Экзамен на сталасць

- 8:32Актуально, На парадку дня

Адкрыццё працоўнага семестра адбылося на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў гонар абаронцаў Магілёва “Буйніцкае поле”.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі паўтысячы прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны. Цэнтральнай падзеяй стала ўручэнне працоўных пуцёвак. Іх моладзі перадавалі ветэраны студатрадаўскага руху, кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, міністэрстваў і ведамстваў.

— Праз студатрады прайшлі тысячы юнакоў і дзяўчат. Яны атрымалі сур’ёзную працоўную і ідэйна-палітычную загартоўку, змаглі праверыць сябе, зарабіць першыя грошы, першыя мазалі. Студатрадаўскія традыцыі ў нашай краіне працягваюцца і развіваюцца. У мінулым годзе налічвалася 2,4 тысячы атрадаў і 35 тысяч удзельнікаў у іх складзе. Сёлета дадаткова бу­дуць створаны яшчэ 5 тысяч працоўных месцаў. Рукі моладзі патрэбны ўсюды: у сельскай гаспадарцы і на прамысловай вытворчасці, у будаўніцтве, на ніве адукацыі і аховы здароўя, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка.

Прывітальныя словы студэнцтву сказаў і міністр адукацыі краіны Андрэй Іванец:

— Сёння мы жывём у суверэннай дзяржаве. Беларусь з’яўляецца квітнеючай. У многім дзякуючы подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Менавіта таму ў Год гістарычнай памяці адкрыццё трэцяга працоўнага семестра праходзіць на такім легендарным і святым месцы — Буйніцкім полі. Студатрадаўскія гады — гэта не проста працоўныя будні. Гэта магчымасць завесці новыя знаёмствы, праявіць сябе, а таксама ўнесці ўклад у развіццё сваёй краіны.

Як паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, моладзь Пры­дняпроўскага краю заўсёды была ў авангардзе студ­атрадаўскага руху. Маладыя людзі добраўпарадкоўваюць месцы баявой славы, воінскія пахаванні, гарады і пасёлкі, аказваюць дапамогу будаўнічаму, сельскагаспадарчаму комплексу рэгіёна. 

— Пад сцягі студэнцкіх атрадаў устае мэтанакіраваная энергічная моладзь, якая любіць сваю краіну і верыць у яе будучыню, якая гатова паказаць свой патрыятызм і рашучасць прыйсці на дапамогу, — сказаў Анатоль Міхайлавіч.

Студэнты ўсклалі кветкі ля памятнай капліцы, наведалі музей К.Сіманава, экспазіцыі пад адкрытым небам, прысвечаныя вызваленню Магілёва і вёскі Буйнічы. Маладыя людзі ўстанавілі на тэрыторыі мемарыяла стылізаваную таблічку з QR-кодам у рамках праекта “Лічбавая зорка”. Традыцыйна байцы студатрадаў здалі нарматывы фізкультурна-спартыўнага комплексу “Змагайся! Імкніся! Перамагай!”.

У гэты дзень неаднара­зова падкрэслівалася, што экзамен працоўнага семестра — адзін з самых складаных, бо ён — на ста­ласць, працавітасць, адказнае стаўленне да справы. Дарэчы, у складзе 191 студэнцкага атрада зараз працаўладкаваны звыш 3 тысяч чалавек. Больш масава студатрады пачнуць працаваць з ліпеня, пасля здачы летняй экзаменацыйнай сесіі. Падчас промапраекта “Выбіраем студатрад!” заяўкі падалі больш за 17 тысяч маладых людзей. 

Прадстаўнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Ложачнік два гады добрасумленна працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы. Хлопец шчыраваў на ўзвядзенні жылых дамоў, раённай бальніцы, быў задзейнічаны і ў работах на атамнай станцыі.

— У студатрад прыйшоў з першага курса, як толькі паступіў ва ўніверсітэт. Для мяне гэта не толькі матэ­рыяльная цікавасць. Гэта яшчэ і новыя сябры, магчымасць адкрыць новыя якасці ў самім сабе і гордасць ад таго, што ўнёс свой уклад у рэалізацыю маштабнага рэспубліканскага праекта. Сёлета едзем на Усерасійскую маладзёжную будоўлю, — падзяліўся Вадзім.

— Мая першая цаліна прайшла на Кузбасе ў Кемераве, дзе мы будавалі культурны кластар. У гэтым го­дзе адпраўляемся ў Якуцію. Студ­атрад — гэта вялікі працоўны і камунікатыўны вопыт. А яшчэ — неверагодная атмасфера. Там атрымліваеш незабыўныя эмоцыі, якія запамінаеш назаўсёды, — запэўніў яшчэ адзін студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта Руслан Маржэўскі.

У сёлетнім працоўным семестры рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў БРСМ плануецца традыцыйна прыняць удзел ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі “Горад маладосці” ў Астраўцы, у маладзёжным вытворчым праекце “Атлант”. Таксама будуць і новыя праекты: будаўніцтва музея і рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, вытворчыя на МТЗ і МАЗ, педагагічная ініцыятыва “Важаты” на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўляльнага цэнтра “Зубраня”, будаўнічы праект “Пуцейцы” і сэрвісны “Дарога магчымасцей” на аб’ектах Беларускай чыгункі. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.