Экзамен на стрэсаўстойлівасць

- 12:37Адукацыйная прастора

У кожнай школе існуе свая сістэма псіхалагічнага суправаджэння навучэнцаў пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў прадметных алімпіядах. Алімпіяды — гэта адна з агульнапрызнаных форм работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Удзельнічаючы ў алімпіядах, такія дзеці аказваюцца ў асяроддзі сабе роўных.

Падрыхтоўка да алімпіяд — гэта сур’ёзны час і для навучэнцаў, і для педагогаў. Удзельнікам алімпіяды неабходна прыкласці ўсе намаганні для таго, каб выступіць належна. Для паспяховага ўдзелу ў алімпіядзе важныя не толькі глыбокія прадметныя веды, але і псіхалагічная гатоўнасць да ўдзелу ў ёй. Паколькі алімпіяда праводзіцца ў чатыры этапы (школьны, раённы, абласны і рэспубліканскі), неабходна разумець, што стаўленне да ўдзелу ў кожным этапе адрозніваецца. Калі старшакласнік даволі лёгка і спакойна прыходзіць на першы, школьны, этап, то кожны наступны даецца яму з большай цяжкасцю і хваляваннем. Для адораных старшакласнікаў уласціва ў цэлым абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці, якое ў напружанай сітуацыі толькі ўзмацняецца. Такім чынам, можна адзначыць, што з кожным новым этапам удзелу ў алімпіядзе ў старшакласнікаў павышаецца не толькі самаацэнка, але і ўзровень трывожнасці.

Што неабходна, каб дасягнуць высокіх вынікаў? Паспяховасць выступлення залежыць ад інтэлектуальнай, фізічнай, псіхалагічнай падрыхтоўкі старшакласнікаў.

У сітуацыі алімпіяд найбольш значнымі аказваюцца наступныя псіхалагічныя характарыстыкі навучэнца:

— высокі ўзровень самаарганізацыі;

— высокая і ўстойлівая працаздольнасць;

— высокі ўзровень канцэнтрацыі ўвагі, адвольнасці;

— дакладнасць, камбінаторнасць, нестандарт­насць мыслення;

— сфарміраванасць унутранага плана дзеянняў;

— сфарміраванасць навыкаў эмацыянальнай самарэгуляцыі;

— стрэсаўстойлівасць.

Пры псіхалагічным суправажэнні навучэнцаў па падрыхтоўцы да алімпіяды мы асноўваемся на наступных этапах:

  1. дыягнастычны;
  2. карэкцыйны;
  3. замацавальны (даванне рэкамендацый).

Этап 1. Дыягнастычная методыка “Стрэс-тэст”

Інструкцыя: вам неабходна прачытаць сцвяржэнні і выказаць ступень сваёй згоды з імі, выкарыстоўваючы наступную шкалу:

— “амаль ніколі” (1 бал);

— “рэдка” (2 балы);

— “часта” (3 балы);

— “амаль заўсёды” (4 балы).

  1. Мяне рэдка раздражняюць дробязі.
  2. Я нервуюся, калі прыходзіцца кагосьці чакаць.
  3. Калі я трапляю ў няёмкае становішча, то чырванею.
  4. Каля я злуюся, то магу каго-небудзь пакрыў­дзіць.
  5. Не пераношу крытыкі, выходжу з сябе.
  6. Калі ў транспарце мяне пхнуць, то адказваю тым жа ці гавару что-небудзь грубае.
  7. Увесь свой вольны час чым-небудзь заняты.
  8. На сустрэчу заўсёды прыходжу загадзя ці спазняюся.
  9. Не ўмею выслухоўваць, устаўляю рэплікі.
  10. У мяне дрэнна з апетытам.
  11. Часта непакоюся без усякай прычыны.
  12. Раніцамі адчуваю сябе дрэнна.
  13. Адчуваю сябе стомленым, дрэнна сплю, не магу адключыцца.
  14. І пасля працяглага сну не адчуваю сябе нармальна.
  15. Думаю, што сэрца ў мяне не ў парадку.
  16. У мяне бываюць болі ў спіне і шыі.
  17. Калі сяджу за сталом, барабаню пальцамі па стале і пакалыхваю нагой.
  18. Мару аб прызнанні, хачу, каб мяне хвалілі за тое, што я раблю.
  19. Думаю, што я магу лепш за многіх.
  20. Я не трымаюся дыеты.

Шкала ацэнкі:

30 балаў і менш. Вы жывяце спакойна і разумна, паспяваеце справіцца з праблемамі, якія ўзні­каюць. Вы не маеце ні фальшывага славалюбства, ні празмернай сціпласці. Вы часта бачыце сябе ў ружовым святле.

31—45 балаў. Ваша жыццё напоўнена дзейнасцю і напружаннем, пакутуеце ад стрэсу як у станоўчым сэнсе гэтага слова (у вас ёсць імкненне чаго-небудзь дасягаць), так і ў адмоўным. Як відаць, вы не зменіце ладу жыцця, але пакіньце крыху часу і для сябе.

46—60 балаў. Ваша жыццё — безупынная барацьба. Вы славалюбівы і марыце пра кар’еру. Для вас важнае меркаванне іншых, і гэта трымае вас у стане стрэсу. Калі будзеце працягваць у тым жа духу, то шмат дасягнеце, але наўрад ці гэта прынясе вам радасць. Пазбягайце лішніх спрэчак, уціхамірвайце свой гнеў, выкліканы дробязямі. Не спрабуйце дабівацца заўсёды максімальнага выніку. Час ад часу давайце сабе поўную перадышку.

61 бал і больш. Вы жывяце, як вадзіцель машыны, які адначасова цісне на газ і тормаз. Змяніце лад жыцця. Стрэс, да якога вы схільны, пагражае і здароўю, і вашай будучыні.

Этап 2. Заняткі для навучэнцаў 9—11 класаў “Псіхалагічная падрыхтоўка да алімпіяды”

  1. Прывітанне. Актуалізацыя атрыманых ведаў.
  2. Практыкаванне “Асацыяцыі”.

Асацыяцыі — гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі вы чуеце якое-небудзь слова ці бачыце які-небудзь прадмет. Пастарайцеся не задумвацца доўга, гаварыце першае, што прыходзіць у галаву. Такім чынам, з чым у кожнага з вас асацыіруецца слова “алімпіяда”?

Як адзначылі многія з вас, алімпіяда — гэта стрэс. Стрэс — гэта стан псіхічнага напружання, выкліканы цяжкай сітуацыяй.

З алімпіядай звязана вялікая колькасць адмоўных эмоцый. Яны выклікаюцца невядомасцю, псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека.

Прыметы стрэсу — гэта хранічная стомленасць, бяссонніца, павышаная патлівасць, болі рознага характару, павышаная ўзбудлівасць, агрэсіўнасць, раздражняльнасць з-за дробязей, немагчымасць засяродзіцца і інш.

Лёгкі стрэс (хваляванне перад алімпіядай, пацеюць далоні) дапамагае — падганяе і ўзмацняе канцэнтрацыю. Працяглае ж уздзеянне стрэсу прыводзіць да сур’ёзных наступстваў для здароўя (галаўныя болі, нервовы цік, хваробы страўніка і нават інфаркт).

Як можна прадухіліць стрэс? Якія спосабы вы ўжо выкарыстоўваеце, а над якімі трэба папрацаваць?

  1. Практыкаванне “Спосабы зняцця нервова-псіхічнага напружання”:

1) Скамячыць газету і выкінуць яе.

2) Спаборніцтва: сваё напружанне ўкласці ў комканне газетнага ліста, зрабіць гэты камяк як мага драбнейшым і закінуць далей.

3) Газету падраць на дробныя кавалкі, а потым выкінуць у сметніцу.

4) Замаляваць газетны разварот.

5) Гучна спець любімую песню.

6) Пакрычаць то гучна, то ціха.

7) Удыхнуць глыбока да 10 разоў.

8) Палічыць зубы языком з унутранага боку.

9) Зляпіць з газеты свой настрой.

 Як вы сябе адчуваеце? Ці развіталіся вы са сваім напружаннем? Адчуванні да і пасля практыкавання.

  1. Практыкаванне “Эксперымент”.

Тэхніка правядзення: кожнаму ўдзельніку раздаюцца карткі, на якіх напісаны тэксты з хаатычным на першы погляд наборам літар. Даецца заданне прачытаць тэкст.

Інструкцыя: вам неабходна за 30 секунд прачытаць тры паслядоўныя ўрыўкі:

ШАРЛЬПОДНЯЛЛЮСИНАСПИНУИСКАЗАЛОБХВАТИМОЮШЕЮ НоКАКТеперьВеРнутьсяНАЭстАКАДУКаКПЕРЕнестиЭТоГоСтрАшНОНаПУгаННоГоРеБЕНКаВБе ЗОПаСНОемЕсТО;наК ОнецП ОСЛЫШАЛ Ся Топ ОтБеГ УщиХ ног

Ці адразу вы справіліся з заданнем? Што спатрэбілася вам для яго хуткага выканання? У чым заключаецца, на ваш погляд, самавалоданне? Як развіць самавалоданне?

  1. Практыкаванне “Дамалюй і перадай”.

Інструкцыя: вазьміце ліст белай паперы і выберыце самы прыемны колер алоўка. Як толькі я плясну ў далоні, вы пачняце маляваць, што хочаце. Па воплеску перададзіце свой ліст разам з алоўкам суседу справа, той дамалёўвае. Потым я зноў пляскаю ў далоні — і ліст перадаецца далей па коле да таго часу, пакуль не вернецца назад да гаспадара. Можа, нехта хоча дапоўніць свой малюнак, а можа, змяніць штосьці ў ім ці намаляваць новы?

Ці спадабалася вам тое, што атрымалася? Падзяліцеся сваімі пачуццямі, настроем. Ці цяжка было падтрымаць тэму малюнка іншага чалавека?

Стан трывогі звычайна звязаны з мышачным напружаннем і з парушэннем дыхання. Часам для таго, каб дасягнуць спакою, дастаткова бывае расслабіцца. Такі спосаб барацьбы з трывогай называецца рэлаксацыяй. Можна праводзіць мышачную рэлаксацыю ці рэлаксацыю з дапамогай дыхання.

  1. Практыкаванне “Дыхальная рэлаксацыя”.

Інструкцыя: найбольш просты спосаб — гэта дыханне на лік. Прыміце зручнае становішча, заплюшчыце вочы і засяродзьцеся на дыханні. На чатыры лікі зрабіце ўдых, на чытыры лікі — выдых. Зрабіце 3—5 удыхаў-выдыхаў.

Як змяніўся ваш стан? Ці ўзніклі цяжкасці пры выкананні практыкавання?

  1. Заключэнне. Паспяховы заўсёды той чалавек, які ўпэўнены ў сваіх сілах, ведае свае моцныя бакі і якасці, чалавек, які ўмее кантраляваць і рэгуляваць свой эмацыянальны стан. Жадаю вам поспеху!

 

Этап 3. Акрамя гэтага, прадстаўляю шэраг рэкамендацый па пераадоленні трывогі і стрэсу перад алімпіядай.

Як справіцца з хваляваннем і трывогай?

Па-першае, неабходна пераканаць сябе, што лёгкае хваляванне перад экзаменам — гэта цалкам натуральны і нават неабходны стан. Ён мабілізуе, настройвае на інтэнсіўную разумовую работу.

Па-другое, варта навучыцца ніколі не думаць аб правале на алімпіядзе. Наадварот, трэба ў галаве маляваць сабе карціну ўпэўненага, дакладнага адказу, поўнай перамогі. Мы атрымліваем тое, пра што ўзмоцнена думаем, у літаральным сэнсе праграмуючы сябе на канчатковы вынік.

Па-трэцяе, калі вы адчулі, што вамі авалодвае паніка, неадкладна забараніце трывожным думкам засмечваць свядомасць. Скажыце самому сабе “стоп”. Гэтае слова павінна быць вымаўлена як каманда, пажадана — уголас. Пасля гэтага засяродзьцеся на сваім дыханні: зрабіце глыбокі ўдых — павольны выдых, глыбокі ўдых — павольны выдых. І так — некалькі разоў (тую ж тэхніку глыбокага і павольнага дыхання выкарыстоўвайце ў момант пачатку алімпіяды, калі вамі авалодвае нервовасць).

Па-чацвёртае, калі алімпіяда сапраўды прымушае вас адчуваць сябе нездаровым, не хавайце сваіх пачуццяў. Пагаварыце з кім-небудзь пра гэта. Калі вы схільны да такога стрэсу, вельмі важна памятаць, што вы не адзінокія. Вакол вас людзі, якія вам абавязкова дапамогуць. Гэта можа быць ваш сябар ці настаўнік, псіхолаг. Часам, каб пазбавіцца боязі, дастаткова па­дзяліцца ёй з сябрамі ці настаўнікам.

Прапаную хуткія спосабы супакоіцца, знізіць узровень трывожнасці перад алімпіядай.

“Перадышка”. Адкладзі ўбок усе праблемы, якія цябе непакояць. Ты зможаш вярнуцца да іх, калі захочаш. На працягу трох мінут дыхай павольна, спакойна і глыбока. Можна заплюшчыць вочы. Уяві, што, калі ты глыбока няспешна дыхаеш, усе твае турботы і непрыемнасці знікаюць. Пры ўдыху можаш паўтараць сабе: “Я пачынаю адчуваць сябе лепш”.

“Сховішча”. Уяві сабе, што ў цябе ёсць зручнае на­дзейнае месца, у якім ты можаш схавацца, калі пажадаеш. Гэтае месца неабавязкова павінна быць рэальна існуючым. Гэта можа быць шалаш у лесе, таямнічы замак, касмічны карабель… У думках апішы гэтае бяспечнае зручнае месца. Можаш намаляваць яго. Ты можаш там адпачываць, маляваць, слухаць музыку, размаўляць з сябрам.

“Сіла ўяўлення”. Уяві сваю праблему ў выглядзе лёскі, якая зачапілася ў вадзе за корч. Ты адрэзаў лёску — і праблема сплыла.

Настасся СМЫК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля, магістр псіхалагічных навук.