Экзамен на бяспеку для настаўнікаў

- 15:15Адукацыйная прастора, Рознае

Фінальны этап II Рэспубліканскага конкурсу на званне “Лепшы настаўнік АБЖ” прайшоў на базе гімназіі № 75 імя П.В.Масленікава Мінска. Кожную вобласць і сталіцу краіны прадстаўлялі па два настаўнікі, якія вядуць у сваіх школах факультатыўныя заняткі па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Выкладаць у незнаёмым класе няпроста, весці ў ім конкурсны ўрок — цяжка ўдвая. Удзельнікі конкурсу на званне лепшага настаўніка АБЖ з гэтай задачай справіліся — іх урокі былі цікавымі, пазнавальнымі, творчымі. Як падкрэсліла старшыня журы вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталля Мікалаеўна Якаўлева, “прыемна ўсведамляць, што самую складаную інфармацыю настаўнікі даносяць да вучняў даступна, удзяляюць увагу кожнаму навучэнцу”. Яшчэ яна заўважыла, што факультатыў няпросты, па сутнасці, надпрадметны, таму патрабуе ад педагога, які яго выкладае, глыбокіх ведаў. Такіх, якія прадэманстравалі ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу.

Нагадаю, што першы такі конкурс прайшоў у 2010 годзе таксама ў 75-й сталічнай гімназіі. Арганізоўваюць жа спаборніцтвы настаўнікаў АБЖ Міністэрства адукацыі і Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.
“Многія ўрокі, асабліва тыя, што праводзіліся ў намінацыі “Лепшы педагагічны работнік, які вядзе факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў 5—10 класах”, былі вельмі блізкія па сваёй вартасці, па тым, як яны былі пададзены, таму і нам было няпроста вызначыцца з пераможцамі”, — заўважыла старшыня журы. А пераможцамі і лаўрэатамі ў намінацыі “Лепшы педагагічны работнік, які вядзе факультатыўныя заняткі “АБЖ” у 2—4 класах”, сталі Зоя Пятроўна Чыкелева з сярэдняй школы № 10 Жлобіна Гомельскай вобласці (3 месца), Алена Міхайлаўна Родзік з сярэдняй школы № 12 Віцебска (2 месца) і, нарэшце, 1 месца заняла Святлана Мікалаеўна Няборская, якая прадстаўляла сярэднюю школу № 4 Чэрвеня Мінскай вобласці.

У другой намінацыі конкурсу выступалі настаўнікі, якія факультатыўна выкладаюць асновы бяспекі жыццядзейнасці ў 5—9 класах. 3 месца ў гэтай намінацыі заняла педагог з сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Мінскай вобласці Алена Аляксандраўна Прэдчанка. На 2 месцы — Святлана Аляксееўна Вінцукевіч з Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. А перамог у названай намінацыі Віктар Уладзіміравіч Гардзейчык, які прадстаўляў сярэднюю школу № 2 Бярозы (Брэсцкая вобласць).
Конкурс на лепшага настаўніка АБЖ — адно з тых спаборніцтваў, у якім ёсць пераможцы, але няма прайграўшых, бо тыя ўрокі, якія даюць сваім вучням выкладчыкі, смела можна назваць урокамі жыцця. Як не дапусціць пажару? Што рабіць, калі ён усё ж здарыўся? Як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях? Веданне адказаў на гэтыя і іншыя падобныя пытанні сапраўды можа стаць вырашальным, выратаваць жыццё. І, безумоўна, валодаць такімі ведамі трэба з дзяцінства. “Верагодна, самая важная місія ў школе — у вас: вы вучыце дзяцей, вы ствараеце ўмовы для іх бяспечнай жыццядзейнасці. Ад таго, як вы гэта робіце, залежыць наша будучыня”, — падкрэсліла, звяртаючыся да ўдзельнікаў конкурсу, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Мікалаеўна Сенчанка.

Падчас ганаровага ўзнагароджання адбылася яшчэ адна падзея: дырэктар 75-й гімназіі Мінска Васіль Генадзьевіч Ананька стаў ганаровым членам Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. Адпаведнае пасведчанне яму ўручыў начальнік Цэнтра арганізацыйна-масавай работы таварыства Сяргей Анатольевіч Білы, які справядліва назваў удзельнікаў конкурсу калегамі. “Выкладаючы факультатыў, вы ўжо з’яўляецеся добраахвотнікамі проціпажарнай справы”, — растлумачыў ён.
А С.М.Няборская, адна з пераможцаў конкурсу, запэўніла, што і далей будзе працягваць сваю работу, каб зберагаць жыццё і здароўе нашых дзяцей. І яна, і В.У.Гардзейчык падзякавалі не толькі калегам і членам журы за высокую ацэнку іх работы, але і навучэнцам гімназіі № 75, для якіх настаўнікі і праводзілі свае факультатывы падчас конкурсу.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.