Электронны адукацыйны кантэнт: не спазніцца і спрацаваць на апярэджанне

Пад старшынствам міністра адукацыі краіны С.А.Маскевіча прайшло пасяджэнне Савета па праблемах інфарматызацыі сістэмы адукацыі. На ім было разгледжана пытанне распрацоўкі электроннага адукацыйнага кантэнту.

Як адзначыў С.А.Маскевіч, праблема стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў павінна быць вырашана ў хуткім часе на самым сучасным узроўні. Вельмі важна скаардынаваць работу, якая праводзіцца падведамаснымі ўстановамі па распрацоўцы электроннага кантэнту, з улікам прапаноў, якія зыходзяць ад зацікаўленых кампаній. Доступ да гэтых рэсурсаў павінен быць у любы час сутак з дастаткова шырокага набору тэхнічных прылад.
Стварэнне электронных адукацыйных рэсурсаў ажыццяўляецца ў краіне ў межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў для дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, вышэйшай педагагічнай і дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў” (“Электронныя адукацыйныя рэсурсы”) і падпраграмы “Электроннае навучанне і развіццё чалавечага капіталу” Нацыянальнай праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011—2015 гады.

Па словах начальніка навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Алега Еўдакімавіча Лісейчыкава, праграма “Электронныя адукацыйныя рэсурсы” разлічана на тры гады. Яе мэтай з’яўляецца тэарэтычнае абгрунтаванне і распрацоўка даведачна-інфармацыйных, кантрольна-дыягнастычных і інтэрактыўных модуляў.
Вынікам работы НІА за мінулы год стала распрацоўка тэарэтычных асноў адбору і структуравання даведачна-інфармацыйных модуляў электронных вучэбна-метадычных комплексаў; стварэнне структураваных пералікаў інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў для ўсіх узроўняў адукацыі, па вучэбных прадметах і адукацыйных галінах, па асобных спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі; распрацоўка даведачна-інфармацыйных модуляў і макетных узораў у комплексе з метадычнымі рэкамендацыямі па іх прымяненні (электронныя гласарыі, наборы мультымедыйных рэсурсаў, вучэбныя базы даных, вучэбныя прэзентацыі, алгарытмы прадстаўлення вучэбнага матэрыялу, камплекты вучэбных элементаў, слоўнікі-даведнікі, электронныя хрэстаматыі і інш). Усяго ў межах праграмы падрыхтаваны 332 прадукты, з іх даведачна-інфармацыйных -модуляў — 192.
У 2013 годзе прадугледжваецца распрацоўка кантрольна-дыягнастычных модуляў электронных вучэбна-метадычных комплексаў, у склад якіх уваходзяць тэсціруючыя сістэмы для ўваходнага, перыядычнага і выніковага кантролю вучэбных дасягненняў навучэнцаў, розныя віды рознаўзроўневых навучальных і трэніровачных тэстаў, электронныя трэнажоры і заданні, электронныя практыкумы і інш. Трэці год рэалізацыі праграмы прадугледжвае распрацоўку інтэрактыўных модуляў: камплектаў практыкаванняў і навучальных заданняў, інтэрактыўных камп’ютарных мадэляў рознага прызначэння, інтэрактыўных вучэбных дапаможнікаў, заданняў, віртуальных вучэбных лабараторый, дыдактычных камп’ютарных гульняў.

Створаныя інстытутам макетныя ўзоры даведачна-інфармацыйных модуляў зараз размешчаны на інфармацыйна-адукацыйным партале Нацыянальнага інстытута адукацыі для доступу распрацоўшчыкаў на платформе Мoodle.
Як адзначыў А.Е.Лісейчыкаў, платформа Мoodle пазіцыянуецца як сістэма дыстанцыйнага навучання, сістэма кіравання навучаннем. Яна свабодна распаўсюджваецца, выкарыстоўваецца больш чым у 200 краінах свету, забяспечвае інтэрактыўнасць, сумяшчальнасць і можа інтэгравацца ў іншыя сістэмы, дазваляе рэалізаваць розныя тэсціруючыя праграмы. На думку А.Е.Лісейчыкава, асноўныя магчымасці сістэмы Мoodle забяспечаць функцыянаванне воблачнай адукацыйнай прасторы для мабільнага доступу ўсіх зацікаўленых, якія валодаюць персанальнымі электроннымі прыладамі.

 Фота з сайта www.edu54.ru“З пазіцыі навучэнцаў электронныя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў гэтай сістэме, могуць быць выкарыстаны ва ўмовах самастойнай работы над дамашнім заданнем, пры ажыццяўленні праектнай дзейнасці, пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання, для задавальнення пазнавальных інтарэсаў, непасрэдна ў працэсе навучання. Педагогамі электронныя адукацыйныя рэсурсы могуць прымяняцца для ажыццяўлення многіх відаў метадычнай падрыхтоўкі да ўрокаў, конкурсаў, канферэнцый, як механізм для рэалізацыі творчых задумак і метадычнага ўзаемадзеяння ва ўмовах адкрытай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы; як сродак для мэтанакіраванага развіцця ў навучэнцаў самастойнасці, інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці”, — лічыць А.Е. Лісейчыкаў.

Супрацоўнікі НІА прадставілі некалькі распрацаваных электронных адукацыйных прадуктаў па асобных прадметах. Так, даведачна-інфармацыйныя модулі па беларускай мове з 5 па 11 клас прадстаўлены ў выглядзе даведнікаў, якія складаюцца з 6—8 кампанентаў. Напрыклад, “Слоўнік моўных і маўленчых тэрмінаў”, які па тыпе гіперспасылак дзейнічае па ўсім курсе беларускай мовы, змяшчае тэарэтычны матэрыял, структураваны па тэмах і раздзелах школьнага курса вучэбнай праграмы, дапаможныя рэсурсы, такія як моўныя разборы (іх 23 па ўсім курсе беларускай мовы), табліцы, схемы і мультымедыйныя прэзентацыі. Даведачна-інфармацыйны матэрыял па матэматыцы прызначаецца як для настаўніка, так і для навучэнца. Кожны модуль змяшчае гласарый, тэарэтычны матэрыял, які разбіты па змястоўных лініях праграмы школьнага курса, сістэматызуючыя аўтарскія табліцы, аўтарскія прэзентацыі, відэаўрокі.
На думку А.Е.Лісейчыкава, неабходна паэтапна ажыццяўляць укараненне распрацаваных прадуктаў праз апрабацыю: прыцягнуць асобныя ўстановы адукацыі, навучыць педагогаў. А для гэтага задзейнічаць рэсурсы сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.
А.Е.Лісейчыкаў акрэсліў і шэраг праблем, якія ўзнікаюць і могуць узнікнуць пры распрацоўцы электроннага адукацыйнага кантэнту. Па-першае, наяўнасць варыятыўных падыходаў да структуры даведачна-інфармацыйных модуляў, па-другое, асобныя віды кампанентаў распрацаваных прадуктаў створаны з парушэннямі агульных і дызайн-эрганамічных норм: інфармацыйная перагружанасць файлаў дыдактычнымі адзінкамі без гіперспасылак на іншыя крыніцы; залішнія гіперспасылкі; магчымыя парушэнні норм заканадаўства аб аўтарскім праве, асабліва ў частцы выкарыстання музычна-мастацкіх твораў, капіраванне матэрыялаў без захавання крыніц і г.д.

ЭСН патрабуюць дапрацоўкі, карэкціроўкі аўтарамі разам са спецыялістамі ў галіне праектавання электронных сродкаў навучання. Неабходна ўдакладніць і аднавіць наменклатуру крытэрыяў і паказчыкаў экспертызы электронных вучэбных выданняў, якая размяшчаецца ў інфармацыйных рэсурсах адкрытага тыпу.
Пры ажыццяўленні доступу ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу да электроннага кантэнту могуць узнікнуць праблемы тэхнічнага характару, а таксама праблемы захавання кантэнту, у тым ліку адміністравання і суправаджэння функцыянавання самой сістэмы дыстанцыйнага навучання. На думку А.Е.Лісейчыкава, важна забяспечыць магчымасць выкарыстання створанага электроннага кантэнту без выхаду ў інтэрнэт, каб кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу змог карыстацца ім на індывідуальных электронных прыладах. У метадычных рэкамендацыях павінны быць выкладзены мадэлі выкарыстання ЭСН навучэнцамі, педагогамі, пытанні тэхніка-тэхналагічнага характару.
На пасяджэнні савета была выказана думка наконт стварэння адкрытага доступу да электронных адукацыйных рэсурсаў, магчымасці іх змяняць, дапаўняць, карэкціраваць, абменьвацца вопытам.
На думку міністра адукацыі, трэба размяжоўваць дзве розныя рэчы. Стварэнне карпаратыўнай сеткі і сеткавае ўзаемадзеянне, абмен інфармацыяй, публікацыямі — гэта адно, зусім іншая справа — воблака інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў, доступ да якіх павінен быць дакладна кіруемым і магчымасць умешвацца туды павінна быць абмежаванай.

фота з сайта www.eor-np.ruПрарэктар БДПУ імя Максіма Танка В.М.Зелянкевіч расказаў прысутным аб распрацоўцы мультымедыйных электронных вучэбна-метадычных комплексаў для выкарыстання ў карэкцыйна-адукацыйным працэсе асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што выконваліся ў межах падпраграмы “Электроннае навучанне і развіццё чалавечага капіталу”. На працягу 2011—2015 гадоў павінна быць распрацавана 19 МЭВМК у падтрымку такіх прадметаў, як “Інфарматыка”, “Чалавек і свет”, “Геаграфія”, “Біялогія”, “Сусветная гісторыя”. У 2011—2012 годзе створаны 4 вучэбна-метадычныя комплексы па інфарматыцы для 6—9 класаў. Яны ўключаюць тыпавую вучэбную праграму, метадычныя рэкамендацыі, тэарэтычны курс (папяровы падручнік у электронным выглядзе), мультымедыйны падручнік — камплект відэаўрокаў, рознаўзроўневых тэстаў, відэа- і аўдыяматэрыялаў; дадатковыя матэрыялы. У кантралюючым блоку распрацавана каля 270 рознаўзроўневых тэстаў, 83 трэніровачныя тэсты, крыжаванкі і так званыя трэнажоры. Электронныя комплексы маюць спецыяльныя магчымасці па забеспячэнні камфортнай работы карыстальніка: агучванне тэкставых файлаў, аптымізацыя выявы на экране.
Начальнік цэнтра інфармацыйных тэхналогій Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Н.І.Патапенка прадставіла электронныя адукацыйныя рэсурсы для прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На працягу 2011—2015 гадоў павінны быць створаны 34 ЭАР. У 2011—2012 гадах распрацавана 6 электронных адукацыйных рэсурсаў. Сярод іх — інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-сайт па нанатэхналогіях і нанаматэрыялах, у супрацоўніцтве з кампаніямі “Медыум” і “ІНІС-СОФТ” былі распрацаваны электронны сродак навучання “Грамадскае харчаванне”, інтэрактыўны наглядны дапаможнік “Такарная апрацоўка. Даведнік токара”, камплект інтэрактыўных плакатаў па спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях” і інтэрактыўны наглядны дапаможнік “Асновы прамысловай электронікі”. Гэтыя прадукты былі адабраны зыходзячы з масавасці ўстаноў адукацыі.
Пры распрацоўцы кантэнту пад увагу браліся такія прынцыпы, як візуалізацыя, інтэрактыўнасць, мадэлінг, свабодная траекторыя, гэта значыць, аўтарамі ставіліся наступныя задачы: як адлюстраваць тое, што нельга ўявіць у рэальнасці; як навучыцца правільна і бяспечна працаваць са складанымі тэхнічнымі аб’ектамі; як фарміраваць першасныя ўменні, эканомячы матэрыялы і абсталяванне, якое дорага каштуе, і інш.
Ужо вызначаны навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі, дзе да канца чэрвеня павінна прайсці апрабацыя прадуктаў. Плануецца, што з 1 верасня пачнецца работа ва ўсіх астатніх установах адукацыі, дзе гэтыя прадукты будуць запатрабаваны.
Як адзначалася, на працягу пяці апошніх гадоў фарміруецца рэспубліканскі банк ЭСН прафесійнага прызначэння. Ён размяшчаецца на рэспубліканскім партале “Прафесійная адукацыя”. На сёння банк уключае 112 электронных сродкаў навучання.

Была ўнесена прапанова прыцягваць да стварэння нацыянальных электронных адукацыйных рэсурсаў усе зацікаўленыя арганізацыі. Магчыма, нават аб’яднаць іх намаганні з НІА. Па меркаванні начальніка цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі А.А.Мініч, НІА выступае як распрацоўшчык тэхналогій прад’яўлення інфармацыі, а вось да візуалізацыі гэтай інфармацыі або інтэрактыву варта прыцягнуць настаўнікаў і арганізацыі, якія згодны супрацоўнічаць. Тады банк даных электронных адукацыйных рэсурсаў будзе папаўняцца намнога хутчэй.
На пасяджэнні адзначалася, што большую ўвагу варта звяртаць на аўтарскія распрацоўкі педагогаў-практыкаў, у тым ліку і прадстаўленыя на конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Многія з гэтых ЭАР пры адпаведнай дапрацоўцы могуць быць накіраваны ў масавыя школы. Нядрэнна было б пераняць механізм камерцыялізацыі праектаў, які дзейнічае ў РІПА. На падставе ліцэнзійных дамоўленасцей купляецца ініцыятыўная распрацоўка, даводзіцца да ўзроўню продажу, праходзіць экспертны савет і тыражуецца.
На думку першага намесніка міністра адукацыі А.І.Жука, каб спрацаваць у апераджальным рэжыме, каб электронныя адукацыйныя рэсурсы прыходзілі ў школы своечасова, а не са спазненнем, неабходна перагледзець перадавы замежны вопыт (Сінгапура, Паўднёвай Карэі і інш.). Не вынаходзіць яшчэ раз веласіпед, а, магчыма, пераступіўшы праз некаторыя этапы, прыйсці да стварэння новага пакалення адукацыйных рэсурсаў.
Па выніках пасяджэння савета па інфарматызацыі была прынята пастанова: дапрацаваць створаныя макетныя ўзоры даведачна-інфармацыйных модуляў электронных вучэбна-метадычных комплексаў у адпаведнасці з патрабаваннямі, арганізаваць апрабацыю распрацаваных макетных узораў. Акрамя таго, НІА і ГІАЦ даручана распрацаваць рэкамендацыі па арганізацыйна-педагагічным і тэхнічным суправаджэнні адукацыйнага партала, які функцыянуе на аснове Мoodle, а таксама комплекс мер па многаплатформенным прадстаўленні электроннага адукацыйнага кантэнту і забеспячэнні доступу да яго ўстаноў адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

kaliadich@ng-press.by

Фота аўтара.