Электронны каледж — сістэма адукацыі будучыні

- 10:20Адукацыйная прастора

З кожным днём роля лічбавых тэхналогій становіцца ўсё больш уплывовай і відавочнай. Лічбавая трансфармацыя закранае розныя сферы дзейнасці, у тым ліку сістэму адукацыі. Працэс навучання сёння немагчыма ўявіць без выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій, укаранення электронных сродкаў у працэс кіравання навучальнай установай. Для таго каб працэс лічбавізацыі адукацыйнай галіны праходзіў паўнавартасна і эфектыўна, недастаткова ўкаранення толькі самой лічбавай тэхналогіі. Для гэтага неабходна падрыхтаваць адпаведных спецыялістаў. У нашай краіне распрацавана і ўкаранёна Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі на 2019—2025 гады, якая ахоплівае практычна ўсе ўзроўні адукацыі і накіравана на ўкараненне новых лічбавых адукацыйных тэхналогій. Таксама ідзе распрацоўка канцэпцыі аўтаматызаванай сістэмы кіравання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яркім прыкладам гэтых пераўтварэнняў з’яўляецца праект “Электронны каледж”, у якім закладзена база рэалізацыі лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі.

Вольга Міхайлаўна Бялоцкая, начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, адзначыла, што сёння адукацыйны працэс ажыццяўляецца з выкарыстаннем мабільных дадаткаў, штучнага інтэлекту, тэхналогій вялікіх баз даных, дапоўненай рэальнасці (тэхналогіяй, якая дазваляе сумяшчаць віртуальную рэальнасць з фізічным асяроддзем, а таксама ў рэальным часе дакранацца да свету 3D), іншых ІТ-распрацовак. Пры гэтым важна разумець, што ўкараненне сучасных навукова-тэхнічных дасягненняў у адукацыйную галіну не з’яўляецца самамэтай. У пытаннях лічбавізацыі важна гарманічна спалучаць як традыцыйныя, так і інавацыйныя падыходы ў фарміраванні ўсебакова развітой асобы і падрыхтоўцы менавіта тых спецыялістаў, якія будуць здольнымі працаваць у сферы інфармацыйных тэхналогій. Разам з Канцэпцыяй лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі сёння ў рамках еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” ідзе распрацоўка канцэпцыі аўтаматызаванай сістэмы кіравання працэсамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая дазваляе ажыццяўляць збор і аналіз інфармацыі і такім чынам вызначаць асноў­ныя паказчыкі, індыкатары развіцця ўстаноў адукацыі.

База ажыццяўлення лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі ў рамках праекта  “Электронны каледж” уключае мадэрнізацыю інфраструктуры сістэмы адукацыі, укараненне ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама аптымізацыю і лічбоўку з дапамогай праграмных сродкаў усіх іншых працэсаў, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі і якія рэалізуюцца на аснове прыняцця тэхнічных, праграмных, метадычных і нарматыўных рашэнняў. В.М.Бялоцкая падкрэсліла, што “Электронны каледж” — гэта сістэма адукацыі будучыні, якая дазваляе выкарыстоўваць усе перавагі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Сэрвісы такога каледжа мабільныя і даступныя ў анлайн-рэжыме кожнаму педагогу, навучэнцу і бацькам.

 — Дзе б вы ні знаходзіліся — дома, у дарозе, у камандзіроўцы, на адпачынку — вы зможаце скарыстацца любым з гэтых рэсурсаў, — паведаміла Вольга Міхайлаўна. — Замест папяровых дзённікаў у электронным варыянце з га­джэта ў анлайн-рэжыме мы зможам даведвацца пра поспехі навучэнцаў, якое дамашняе заданне ім зададзена, чытаць каментарыі педагогаў, адсочваць наведванні школьнікаў.

Пытанне комплекснай аўтаматызацыі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — адно з самых важных. Знайсці праграмны прадукт, які дазволіў бы стварыць адзінае асяроддзе і весці маніторынг, аналіз і кіраванне ў адной сістэме, — не самая простая задача. Якраз “Электронны каледж” стварае адзіную інфармацыйную прастору для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Ён дазваляе ахапіць усе ўзроўні кіравання навучальнай установай, куды ўваходзяць кабінет дырэктара, прыёмная камісія, аддзяленні ўстановы, вучэбная частка, метадычная і выхаваўчая работа, вытворчае навучанне, адміністрацыйна-гаспадарчая дзейнасць. Такім чынам, ні адзін з узроўняў кіравання не застанецца без увагі. Адбываецца  гарантаванае забеспячэнне адзінага рабочага асяроддзя не толькі для выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў навучальнай установы, але і для навучэнцаў і іх бацькоў, і тым самым павялічваецца празрыстасць адукацыйнага працэсу.

Выкарыстанне дадзенага праграмнага рашэння дасць магчымасць весці маніторынг навучання, адсочваць размеркаванне нагрузкі і метадычную работу педагогаў пры дапамозе неабходнага інструментарыю, куды ўваходзіць праверка вучэбных планаў на адпаведнасць сучасным адукацыйным стандартам; кіраванне нагрузкай з магчымасцю падрыхтоўкі аператыўнай справаздачы па прадукцыйнасці працы выкладчыка, пераразмеркаванне нагрузкі; складанне раскладу з улікам вольнага часу выкладчыкаў і занятасці аўдыторый; планаванне мерапрыемстваў, звязаных з выхаваўчай работай і працаўладкаваннем выпускнікоў.

У перспектыве ў праекце “Электронны каледж” будуць рэалізаваны новыя кампаненты, якія накіраваны на стварэнне ва ўстанове спецыяльнай лабараторыі для развіцця навукова-тэхнічнай творчасці моладзі і праграмнага вучэбна-кантралюючага комплексу для дыстанцыйнага навучання і ўкаранення сістэмы “электроннай бібліятэкі”. Будзе арганізавана метадычнае суправаджэнне адміністрацыі і педагогаў па павышэнні ІКТ-кампетэнцый пры ўжыванні сучаснага абсталявання і спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Таксама будуць арганізаваны пляцоўкі па трансляцыі і прэзентацыі вопыту IT-спецыялістаў (майстар-класы, спецыяльныя вучэбныя курсы, семінары, праведзеныя сумесна з экспертамі еўрапейскага праекта). Такім чынам, праект “Электронны каледж” з’яўляецца для ўсіх устаноў прафесійнай адукацыі базіснай асновай развіцця комплексных сістэм аўтаматызацыі вучэбных і кіраўнічых працэсаў у сучаснай адукацыйнай установе. Сёння ва ўстановах прафесійнай адукацыі праводзіцца бізнес-аналіз усіх працэсаў і іх улік.

У сферы вучэбнага кнігавыдання таксама актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі. Работу па выпуску вучэбнай літаратуры для сі­стэмы прафесійнай адукацыі на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў ажыццяўляе цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які штогод выдае больш за 70 вучэбных дапаможнікаў для навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Начальнік гэтага цэнтра А.Я.Сакалова паведаміла, што сёння для электроннага навучання прапануецца мноства інтэрнэт-рэсурсаў, якія знаходзяцца ў свабодным доступе, а таксама платных. Аднак задача па забеспячэнні адукацыйнага працэсу якаснай вучэбнай літаратурай не страчвае сваёй актуальнасці. Над яе стварэннем працуюць калектывы, у склад якіх уваходзяць прафесіяналы сваёй справы. Аўтарамі вучэбнай літаратуры для прафесійнай адукацыі выступаюць  выкладчыкі ўстаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі, якія маюць высокі навукова-практычны і творчы ўзровень. Калектыў выдавецтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі актыўна ўкараняе лічбавыя тэхналогіі ў сферу вучэбнага кнігавыдання. За апошнія гады распрацаваны і выдадзены кнігі з элементамі дапоўненай рэальнасці. Гэтая літаратура дазваляе разгля­даць з дапамогай смартфона графічныя аб’екты кнігі ў 3D-праекцыі, візуалізаваць тэхналагічныя працэсы. Шырокае распаўсюджанне атрымалі тэхналогіі доступу да лічбавага кантэнту з дапамогай QR-кода. Калі навесці на яго смартфон або планшэт, навучэнцы могуць азнаёміцца з дадатковымі матэрыяламі, сярод якіх фота-, відэа-, аўдыяфайлы, інтэрнэт-рэсурсы, нарматыўная і бланкавая дакументацыя.

— Сёння імклівае развіццё тэхналогій патрабуе павышэння кампетэнтнасці педагагічных работнікаў пры распрацоўцы вучэбных выданняў і прафесіяналізму кіраўнікоў устаноў пры арганізацыі гэтай дзейнасці. Такую дапамогу аказвае факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў нашага інстытута, — адзначыла Алена Яўгенаўна. — Ужо ёсць нямала прыкладаў, калі калектывы аўтараў з устаноў прафесійнай адукацыі стварылі вучэбныя дапаможнікі, ілюстраваныя элементамі дапоўненай рэальнасці дадатку HP-Reveal, а таксама прадставілі інтэрактыўныя заданні і тэсты на аснове анлайн-сэрвісаў.

Даўно ўзнікла ідэя стварэння для прафесійнай адукацыі платформы, якая дазволіць аб’яднаць усе неабходныя для адукацыйнага працэсу рэсурсы ад адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі да распрацовак педагогаў і электронных выданняў. Быў вывучаны міжнародны вопыт па распрацоўцы электронных рэсурсаў. Работа над мадэллю электроннай бібліятэчнай сістэмы актыўна вялася ў мінулым годзе. Адбывалася вывучэнне існуючых прадуктаў, іх функцыянальнасці, інтэрфейсу, магчымасцей кіравання, вызначаліся патрабаванні да сістэмы і яе кампанентаў, іх функцыяналу і ўзаемасувязей, уваходных даных, праводзіліся маркетынгавыя даследаванні сярод ІТ-распрацоўшчыкаў, маніторынг інфраструктуры для тэхнічнага размяшчэння электроннай бібліятэчнай сістэмы, вызначаліся магчымасці далейшай праграмнай падтрымкі прадукту, навучання персаналу з ліку як тэхнічных выканаўцаў, так і спажыўцоў кантэнту, вёўся выбар папярэдняга тэхналагічнага рашэння і субпадрадчыкаў на распрацоўку электроннай бібліятэкі. Ёсць усе перадумовы для таго, каб у новым годзе  была створана паўнавартасная электронная бібліятэка прафесійнай адукацыі, якая стане надзейным рэсурсам для педагогаў і метадыстаў.

Эксперт па інфармацыйнай сі­стэме кіравання адукацыяй еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” Мімоза Анастоска-Янкулоўска (Македонія) у сваім каментарыі заявіла, што ў навучальных установах прафесійнай адукацыі лічбавыя тэхналогіі могуць быць выкарыстаны як у адміністрацыйных мэтах, так і ў працэсе выкладання і навучання. Электроннае навучанне як цэласны від дзейнасці яшчэ не цалкам прадстаўлена ва ўстановах адукацыі краін Еўропы. Там больш распаўсюджана аўтаматызаваная сістэма кіравання ў прафесійнай адукацыі. У якасці прыкладу можна прывесці ўстановы адукацыі Францыі і Бельгіі, дзе выкладчыкі выкарыстоўваюць тэхналогіі для ўводу, сі­стэматызацыі і прадстаўлення інфармацыі пра дасягненні навучэнцаў бацькам і кіраўніцтву ўстаноў.

Па словах эксперта, распрацоўка сістэмы “Электронны каледж” звычайна пачынаецца з мэтанакіраванага вывучэння адміністрацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Найноўшыя тэхналогіі спрыяюць эфектыўнаму і своечасоваму збору інфармацыі і даных ва ўстанове адукацыі і робяць іх даступнымі на ўсіх узроўнях прыняцця рашэнняў для забеспячэння эфектыўнага кіравання. ІКТ падтрымліваюць ажыццяўленне большасці адміністрацыйных функцый, такіх як кіраванне фінансамі, персаналам, прыём навучэнцаў, планаванне рэсурсаў, налічэнне заработнай платы, кіраванне бібліятэчнымі фондамі і г.д. Міжнародны вопыт паказвае, што адказнасць за ўкараненне лічбавай адукацыі можа нале­жаць спецыялістам на дзяржаўным узроўні або на ўзроўні саміх устаноў адукацыі. Шэраг краін ужо шмат гадоў валода­юць функцыянальнымі электроннымі сі­стэмамі кіравання ўстановамі адукацыі. Электронная сістэма ўключае збор, сі­стэматызацыю, агрэгатаванне даных аб выкладчыках, прадметах, вучэбных планах, рэсурсах і навучэнцах. Выкладчыкі штодзённа ўводзяць даныя, а адміністрацыя навучальнай установы мае доступ да гэтых даных і можа імі карыстацца. Навучэнцы i бацькі таксама могуць атры­маць доступ да сістэмы і прагля­даць уласныя даныя, а таксама атрымліваць некаторыя справаздачы, якія маюць дачыненне да іх саміх, у тым ліку паведамленні пра дасягненні сваіх дзяцей.

Ала КЛЮЙКО.