаўнікаў не валодае метадамі абагульнення прафесійнага вопыту, хтосьці забыў, што такое экзамен і мае псіхалагічны бар’ер, а нехта разумее, што яшчэ прафесійна не гатовы. Таму перад раённымі і школьнымі метадычнымі службамі мы ставім задачу кожнаму педагогу аказаць індывідуальную падтрымку ў адпаведнасці з яго запытамі. Праведзеная работа дала плён, і колькасць настаўнікаў-прадметнікаў, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, павялічылася на 1,5%. Восем раёнаў перавыша­юць сярэднеабласны паказчык, які складае звыш 45%. Гэта Чыгуначны, Савецкі, Цэнтральны раёны Гомеля, Мазырскі, Калінкавіцкі, Ельскі, Светлагорскі раёны, установы абласнога падначалення. Па выніках работы на працягу красавіка — мая ў групу раёнаў, чые паказчыкі перавышаюць сярэднеабласныя, дабавіліся ўстановы абласнога падначалення. Некаторым раёнам да сярэднеабласнога паказчыка не хапае менш як аднаго працэнта — гэта Добрушскі, Акцябрскі, Петрыкаўскі, Лельчыцкі, Буда-Кашалёўскі раёны. Усяго рэзерв на прысваенне чарговай кваліфікацыйнай катэгорыі рэалізаваны на 49%. Разам з тым — не ў поўнай меры. Вышэйшыя за сярэднеабласныя паказчыкі па рэалізацыі рэзерву на прысваенне чарговай кваліфікацыйнай катэгорыі ў 15 раёнаў, у пяцёрцы лідараў — Чачэрскі, Кармянскі, Мазырскі, Нараўлянскі і Добрушскі раёны. Нізкая актыўнасць у гэтым кірунку назіраецца ў Гомельскім, Жыткавіцкім, Светлагорскім раёнах, установах абласнога, гарадскога падначалення.

— Ці імкнуцца кіраўнікі адукацыйных устаноў паказ­ваць прыклад падначаленым і праходзіць атэстацыю?

— Нягледзячы на тое, што з 1 студзеня 2020 года кіраўніцкі склад устаноў адукацыі не атрымлівае даплату за наяў­насць кваліфікацыйнай катэгорыі, для шэрага з іх актуалізацыя гэтага пытання стала нагодай ацаніць свае сілы як педагога і стымулам для праходжання атэстацыі. Пэўны вынік ёсць: калі за мінулы справаздачны перыяд (люты — сакавік) былі атэставаны толькі 10 членаў адміністрацыі, то за красавік — май — 33. З іх кіраўнікоў — 11, намеснікаў — 22, прадстаўнікоў дашкольнай адукацыі — 7, агульнай сярэдняй — 26. Яшчэ 10 здалі кваліфікацыйны экзамен у маі — чэрвені і чака­юць атэстацыі. Такім чынам, з таго часу, як мы абазначылі праблему, атэстацыйнымі працэсамі ахоплены 54 педагогі з ліку адміністрацыі.

— Раскажыце, калі ласка, якія катэгорыі педагогаў самыя паспяховыя падчас кваліфікацыйных выпрабаванняў?

— Спачатку адзначу, што з кастрычніка па чэрвень у Гомельскім інстытуце развіцця адукацыі праведзена 83 экзамены. 857 педагогаў бралі ў іх удзел, 715 — паспяхова. Самыя паспяховыя на экзамене былі настаўнікі медыцынскай і дапрызыўнай падрыхтоўкі, асноў бяспекі жыццядзейнасці. У іх 100-працэнтная здача экзамену. Пяцёра з іх — гэта якраз кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Ад 90 да 98% — паказчык паспяховасці ў настаўнікаў-дэфектолагаў, настаўнікаў геаграфіі, матэматыкі, рускай мовы і літаратуры, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў гісторыі, грамадазнаўства. Найменш паспяховыя настаўнікі хіміі, выяўленчага мастацтва, педагогі дадатковай адукацыі, педагогі-псіхолагі, педагогі-арганізатары. Між тым вынікі нашай сумеснай работы ў справе атэстацыі педагагічных работнікаў, несумненна, аказваюць станоўчы ўплыў на якасць адукацыйнага працэсу. Давайце прафесійна спрацуем і ў наступным навучальным годзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.