Экзітпол будуць праводзіць тры арганізацыі

- 16:45Выбары 2015

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка апытанне грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў (экзітпол) будуць праводзіць тры арганізацыі: інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”, а таксама інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”, паведамляе 8 кастрычніка БелТА.

Інстытут сацыялогіі НАН – адзіная ў Беларусі навуковая ўстанова, якая праводзіць комплекснае і сістэматычнае вывучэнне беларускага грамадства. Два разы ў год спецыялісты інстытута праводзяць маніторынг сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, выяўляючы найбольш праблемныя месцы ў развіцці грамадства, асноўныя тэндэнцыі ў палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах. Асабліва актуальныя вынікі такіх даследаванняў у перыяды важных грамадска-палітычных падзей.
Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў функцыянуе ў цесным супрацоўніцтве з Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ і інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна праводзіць сацыялагічныя даследаванні ў маладзёжнай сферы, а таксама падрыхтоўку аналітычнай інфармацыі па даследуемых праблемах.
Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр” – міжнародная некамерцыйная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Вене (Аўстрыя). “Еўразійскі барометр” уяўляе сабой сетку навукова-даследчых арганізацый і асобных даследчыкаў, якія працуюць больш як у 25 краінах. Асноўнай мэтай работы з’яўляецца маніторынг грамадскай думкі ў кантэксце палітычных, сацыяльных і эканамічных пераўтварэнняў у краінах посткамуністычнай Еўропы і постсавецкай Еўразіі. Геаграфічны мэтавы ахоп уключае ў сябе краіны Усходняй Еўропы (Беларусь, Украіна, Малдова, Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя), Балканы, Расійскую Федэрацыю, Каўказ (Арменія, Азербайджан, Грузія) і Цэнтральную Азію (Казахстан, Кыргызстан).