Экзоты з кобрынскай прапіскай

Вясна нарэшце парадавала нас цяплом, і зараз усе мы чакаем, калі зазелянее шэрая зямля, распусцяцца лісты, зацвітуць кветкі. Але тым, каму ўжо цяпер хочацца вясновых і нават летніх пейзажаў, прапаную завітаць у Кобрынскі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва. Тут чвэрць стагоддзя ствараюць сапраўдны трапічны сад педагог па прафесіі і аграном па адукацыі Людміла Рыгораўна Ільясюк і яе навучэнцы.

Прагулка па тропіках

Працуючы ў цэнтры амаль 30 гадоў, Людміла Рыгораўна цудоўна зарэкамендавала сябе ў розных кірунках. Спачатку кіравала заалагічным гуртком, з якога выраслі сённяшнія кобрынскія заолагі, потым вучыла дзяцей садаводству, дзе на практыцы ўвасабляла ўсё тое, чаму некалі вучыў яе падчас студэнцтва ў Латвіі вядомы садавод. Менавіта яна зрабіла некалі дрэва-сад: на адным падвоі алычы былі па два гатункі персіка і абрыкоса, гатункавая алыча і сліва. Мяркуючы па сённяшнім выглядзе ўчастка, паспяхова пад яе кіраўніцтвам працаваў гурток ландшафтнага дызайну. Але галоўнай справай яе жыцця стала пакаёвае кветкаводства. Раслінамі яна займалася заўсёды, і ў цяпліцы цэнтра ў яе заўсёды быў свой куток, дзе яна вырошчвала экзоты. Цяпер яна даглядае дзве цяпліцы.

Адна — вытворчая, дзе навучэнцы вырошчваюць на продаж ружы, калы, альстрэмерыю, гіпеаструмы і мноства іншых кветак. Там жа яны вырошчваюць адналетнікі, якімі азеляняюць дзіцячыя сады, упраўленне адукацыі, помнікі. Расаду кветак для клумб купляюць у іх гарадскія ўлады. Менавіта тут растуць кветкі для юных фларыстаў, якія склалі годную канкурэнцыю кветкавым магазінам. Многія ў горадзе ведаюць іх букеты і з ахвотай купляюць.

Карыстаецца попытам і іх экалагічна чыстая зеляніна: пятрушка, цыбуля. Цяпер падрастае расада новых гатункаў капусты, таматаў, кветак.

Але асноўнай для экалагічнага цэнтра стала другая цяпліца — аранжарэя, якая з’яўляецца новым домам для дзясяткаў раслін з розных краін свету — прадстаўнікоў тропікаў, субтропікаў, пустыні і паўпустыні. У ёй створаны дворык, пад пальмамі — дэкаратыўны вадаём, у якім жывуць жабкі. Летам кампанію ім складаюць карасікі. З вясны да восені ў аранжарэі кватаруюць птушкі, звіняць у справах пчолы і чмялі.

Пачынаючы экскурсію па сваім трапічным царстве, Людміла Рыгораўна расказвае: “Пачалося ўсё з грэйпфрута, ці пампельмуса гронкавага, які нехта пасеяў тут шмат гадоў назад. Ён не даваў пладоў, а толькі займаў у цяпліцы ажно 4 метры, таму мы вырашылі ад яго пазбавіцца. І калі нахіліліся, каб выкарчаваць, адчулі цытрусавы пах — знізу распусцілася першая кветка. У той год у нас было 5 невялічкіх пладоў, але радасці было мора. Усе плады мы падзялілі, пакаштавалі — яны аказаліся смачнымі. І тады мы абрэзалі расліну, падкармілі, і яна сапраўды пачала здзіўляць ураджаем: у самы ўраджайны год пладоў было 32, а самы вялікі з іх важыў 950 грамаў! Мы з дзецьмі кожны ўзважвалі, а самыя вялікія разыгралі ў латарэі. Сталі дзяліць расліну на чаранкі, раздаваць дзецям, іншым экалагічным цэнтрам і ўсім жадаючым.

Пампельмус натхніў нас на новыя эксперыменты. Гэта быў 90-ы год, і ў нашых магазінах пачалі з’яўляцца экзатычныя фрукты. Мы з дзецьмі іх куплялі, елі, а насенне і костачкі абавязкова сеялі тут. Прыносілі нам костачкі і гараджане. Так з’явіліся хурма, гранат. Знаёмая прывезла з Сочы насенне мушмулы японскай, якая нас цяпер кожны год радуе пладамі. З Крыма аматары экзотыкі прывезлі лаўр высакародны. Гэта першы, які ўдалося пакарыць, бо я, дзе б ні была, наразала чаранкі, але яны не прыжываліся. Потым з’явілася манстэра далікатэсная. Яе плады па смаку нагадваюць і ананас, і суніцу. Ківі мы таксама вырасцілі з насення. Расліна ахвотна цвіце, праўда, у нас няма месца для апыляльніка. Пакуль скупіцца на плады і аліва”.

Спыняе нас сваімі галінамі фейхоа. Расліна вельмі ахвотна цвіце, а вось летняя спякота стэрылізуе пылок, таму плады не завязваюцца. Мушмула японская цвіце ў кастрычніку, таму цяпер густа абвешалася плодзікамі — падобнымі на яблычкі, толькі больш сакавітымі, якія па смаку нагадваюць сліву. Пакуль яны зялёныя, але да канца красавіка паспеюць. Дзеці іх вельмі любяць і, паласаваўшыся, тут жа сеюць костачкі. Таму шмат усходаў.

Інжыр прыжыўся ўжо даўно. Цяпер з’явілася шмат розных гатункаў, і яны даюць столькі пладоў, што дзеці не паспяваюць іх з’ядаць. Прыходзіцца сушыць, каб не прападалі. А вось раўнадушных да бананаў дзяцей не знойдзеш. Хоць банан дае плады кожны год (летась, напрыклад, на трох парастках завязалася 6 гронак), але дзеці не даюць ім нават добра паспець — паспрабуй сабе адмовіць сарваць банан! Як толькі адпладаносілі, расліны прападаюць, даючы новыя адводкі. Старыя расліны дзеці пускаюць у справу — у дэкаратыўную творчасць.

Расце ў аранжарэі і мурая — цытрусавая расліна з белымі кветкамі, пах якіх нагадвае язмін. Па форме яе плады падобны на лімоны, і хоць яны нясмачныя, але, аказваецца, вельмі гаючыя. Бамбук прыехаў з Ялты кволым парасткам памерам з аловак, але за 9 гадоў ператварыўся ў зарасці. Цікавая расліна — анона чарымоя, якую прывезлі сюды з Іспаніі. Яе плод падобны на ананас, толькі з дзірачкамі. Распрастаў зялёныя галіны-рукі пад вясновымі промнямі госць з Кітая — унабі, яго яшчэ называюць кітайскі фінік, жажаба, ююба. Стараецца вырвацца на святло авакада, ці кракадзілава груша. Хутка яго плануюць амаладзіць, спіліўшы галоўнае сцябло (на ім будзе паілка для птушак, якія сюды наведваюцца летам).

Прыгажуні араўкарыі, ці елцы амазонскай, наканавана было толькі ўпрыгожыць навагоднія святы сына педагога. Калі елка стала прападаць, Людміла Георгіеўна прывезла яе ў цэнтр, дзе дрэву спадабалася. Хутка зацвіце махнатымі ружовымі кветкамі акацыя лютэранская. Ужо распускаецца ківі, набіраюцца сіл гібіскусы (ці мальва суданская) — ружовы і фіялетавы. Падрастаюць эўкаліпты, абганяюць адна адну пальмы, заваёўваюць новую тэрыторыю плюшчы — часцінка зарасцяў Палаца прывідаў парыжскага Дыснэйлэнда. Радуюць вока лаўравішня і падуб — таксама мігранткі з Еўропы.

Цяпліцы без цяпла

Аглядваючы трапічную гаспадарку, дзіву даешся: гэта ж якіх намаганняў каштавала яе стварыць! Прычым, гаворыць Людміла Рыгораўна, гэта не ўсё, што тут павінна было быць. Цяпліцы ўжо старыя, у шкляных дахах — шчыліны. Таму зімой тут холадна.

“Далёка не ўсе трапічныя расліны вытрымліваюць нашы спартанскія ўмовы, — дзеліцца сваім болем педагог. — Я вырасціла з насення папаю, ці дыннае дрэва, але ў нас грунт не праграваецца, таму ён прамёрз і дрэва загінула. Але я аддала ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства парасткі, дзе ў лепшых умовах яны цудоўна растуць, даюць плады. Нам адтуль перадавалі плады і насенне. Прапалі гранат, маракуя. Мы іх зноў садзім, спадзяючыся на цёплыя зімы. Сырасць загубіла і карамболу, кактус пітахаю. Манга ўжо было ладным дрэўцам з паўметра вышынёй, але таксама прапала. Была вялікая калекцыя сукулентаў, але дажджы нават праз шчыліны залілі іх, амаль усе расліны загінулі. Крыўдна, што ў нас база ёсць, але неабходных умоў няма. Мы ствараем цёплыя градкі, закладваючы ў грунт на гніенне арганіку, укрываем на зіму расліны спанбондам, у марозныя ночы вартаўнікі топяць печ-буржуйку, але пры дзіравым даху гэта нас не выратоўвае. Праўда, нам паабяцалі, што дах на аранжарэі перакрыюць. Гэтай надзеяй мы і жывём”.

Кветкавыя клопаты

Экзоты — гэта толькі дапаўненне да асноўнага кірунку — кветкаводства. Дзеці з задавальненнем асвойваюць кветкавую навуку: вырошчваюць, эксперыментуюць, ставяць доследы, стратыфікуюць. Цікава ім падбіраць шляхі размнажэння: укараняць чаранкі, сеяць насеннем, рабіць паветраныя адводкі. Таксама дзеці развіваюць вертыкальнае азеляненне, ствараючы жывыя карціны, асвойваюць бансай, робяць кокэдама — шары з моху, у якіх растуць кветкі.

Усе дзеці на дзень нараджэння атрымліваюць ад педагога падарунак — кветку ў вазоне. Большасць выхаванцаў — з сем’яў з невялікім даходам, найчасцей — з мнага-дзетных сем’яў. Напрыклад, трое дзяўчынак — з сям’і, у якой выхоўваюцца 12 дзяцей. Вельмі актыўныя гэтыя дзяўчаткі, стараюцца прымаць удзел у конкурсах. У мінулым годзе іх праект разарыя стаў адным з лепшых у краіне.

Перарываючы на хвілінку заняткі ў самых юных гурткоўцаў — 6-класнікаў, высвятляю, што ўсе яны ўжо добра ведаюць расліны, ведаюць і тое, якія з іх карысныя, якія — атрутныя, якія — лекавыя. Кацярыне Кірчук асабліва падабаецца назіраць за развіццём раслін. Самы загадкавы для яе бамбук, бо ў прыродзе ён за дзень можа вырасці да метра, праўда, у цяпліцы ён так бурна не расце. Ілья Паўловіч вырошчвае кветкі ў асноўным з мамай на ўчастку. Пакуль мама стварае кампазіцыі са сваіх любімых лілей, Ілья высявае адналетнікі. З усіх кветак хлопчык выдзяляе мезембрыянтэмум. І менавіта з ім хлопчык збіраецца паэксперыментаваць на сваіх клумбах. Мікіту Кузуба найбольш вабяць пакаёвыя расліны. Тое, што яго кватэра патанае ў кветках і зеляніне, — заслуга не толькі яго, але і мамы з татам. Прычым у гэтым трыа лідзіруе тата — ён разводзіць рыбак, і каб акварыумы больш удала ўпісваліся ў інтэр’ер, ён са сваімі памочнікамі падбірае расліны для фону.

Неяк юныя кветкаводы арганізавалі акцыю. У часопісе “Кветкі” размясцілі аб’яву: пералічылі ўсе свае кветкі (а іх у цэнтры вельмі шмат) і прапанавалі ўсім жадаючым атрымаць бясплатна насенне — дастаткова было толькі даслаць ім пусты канверт. Дзеці фасавалі насенне, падпісвалі, пісалі анатацыі па доглядзе раслін і высылалі іх па ўсёй краіне — усяго больш за 300 канвертаў. Нават была чарга ў дзяцей, каб несці на пошту стосы канвертаў. Асабліва прыемна было, калі прыходзілі водгукі, калі людзі тэлефанавалі і дзякавалі за падарунак. Улічваючы такую цікавасць сярод дарослых, у цэнтры ствараюць клуб кветкаводаў для дарослых.

“Сёння канкурыраваць з аб’яднаннямі па інтарэсах нам вельмі складана — гаворыць Людміла Рыгораўна. — У горадзе шмат аб’яднанняў па інтарэсах розных кірункаў: і спартыўнага, і тэхнічнага, і творчага, і інш. Наша сфера застаецца самай непрыгляднай для іх, бо праца на зямлі — самая цяжкая. А сучасная моладзь баіцца цяжкасцей. Але заўсёды сярод дзяцей знойдуцца тыя, хто на прапанову дапамагчы закласці новую клумбу ці рассадзіць кветкі будзе выкрыкваць: “А можна я?” І, не шкадуючы часу, сіл і манікюру, далучыцца да справы. Менавіта для такіх дзяцей мы і працуем”.

І, відавочна, працуюць у гэтым экалагічным цэнтры плённа, бо ён стаў другім домам амаль для тысячы навучэнцаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Кобрынскага РЭБЦДіЮ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *