Елачка, жыві!

На пацягу 2018 года выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання вучэбна-педагагічнага комплексу Асінаўшчызненскі яслі-сад — пачатковая школа Смаргонскага раёна працавалі над рэалізацыяй праекта “Лясная прыгажуня”. Выбралі елку аб’ектам даследчай работы таму, што гэтае дрэўца — дзіўны прыродны дар, які трэба берагчы.

Згадалі пра важнасць захавання іглічных дрэў, асабліва перад навагоднімі і каляднымі святамі, якія немагчымы без зялёнай прыгажуні.

Маленькія даследчыкі і іх бацькі арганізавалі выстаўку творчых работ “Елка сваімі рукамі”, стварылі зборнік экалагічных казак, загадак, сабралі пазнавальны матэрыял аб лясной прыгажуні і карысці, якую яна прыносіць. А для таго, каб навучыць і іншых гуманна ставіцца да елкі, арганізавалі акцыю “Елачка, жыві!”, да якой далучылі амаль усіх навучэнцаў установы, іх бацькоў і жыхароў аграгарадка Асінаўшчызна.

Спадзяёмся, што наша праца была плённая і хоць невялікая частка ялінак будзе працягваць расці і жыць у надыходзячым 2019 годзе.

Святлана ЦЫБОЎСКАЯ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі.