Электронная бібліятэка ўжо рэальнасць

- 11:41Рознае, Суразмоўца

На Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі ўскладзена задача выдання вучэбнай літаратуры для прафесійнай адукацыі, якую непасрэдна рэалізоўвае Цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання. Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадугледжана выданне штогод 70 найменняў вучэбнай літаратуры. Даведзены дзяржавай план выконваўся ўсе папярэднія гады. Будзе ён выкананы і сёлета. Што новага адбываецца ў кнігавыданні, якія напрамкі выдавецкай дзейнасці будуць рэалізоўвацца ў самы бліжэйшы час, ці з’явяцца новыя стымулы для напісання падручнікаў — аб усім гэтым нашым чытачам расказвае начальнік Цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання РІПА А.Я.САКАЛОВА.

— Сёння навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійнай адукацыі нашай краіны атрымлівае шырокае прызнанне і на міжнародным узроўні. Яскравым прыкладам гэтага стаў той факт, што 14 вучэбных выданняў беларускіх аўтараў, якія выйшлі ў свет у гэтым годзе, атрымалі грыф Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан.
— Узровень міжнароднага прызнання вучэбнага кнігавыдання Беларусі расце з кожным годам. Нашы калегі з іншых краін вельмі цікавяцца падручнікамі і дапаможнікамі, выдадзенымі РІПА. Асабліва мы адчуваем гэтае прызнанне з боку слухачоў курсаў у РІПА па павышэнні кваліфікацыі, якія прыязджаюць з Казахстана, Кыргызстана, Расійскай Федэрацыі. Усе яны прызнаюць, што такога дасканалага механізма кнігавыдання ў іх няма і вельмі зацікаўлены ў тым, каб выкарыстоўваць нашы падручнікі і дапаможнікі.
У час наведвання РІПА міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Д.В.Ліванаў даў высокую ацэнку напрацоўкам метадычнага суправаджэння прафесійнай адукацыі, распрацаваным інстытутам, куды ўвайшлі метадычныя рэкамендацыі, навуковыя даследаванні, вучэбная літаратура, электронныя рэсурсы. Міністр запрасіў прадставіць экспазіцыю нашых выданняў на VIII Міжнародным кангрэсе-выставе “Global Education — Адукацыя без межаў—2014”. Днямі гэты міжнародны форум быў праведзены і мы паспяхова прадставілі сваю выдавецкую дзейнасць.

— Безумоўна, папулярызацыі выдавецкай дзейнасці РІПА спрыяюць выставы і прэзентацыі, у якіх вы актыўна ўдзельнічаеце. Ніводнае значнае маштабнае мерапрыемства не праходзіць без удзелу вашага цэнтра.
— Нядаўна ў сталіцы Рэспублікі Казахстан Астане адбылося адкрыццё прадстаўніцтва базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У час гэтай падзеі, бадай, самае прыкметнае месца ў выставачнай экспазіцыі занялі напрацоўкі Беларусі ў комплексным метадычным забеспячэнні прадметаў прафесійнага кампанента, якое ўключае стварэнне аптымальнай сістэмы сродкаў нарматыўнага, вучэбна-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі і кантролю за якасцю прафесійнай падрыхтоўкі. Таксама было прадстаўлена навукова-метадычнае забеспячэнне выхаваўчай работы ў прафесійнай адукацыі па асноўных яе напрамках.
Увогуле, наш інстытут у рамках базавай арганізацыі прапануе адукацыйныя паслугі па павышэнні кампетэнтнасці работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі па комплексным метадычным забеспячэнні і арганізоўвае для сваіх слухачоў вучэбныя курсы, анлайн-кансультацыі, міні-трэнінгі.
Узгадаем і нядаўні III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, дэлегаты якога выказалі шмат слоў захаплення ў час прэзентацыі вучэбна-метадычных комплексаў з правядзеннем майстар-класаў, дзе былі прадстаўлены сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў падрыхтоўцы спецыялістаў. Так, у прыватнасці, у склад ВМК па машынабудаванні ўваходзяць вучэбная праграма па кіраванні, праграмаванні і наладцы аўтаматызаваных сістэм па апрацоўцы металу, віртуальная майстэрня, вучэбныя выданні па дысцыплінах прафесійнага кампанента, электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія змяшчаюць электронныя плакаты, мультымедыйныя інструкцыйныя карты, відэафільмы, тэсты. Акрамя гэтага вучэбна-метадычнага комплексу, удзельнікам педагагічнага форуму мы прадставілі элементы комплекснага метадычнага забеспячэння прафесійнай падрыхтоўкі дарослых у сферы будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і турыстычнай галіны.
Фішкай выставы на з’ездзе сталі 14 вучэбных выданняў беларускіх аўтараў з грыфам Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, якія мы ўжо ўзгадвалі.
Нашы распрацоўкі па вучэбна-метадычным забеспячэнні выклікалі цікавасць і ва ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі “Сучасныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, якая нядаўна прайшла ў Выбаргу Ленінградскай вобласці, а таксама на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі”, якая адкрылася днямі ў Мінску. Калегі з краін СНД былі ў захапленні ад нашых выданняў, ад зместу і якасці падручнікаў і дапаможнікаў, і мы пачулі словы ўдзячнасці ад выкладчыкаў і кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі іншых краін.

— Алена Яўгенаўна, калі мы ўжо закранулі тэму вучэбна-метадычных комплексаў, то хацелася б высветліць, наколькі актыўна вядзецца работа па іх стварэнні?
— Калі раней мы ставілі задачу выдаваць толькі вучэбны дапаможнік, то сёння мы дапаўняем ВМК выданнем рабочага сшытка, практыкуму, зборніка тэстаў і даведачнага дапаможніка. Такім чынам, мы пашыраем дыдактычны інструментарый для таго, каб весці ўрокі і забяспечваць якасць падрыхтоўкі. Напрыклад, вядомы аўтар падручнікаў па машынабудаванні В.С.Мычко, выкладчык Мінскага прафесійнага ліцэя № 3, стварыў дапаможнікі па такарнай, фрэзернай справе і тэхналагічных працэсах на станках з праграмным кіраваннем. Акрамя таго, гэтым выкладчыкам былі распрацаваны даведнікі фрэзероўшчыка, токара і выдадзены зборнік тэстаў. Калі браць іншыя галіны, то ўжо створаны ВМК па тэарэтычных асновах электратэхнікі, які складаецца з падручніка, зборніка задач і рабочага сшытка, а таксама па гандлёвым абсталяванні і па шэрагу іншых галін. Работа ў гэтым напрамку была б больш эфектыўнай пры наяўнасці аўтарскага складу, а калі яго няма, то цяжка рэалізоўваць гэты напрамак.

— Ужо даўно вядзецца размова, як стымуляваць нашых педагогаў да напісання падручнікаў і дапаможнікаў. У сферы прафесійнай адукацыі працуе шмат наватараў, творчых, ініцыятыўных людзей, але яны не спяшаюцца дзяліцца сваімі здабыткамі праз падручнік альбо дапаможнік.
— Пакуль новых стымулаў для актывізацыі аўтараў па напісанні вучэбнай літаратуры так і не з’явілася. Ёсць толькі адзіны новы аспект, які дазваляе ў час атэстацыі пры атрыманні вышэйшай катэгорыі, калі ў педагога ёсць выдадзены падручнік з грыфам Міністэрства адукацыі, не здаваць кваліфікацыйны экзамен. Але я лічу, што гэтай нормы, якая прапісана ў інструкцыі галіновага міністэрства “Аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі”, недастаткова. Як вядома, нашы педагогі з’яўляюцца аўтарамі вучэбнай літаратуры не толькі пад грыфам Міністэрства адукацыі, але і іншых навукова-метадычных арганізацый, у тым ліку РІПА і НІА. Таму было б мэтазгодна, калі б у гэтую інструкцыю ўнеслі папраўку, якая б дазволіла праходзіць атэстацыю на вышэйшую катэгорыю без экзамену і тым педагогам, якія з’яўляюцца аўтарамі вучэбных выданняў пад грыфам іншых навукова-метадычных арганізацый.

— Хацелася б прадставіць нашым чытачам некалькі новых выданняў, якія з’явіліся ў гэтым годзе.
— Сярод іх — вучэбны дапаможнік па гісторыі дзяржавы і права, аўтарам якога з’яўляецца прафесар БДУ Т.І.Доўнар. Выданне прызначана для навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Правазнаўства”. У вучэбным дапаможніку прадстаўлена гісторыя развіцця беларускай дзяржаўнасці, удзяляецца асаблівая ўвага органам улады і кіравання, судовым органам, прававому становішчу насельніцтва, характарыстыцы заканадаўства і найбольш значных помнікаў права.
В.С.Камлюк, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, і Д.В.Камлюк, інжынер ЗАТ “Гарызонт-Белінвест-Дэвэлапэр”, стварылі вучэбны дапаможнік па тэхналагічным абсталяванні для мікраэлектронікі для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Наладка тэхналагічнага абсталявання радыёэлектроннай вытворчасці” і для навучэнцаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Мікраэлектроніка”. У дапаможніку прадстаўлена абсталяванне паўправадніковай вытворчасці, у тым ліку і найноўшае. Там апісаны прынцыпы дзеяння, устройства абсталявання і яго асобных вузлоў. Зыходзячы з прызначэння, прыведзены асноўныя характарыстыкі і патрабаванні да абсталявання, а таксама разгледжаны пытанні наладкі, рэгулявання і рамонту тэхналагічнага абсталявання.
В.С.Мычко, выкладчык Мінскага прафесійнага ліцэя № 3, прадставіў вучэбны дапаможнік “Фрэзерная апрацоўка. Даведнік фрэзероўшчыка”, прызначаны для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”. У даведніку прыведзены звесткі аб металарэзных станках фрэзернай групы, матэрыялах, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, сродках і метадах вымярэння і кантролю. Апісаны тэхналогія і віды фрэзеравання, разгледжаны патрабаванні, якія прад’яўляюцца да дакладнасці апрацоўкі, прыстасаванняў, рэжучага інструменту. Выданне можа быць выкарыстана для прафесійнага навучання фрэзероўшчыкаў на вытворчасці.
Выкладчыкі з Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 9 М.Р.Луцковіч і Л.Б.Кірыенка прадставілі лабараторны практыкум па тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабільнага крана. Выданне прызначана для навучэнцаў па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя пад’ёмна-транспартных сродкаў”. Дапаможнік уключае 12 лабараторна-практычных заняткаў, пры выкананні якіх навучэнцы знаёмяцца з устройствам і эксплуатацыяй аўтамабільных кранаў, а таксама з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў да арганізацыі і тэхналогіі бяспечнай вытворчасці работ.
І.П.Бусел, дацэнт БДАТУ, з’яўляецца аўтарам вучэбнага дапаможніка па эканоміцы сельскай гаспадаркі для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. У выданні выкладзены асноўныя пытанні тэорыі і практыкі эканомікі сельскай гаспадаркі ва ўмовах фарміравання рыначных адносін. Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню эфектыўнасці выкарыстання зямельных і працоўных рэсурсаў, асноўнага і абаротнага капіталу, эканамічных інавацый, вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.
Дапаможнік можа быць карысны кіраўнікам і спецыялістам сярэдняга звяна, шырокаму колу работнікаў сельскай гаспадаркі.
Дырэктар ПТК РІПА В.М.Галубоўскі стаў аўтарам метадычных рэкамендацый па распрацоўцы і ўкараненні адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новай спецыяльнасці ў каледжы. Аўтар дакладна абгрунтаваў тэндэнцыі развіцця каледжаў у сучасных сацыяльна-эканамічных умовах, актуальнасць забеспячэння апераджальнай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новых спецыяльнасцях. У выданні прадстаўлены навуковыя, навукова-метадычныя, нарматыўныя матэрыялы і вопыт у галіне распрацоўкі структуры, зместу і рэсурснага забеспячэння адукацыйнай праграмы па новай спецыяльнасці, механізмы кіравання якасцю яе рэалізацыі.
Метадычныя рэкамендацыі прызначаны для кіраўнікоў і педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі, слухачоў інстытутаў і факультэтаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, якія займаюцца стварэннем, укараненнем, абагульненнем і распаўсюджваннем навукова-метадычнага і нарматыўнага забеспячэння апераджальнай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новых спецыяльнасцях.

— Як фарміруецца змест падручнікаў?
— Існуе шмат фактараў, якія ўплываюць на патрэбу перавыдаваць падручнікі альбо ствараць новыя. Раней мы выкарыстоўвалі такі метад, як апытанне сярод педагогаў, якія падручнікі ім патрэбны. А сёння дзейнічае створаная намі база даных, дзе адсочваецца, якія падручнікі і калі выдаваліся, і мы бачым, ці прыйшоў час іх абнаўляць. Абнаўленне перш-наперш залежыць ад змяненняў, якія адбываюцца ў той ці іншай галіне, па якой рыхтуюцца кадры, ад увядзення новых норм у нарматыўную прававую базу. На абнаўленне вучэбнай літаратуры ўплывае ініцыятыва і саміх педагогаў, якія маюць напрацоўкі і імкнуцца іх уключыць у новае выданне. Безумоўна, гэты факт істотна стымулюе развіццё аўтарства сярод педагогаў.

— Ці ёсць новыя падыходы ў распаўсюджванні вучэбнай літаратуры?
—Традыцыйна мы распаўсюджваем свае выданні праз навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі, якія фарміруюць заяўкі і дасылаюць да нас. Але мы шукаем новыя шляхі распаўсюджвання вучэбнай літаратуры, каб кожнае наша выданне было найбольш даступным для чытачоў. Мы сталі шмат працаваць з Белкнігай, найбуйнейшай у Беларусі сеткай кніжных магазінаў. Цяпер наша літаратура распаўсюджваецца праз іх у самых розных рэгіёнах Беларусі. Акрамя таго, нашы кнігі можна набыць у публічных бібліятэках. Усе нашы калегі з іншых краін могуць пазнаёміцца з выдавецкай дзейнасцю РІПА на нашым сайце і заказаць неабходную вучэбную літаратуру па электроннай пошце. Думаем, што ў распаўсюджванні вучэбнай літаратуры дапаможа электронная бібліятэчная сістэма, якую плануем стварыць у нашай краіне. Цяпер яна паспяхова працуе ў Расійскай Федэрацыі, і, прыемна адзначыць, многія нашы выданні ўнесены ў яе базу, сфарміраваную з выданняў вучэбнай, вучэбна-метадычнай і іншай літаратуры, якая выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.
Праект стварэння электроннай бібліятэчнай сістэмы ўжо быў прадстаўлены Еўрапейскай камісіі і ўключаны ў дарожную карту развіцця прафесійнай адукацыі.Таму рэалізацыя гэтага праекта, як кажуць, не за гарамі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.