Электракрасоўкі, штучныя гены і БМВ

- 9:00Навука і інавацыі

Дзесяць сезонаў, дзесяць намінацый і дзесяць новых пераможцаў — у сераду ў Мінску завяршыўся гранд-фінал юбілейнага Рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” па выніках 2020 года і былі падведзены вынікі ўсіх 10 сезонаў. Сёлета за званне пераможцы змагаліся аўтары больш як 1200 праектаў. Арганізатарамі сёлетняга конкурсу выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

З аховай пра збожжавыя Анастасія Сулкоўская.

“Ідэйны”, юбілейны

Праект “100 ідэй для Беларусі” стартаваў у 2011 годзе па ініцыятыве БРСМ і адразу стаў візітоўкай гэтай маладзёжнай арганізацыі. За дзесяць сезонаў мала­дзёжныя ініцыятывы ахапілі розныя сферы жыццядзейнасці чалавека: інстытут сям’і і адукацыю, эканоміку і энергазберажэнне, інфармацыйныя, прамысловыя, авіякасмічныя тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыю, ахову здароўя, спорт і турызм, вырашэнне экалагічных праблем і многія іншыя. Сярод аўтарскіх маладзёжных распрацовак звяртаюць на сябе ўвагу звыштэхналагічныя прапановы, якія не маюць сусветных аналагаў у сферы медыцынскай дыягностыкі і тэрапіі, атрыманні арганічных угнаенняў і перапрацоўцы прамысловых адходаў, вытворчасці арыгінальных клеяў-расплаваў і будаўнічых матэрыялаў.

Пра тое, што ў Беларусі створаны ўсе магчымасці для развіцця творчай ініцыятывы моладзі, заявіў падчас цырымоніі адкрыцця фіналу, які праходзіў у сталічным Прэзідэнт-Атэлі, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. “Праект, які зарадзіўся 10 гадоў назад, стаў традыцыяй сучаснай Беларусі. Ён карыстаецца папулярнасцю і цікавасцю ў моладзі і з кожным годам набірае абароты, пра што сведчыць у тым ліку рост колькасці намінацый. Здорава, што ў праекце ўдзельнічаюць не толькі аспіранты, маладыя навукоўцы, студэнты, але і старшакласнікі, навучэнцы сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, — сказаў ганаровы госць і падкрэсліў, што гэты праект дазваляе выяўляць таленавітых маладых людзей  і немалаважная задача БРСМ — прасоўваць іх далей. “Будзем сачыць, як яны развіваюцца, як вучацца, — адзначыў ён, — але, напэўна, самае галоўнае — як рэалізуюцца тыя праекты, якія будуць сёння прадстаўлены”.

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка дадаў: “Калі ў цябе ёсць талент і жаданне, ты абавязкова рэалізуеш свае праекты. Спецыяльныя фонды прэзідэнта ўжо чвэрць стагоддзя падтрымліваюць таленавітую моладзь. Спецыяльныя стыпендыі назначаюцца і ва УВА, і ад прэзідэнта для таго, каб маладыя людзі маглі рэалізаваць свае распрацоўкі. Гэта вельмі важна для развіцця ўсіх сфер эканомікі — асабліва ў сферы атамнай энергетыкі, электратранспарту, біятэхналогій, фармацэўтыкі, медыцыны. За такімі распрацоўкамі будучыня і развіццё нашай краіны. І каму як не маладым людзям рухаць і ўкараняць іх”.

Ігар Петрышэнка, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь:“Вельмі важна, што тыя маладыя людзі, якія маюць талент вынаходніцтва, інавацыйных падыходаў, незалежна ад таго, дзе яны пражываюць, могуць рэалізаваць свае праекты і прадэманстраваць іх менавіта дзякуючы такому важнаму маладзёжнаму конкурсу, які крочыць па нашай краіне на працягу дзесяці гадоў. Магчыма, якраз з сённяшніх канкурсантаў вырастуць будучыя Соф’і Кавалеўскія, Міхаілы Высоцкія і Жарэсы Алфёравы, якія будуць прасоўваць нашу навуку, розныя свае ідэі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны. Менавіта тут павінна стварацца інавацыйнае камфортнае асяроддзе для рэалізацыі ідэй моладзі”.

Рэкі будуць пад наглядам Аляксандра Баранава з Віцебска.

Навігатар ідэй

У сёлетнім фінале ўдзельнічае сотня распрацовак таленавітай моладзі з усіх куткоў рэспублікі. Некаторыя з іх — толькі ідэі, а частка ўжо часткова рэалізавана. Яны былі прадстаўлены на выставе-прэзентацыі “Навігатар ідэй”, якая разгарнулася ў кангрэс-холе Прэзідэнт-Атэля.

Ідэі, як аказалася, вельмі разнапланавыя: ад тэхналогій аўтаномнага вырошчвання агародніны да стварэння штучных генаў, ад біятэхналогій па павышэнні ўраджайнасці раслін да тэхналогій барацьбы з ракам, ад карысных і смачных страў да “маладзільнай” касметыкі. Тут жа прадстаўлены калекцыі вясельных убораў, лялька “Дамавік Кузя” з убудаванымі мікракантролерамі, дзякуючы чаму цацка становіцца ахоўнікам дома ад розных небяспек, разумныя вуліцы і дамы, білет з дапоўненай рэальнасцю, экапосуд, красоўкі, якія выпрацоўваюць электрыч­насць, і інш.

Было прадстаўлена некалькі інклюзіўных праектаў. Сярод іх — “Сад без пера­шкод”, распрацаваны Уладзімірам Яскевічам, настаўнікам замежнай мовы Юрцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна. Аўтар прапануе стварыць абсталяваную пляцоўку з мабільнымі градкамі, парнікамі з вертыкальнай пасадкай раслін, дзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі будуць вучыць асновам прадпрымальніцтва ў сельскай гаспадарцы, пазнаёмяць з арганічным земляробствам. Праект прадугледжвае працоўную тэрапію людзей з інваліднасцю, іх прафесійную рэабілітацыю і ўдзел у эканамічным развіцці рэгіёна.

Стэнд з вытанчанымі вясельнымі сукенкамі сабраў для сэл­фі з дзесятак дзяўчат. Іх аўтар Аляксандра Барысенка, майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, расказала: “Мой праект заснаваны на тым, каб падтрымац­ь экалогію — сваю калекцыі я шыю толькі з натуральных тканін беларускай вытворчасці — у аснове лён, дэкарыраваны элементамі з бавоўны. Гэта адраджэнне нашых традыцый, бо нашы бабулі насілі якраз льняную вопратку. Праўда, яна выглядала не вельмі прэзентабельна. Я паспрабавала змяніць уяўленне пра гэту тканіну. Пашыла ўжо каля 40 убораў для жанчын і мужчын. У гэтай калекцыі вясельных убораў “Купалінка” ў мяне ўжо 9 жаночых сукенак і 2 мужчынскія касцюмы. Наступнай планую стварыць калекцыю спартыўнага адзення”.

Навучэнка Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа Настасся Жук знайшла незвычайнае прымяненне перапрацаванаму пластыку — прапанавала выкарыстоўваць яго ў дарожным будаўніцтве — для вытворчасці асфальту. Па словах аўтара, такі асфальт ужо выкарыстоўваюц­ь у ЗША, краінах Заходняй Еўропы, Канадзе і Індыі. Яго перавагі ў тым, што ён больш трывалы, устойлівы да машынных маслаў, супрацьлёдавых рэагентаў і перападаў тэмпературы ў дыяпазоне ад мінус 40 да плюс 80 градусаў.

А хлопцы з гэтага ж каледжа стварылі разумныя красоўкі, з дапамогай якіх можна падзара­дзіць га­джэт у працэсе хады або бегу.

“Сутнасць праекта ў наступным: вы выходзіце на прабежку ці проста перамяшчаецеся па горадзе і тым самым выпрацоўваеце электрычнасц­ь, якая назапашваецца ў акумулятары. Мікрасхема ўманціраваная ў падэшву красовак, партатыўная зарадная прылада мацуецца да абутку звонку, а гаджэт пры дапамозе адмысловага чахла фіксуецца на шчыкалатцы. Для поўнага зараду акумулятара дастаткова трох-чатырох гадзін пешай прагулкі. У будучыні збіраемся зрабіць так, каб зарадка займала менш часу, а яшчэ павялічыць ёмістасць акумулятара, — дзеліцца інфармацыяй аб вынаходцы Кірыл Канашкін. Аўтары спадзяюцца, што распрацоўка зной­дзе шырокае прымяненне ў аматараў турызму і адпачынку на прыродзе.

Трапілі ў дзясятачку!

Пераможцаў у фінале вызначылі ў дзвюх узроставых групах (навучэнцы і студэнты, працуючая моладзь) у 10 намінацыях.

У намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка” былі вызначаны ажно тры пераможцы. Сярод іх — урачы з Гомеля і Мінска Яўген Кавалёў, Сяргей Кірыленка і Андрэй Філюсцін. Яны распрацавалі дадатак для смартфона, які з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці дазваляе праецыравац­ь віртуальную трохвымерную мадэль на цела чалавека і выконвац­ь неабходныя хірургічныя ўмяшанні. Перамогу атрымала і Юлія Кухарчык, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Гро­дзенскага дзяржаўнага медыцынска­га ўніверсітэта, якая распрацавала метад медыцынскай прафілактыкі невыношвання цяжарнасці з гінекалагічнымі паталогіямі ў маладых жанчын. Завяршыла тройку лідараў Ганна Бандаровіч, 10-класніца сярэдняй школы № 111 Мінска. Хоць яна і не мае за плячыма медыцынскай адукацыі, але ж дзякуючы яе праекту са складанай назвай “Стварэнне мультыпараметрыйнага комплексу для сэнсарных секвенцый з мэтай актывізацыі міжпаўшарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей са спастычнай формай дзіцячага цэрэбральнага паралічу” навучэнцы яе школы атрымліваюць істотную дапамогу.

Дэманструючы магчымасці каляровых сталоў-трэнажораў, Ганна расказвае: “Гэта цэлы мультыпараметрыйны комплекс, якія складаецца з 4 сталоў, якія мы зрабілі сваімі рукамі з другаснага матэрыялу. Ён накіраваны на паляпшэнне рухавасці суставаў, карэкцыю рухальных дысфункцый рук, фарміраванне рухальных і міжпаўшарных, псіхаматорных і іншых сувязей. За гэтымі складанымі тэрмінамі хаваецца выпрацоўванне ў нашых равеснікаў элементарных уменняў абслугоўваць саміх сябе. Гэты комплекс ужо дзейнічае ў нашай школе на базе кабінета адаптыўнай фізкультуры, распрацаваны і методыкі работы. З 10 нашых навучэнцаў з ДЦП пасля курса заняткаў у 6 істотна палепшылася маторная і зрокава-тактыльная каардынацыя. Спадзяюся, што наперадзе яшчэ больш зрухаў, бо цяпер мы ствараем у школе яшчэ і кабінет эрга- і механатэрапіі для рэабілітацыі”.

Новы погляд на лён Аляксандры Барысенка з Магілёва.

Навучэнцы гэтай жа 111-й школы Максім Сувораў і Аляксандр Мяльгуй перамаг­лі ў намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі”. Яны стварылі “Адукацыйную платформу “БМВ” (беларуская мова вучням), якая дапаможа навучэнцам, студэнтам і ўсім прыхільнікам роднай мовы сістэматызаваць веды па беларускай марфалогіі, лексіцы, арфаграфіі. На іх платформе ёсць сем аўтарскіх мабільных дадаткаў, якія дапамагаюц­ь вывучыць мову з дапамогай дапоўненай рэальнасці. Раздзяліў са школьнікамі перамогу ў гэтай намінацыі навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Рыгор Нікалаеў з праектам “Стварэнне генератыўнай спаборнай нейроннай сеткі для распрацоўкі інгібітараў ВІЧ-1”. Яго праект уяўляе сабой камп’ютарную мадэль для канструявання патэнцыяльных лекавых прэпаратаў і іх тэсціравання. Распрацоўка дазволіць не толькі прадказваць з’яўленне новых перспектыўных лекавых прэпаратаў, але і значна скарачаць рэсурсы, час і фінансавыя ўкладанні на лячэнне.

У намінацыі “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія” не знайшлося роўных навукоўцам з акадэміі навук. Так, малодшы навуковы супрацоўнік аспірант Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Вераніка Шчур перамагла з праектам “Тэхналогія сінтэзу штучных генаў”, а вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Андрэй Суміч — з распрацоўкай “Новы падыход да атрымання мыйных сродкаў”.

Праект Веранікі Шчур уяўляе сабой распрацоўку айчыннай лабараторнай тэхналогіі сінтэзу сінтэтычных ДНК, якія адрозніваюцца канкурэнтаздольным на сусветным рынку коштам прадукту (ад 0.3 $), хуткасцю яго атрымання (2 тыдні) і дакладнасцю. Новы метад ПЦР-зборкі генаў з’яўляецца камбінацыяй двух вядомых сёння падыходаў, якая захавала моцныя бакі абодвух і пазбаўлена іх недахопаў. У аснове праекта Андрэя Суміча ляжыць новы падыход да атрымання сінтэтычных гіпаалергенных бесфасфатных мыйных сродкаў, заснаваны на “сухой” нейтралізацыі кіслот. Па словах аўтара, сыравінай могуць служыць адходы айчынных прад­прыемстваў, што дазволіць істотна знізіць сабекошт канчатковага прадукту пры захаванні яго якасных характарыстык на ў­зроўні еўрапейскіх аналагаў.

Іх калега, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Паліна Арлоўская стала адзінай пераможцай у намінацыі “Бія- і нанаіндустрыя” за створаны ёй “Біяпрэпарат “Мультыфаг-С” для абароны тамата ад бактэрыёзаў”, які з’яўляецца эфектыўным прафілактычным і тэрапеўтычным сродкам у агародніцтве.

Вераніка Шчур і яе тэхналогія сінтэзу штучных генаў.

У намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць” перамога таксама дасталася навукоўцам, дакладней, навуковаму супрацоўніку Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Алёне Станчык за праект “Гнуткія сонечныя элементы новага пакалення”. Перамогу з ёй падзяліў навучэнец Наваяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаў­скага раёна Аляксандр Баковіч з праектам “Сонечны канцэнтратар для вытворчасці цеплавой энергіі ва ўмовах замкнёнага водазабеспячэння”. Праект Аляксандра ўяўляе сабой комплекс, які можа паспяхова прымяняцца ў рыбных гаспадарках нашай краіны. Каб вырошчваць малькоў без страт і эканоміць электраэнергію, Аляксандр распрацаваў сонечны канцэнтратар, які ўяўляе сабой сам сонечны канцэнтратар, басейн з лічынкамі рыб, сажалку і рэзервуар для збору цёплай вады, якая выкарыстоўваецца ў нач­ны час.

У намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць” трыумфатарамі таксама сталі прадстаўнікі навукі і школы — малодшы навуковы су­працоўнік Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага НАН Беларусі з праектам “Дыяг­ностыка маркера схаванага туберкулёзу” (методыка можа служыць для вызначэння антыбіётыкаў, неабходных для прафілактыкі сухотнай інфекцыі або іншых выкліканых ёй захворванняў) і навучэнец сярэдняй школы № 8 Крычава Мацвей Туравец з праектам “Фрутсы, джэркі, пасціла — здаровая і карысная ежа”. Мацвей з сябрамі наладзіў у школе вытворчасць карысных перакусаў — цяпер яны на перапынках хрумста­юць не чыпсамі, а сушанымі ягадамі, садавіной, агароднінай, гатуюць іх міксы. Дапамагае ім у гэтым звычайная электрасушылка для фруктаў, а спонсарамі выступаюць іх бабулі, у якіх ёсць вялікія сады і гэткае ж жаданне частаваць сваіх унукаў вітамінамі.

А вось у намінацыі “Рацыя­нальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў” абедзве ўзнагароды пераможцаў адправіліся ў школы — Таццяне Сіняўскай, аўтару праекта “Птушыны дом”, і Кацярыне Зайцавай, аўтару праекта “ЭкаТ” — экалагічная, эканамічная і практычная!”.

Таццяна Сіняўская, дырэктар сярэдняй школы в.Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, стварыла на тэрыторыі закінутага кар’ера ў вёсцы рэкрэацыйную зону пад назвай “Птушыны дом”. У планах стварэнне прыроднага парку з веласіпеднымі, пешаходнымі дарожкамі і тэматычнымі зонамі, а таксама стварэнне на базе школы веластанцыі з антывандальнай сістэмай.

“Добраўпарадкоўваючы дадзеную тэрыторыю, вырашаем адразу некалькі задач: стварэнне зоны адпачынку для насельніцтва, папярэджванне забруджвання смеццем дадзенай тэрыторыі, а таксама павелічэнне біялагічнай разнастайнасці дзікіх птушак, якія жывуць у гэтай мясцовасці, і далучэнне падрастаючага пакалення да аховы прыроды праз стварэнне адукацыйнай экасцежкі”, — адзначыла аўтар.

Наталля Стаўпінская, кіраўнік праекта “100 ідэй для Беларусі”: “10-ы сезон маладзёжнага праекта практычна завершаны. Але мы падводзім вынікі не толькі 2020 года, а ўсіх 10 гадоў існавання праекта. Аналізуем, што атрымалася, на што неабходна звярнуц­ь большую ўвагу. За ўсю гісторыю “100 ідэй” арганізатарам паступіла больш за 15 тысяч заявак, і больш за 3 тысячы з іх рэалізаваны. Сярод іх — “Маладзёжны цэнтр “Гродна”, “Маладзёжны патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці”, “Ствол пажарны ручны ўніверсальны камбінаваны “Вікінг”, “Метад лячэння тэрмічных апёкаў у дзяцей шляхам прымянення лазернага апраменьвання крыві”, “Аўтобус прадказанняў”, “Навучальная пляцоўка віртуальнай рэальнасці”, “Студэнцкая майстэрня інавацый”, “Музей рэтра-камп’ютараў” і тысячы іншых”.

Сонечны канцэнтратар для рыб Аляксандра Баковіча з Гродзеншчыны.

Кацярына — навучэнка Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Яе праект дазваляе матываваць навучэнцаў яе школы на раздзельны збор смецця для яго далейшай перапрацоўкі: за кожны 21 кг макулатуры ўдзельнік праекта атрымлівае экалагічную сумку-шопер. Для запуску праекта навучэнцы школы сабралі макулатуру і на атрыманыя грошы закупілі тканіну, распрацавалі эскіз і фірменны прынт сумак.

У намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць” лепшымі з лепшых сталі навучэнец сталічнага Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Арцём Новікаў з распрацоўкай Novimatic Controller, якая будзе карысная для а­ўтаматызацыі на вытворчасці, і навучэнцы Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі з праектам “Шматфункцыянальная платформа, кіруемая аддалена “Арсі”.

“Нашай платформай можна кіраваць дыстанцыйна праз дадатак з любога пункта свету. Прылада складаецца з апаратна-праграмных модуляў прыёму і перадачы, відэакамеры, гусенічнага шасі, маніпулятара і пагрузчыка. Відэакамера дазваляе арганізаваць зваротную сувязь і візуальны кантроль. Мікрафон, усталяваны на прыладзе, дазваляе атрымлівац­ь інфармацыю аб наяўнасці людзей і жывёл. Створаны робат можа прымяняцца ў сферы разбору завалаў, у працы ў загазаваных і задымленых памяшканнях, у аграрнай прамысловасці, падчас работ  у зонах з высокім узроўнем радыяцыі, у складскіх памяшканнях і інш.”, — патлумачылі віцябляне.

У намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый” пераможцамі сталі навучэнец Віцебскага гарад­скога ЦТДіМ Аляксандр Баранаў з праектам Eco-Dark і курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь Міхаіл Рыжкоў з вогнетушыцелем Full Up. Міхаіл здзівіў экспертаў унікальнай канструкцыя­й вогнетушыцеля, якая на 70% павышае эфектыўнасць тушэння агню, а Аляксандр Баранаў — суднамі-“эколагамі”.

Ад няшчасцяў абароніць Дамавік Кузя.

“Мой праект уяўляе сабой распрацоўку радыёкіруемай мадэлі суд­наў. У праекце прадстаўлены мадэлі: Eco-Dark — для вывучэння відавой разнастайнасці птушак, лоўлі зоапланктону, мадэл­ь Ranger — для ратавання лю­дзей і ачышчэння вадаёмаў ад смецця. У працэсе распрацоўкі праекта была створана яшчэ адна мадэль падводнай лодкі Dark, прызначаная для экалагічнага кантролю пад вадой і наглядам за рыбамі. Усе мадэлі абсталяваны камерамі і могуць кіравацца аўтаномна пры дапамозе платы ArduCopter. Пры ручным кіраванні радыус дзеяння дасягае 3 км”, — патлумачыў Аляксандр Баранаў.

У намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера” перамогу святкавалі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Кацярына Ярмалюк і Эльнур Адзілаў з праектам “Бранзалет клопату”, а таксама студэнты Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вячаслаў Афанасьеў і Ілья Завадскі з праектам “Выкарыстанне Android-дадатку ў рамках інклюзіўнай адукацыі”, які дапаможа паўнацэнна вучыцца людзям з аслабленым зрокам.

“Наш “Бранзалет клопату” акажа своечасовую дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі  (якія перанеслі інсульт, пакутуюць ад цукровага дыябету, астмы, эпілепсіі, дэменцыі і іншых захворванняў). Бранзалеты дапамогуць прахожым ці медыцынскім работнікам вызначыць захворванне і зразумець, якую першую медыцынскую дапамогу можна аказаць чалавеку, якому стала дрэнна на вуліцы ці ў грамадскім транспарце. Дастаткова адсканіраваць штрых-код на яго бранзалеце — і стане вядома гісторыя яго хваробы, магчымыя алергічныя рэакцыі, супраць­паказанні, якія прэпараты прымае чалавек і інш.”, — патлумачылі Кацярына і Эльнур.

Вынікам фіналу стала намінаванне прэтэндэнтаў на гранты Беларускага інавацыйнага фонду, а 10 пераможцаў атрымалі ад фонду грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак на распрацоўку бізнес-планаў для далейшага ўдзелу ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Акрамя гэтага, навучэнцы школьнага ўзросту атрымаюць рэкамендацыі для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць профілю іх конкурснага праекта, яны атрымаюць пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай суме балаў.

Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк, гэты дзень праляцеў як адно імгненне. “Але яму папярэднічалі многія дні, месяцы і, магчыма, нават гады падрыхтоўкі. Упэўнены, што для кожнага з вас гэта гістарычная па­дзея. Нехта сёння набыў новых сяброў, нехта штосьці вельмі важнае для сябе пачарпнуў, нехта навучыўся нечаму новаму. Але самае галоўнае, разам мы пачынаем рэалізацыю многіх вельмі яркіх ідэй, — сказаў ён і падкрэсліў: “10 гадоў — гэта не кропка. Мы працягваем рухацца далей і развівац­ь наш праект “100 ідэй для Беларусі”, але толькі разам з вамі. Таму што мы адзіныя. А ў адзінстве наша сіла”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.