Электронныя адукацыйныя рэсурсы для настаўнікаў-практыкаў

- 11:42Сацыяльны ракурс

На нацыянальным адукацыйным партале, адкрытым для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, грамадскай супольнасці роўна год назад, акрамя неабходных да новага навучальнага года нарматыўных прававых, навукова- і вучэбна-метадычных матэрыялаў, даступна 200 электронных вучэбных курсаў, распрацаваных па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама для ўстаноў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.

На галоўнай старонцы партала ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены чатыры блокі: “Электроннае навучанне”, “Адукацыйны працэс. 2015/2016 навучальны год”, “Профільнае навучанне”, “Электронныя версіі падручнікаў”. Бадай, адным з самых прэцэдэнтных раздзелаў, які робіць партал парталам, з’яўляецца раздзел “Электроннае навучанне”. Ён, у сваю чаргу, утрымлівае рэсурсы, створаныя для правядзення дыстанцыйных турніраў, конкурсаў і алімпіяд, для арганізацыі дыстанцыйных адукацыйных мерапрыемстваў (семінараў, трэнінгаў, майстар-класаў) для педагогаў, якія атрымліваюць рэальную магчымасць выбудоўваць уласную траекторыю прафесійнай самаадукацыі і самаразвіцця. — Раздзел “Электроннае навучанне” ўтрымлівае яшчэ адзін маштабны рэсурс, які ўвесь час развіваецца і вага якога ў адукацыйным працэсе будзе, на нашу думку, з кожным годам узрастаць. Гэта “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”, — адзначае начальнік адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдат філалагічных навук Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка. — Згаданыя рэсурсы распрацоўваліся ў Нацыянальным інстытуце адукацыі на працягу трох гадоў, функцыянуюць яны на базе сістэмы дыстанцыйнага навучання Мооdle і маюць модульную архітэктуру — складаюцца з трох тыпаў модуляў (даведачна-інфармацыйных, кантрольна-дыягнастычных і інтэрактыўных). Даведачна-інфармацыйныя модулі змяшчаюць разнастайныя слоўнікі, даведнікі, хрэстаматыі, што прадстаўляюць вучэбную інфармацыю як сукупнасць вербальных, аўдыя-, відэатэкстаў. Інтэрактыўныя модулі прадстаўлены разнастайнымі дыдактычнымі гульнямі, камп’ютарнымі мадэлямі, што дазваляюць вучню адпрацоўваць вучэбныя ўменні, набытыя на ўроках, у любы зручны час, назіраць за працэсамі, якія па розных прычынах не могуць быць прадэманстраваны ў рэальным часе. Электронныя трэнажоры, практыкумы, апытальнікі, задачнікі, тэсты складаюць змест кантрольна-дыягнастычных модуляў.
Электронныя адукацыйныя рэсурсы даступныя для любога наведвальніка партала пасля нескладанай працэдуры рэгістрацыі. Зарэгістравацца можна як персанальна, так і ў складзе групы. Так, некаторыя настаўнікі рэгіструюць у якасці карыстальнікаў электронных адукацыйных рэсурсаў цэлыя класы.
Гуманітарны блок электронных рэсурсаў прадстаўлены рускай мовай і літаратурай, беларускай мовай і літаратурай і замежнымі мовамі. Па словах аднаго з распрацоўшчыкаў ЭАР, загадчыка лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, доктара педагагічных навук Ганны Міхайлаўны Валочка, усе распрацаваныя матэрыялы, акрамя вядомых пераваг адукацыйных рэсурсаў (магчымасць рознаўзроўневага навучання, высокая інфарматыўнасць і інш.), дазваляюць разам з тэкставай інфармацыяй прад’яўляць розныя віды нагляднасці: выявы, схемы, табліцы, фотаздымкі, алгарытмы, партрэты пісьменнікаў, відэафрагменты, аўдыяматэрыялы і інш. ЭАР могуць выкарыстоўвацца не толькі на ўроках, але і падчас самастойнай работы дома, на факультатыўных занятках, на пазакласных мерапрыемствах, пры падрыхтоўцы праектаў і г.д. Так, пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Правапіс галосных о, э, а” тэарэтычны матэрыял педагог можа падмацаваць схемамі (дарэчы, кожнае правіла ілюструецца табліцамі, схемамі або алгарытмамі, а некаторыя — невялікімі прэзентацыямі), а потым прапанаваць вучням тэставую работу, зрокавы слоўнікавы дыктант або інтэрактыўнае заданне. Спецыфіка тэставых заданняў у тым, што яны прадстаўлены некалькімі відамі: тэсты самакантролю на кожнае канкрэтнае правіла складаюцца з 6 заданняў, тэматычныя тэсты — з 10 заданняў, кантрольныя тэсты — з 20 заданняў. Прычым аўтары-распрацоўшчыкі прапанавалі тэсты як закрытага тыпу (на выбар правільнага адказу з некалькіх варыянтаў, на выбар правільнага ці няправільнага адказу, на ўстанаўленне адпаведнасці), так і адкрытага, дзе вучні павінны напісаць свой адказ. Тэставыя матэрыялы правяраюцца аўтаматычна. Руціннай работы па прадмеце настаўнік пазбаўлены. Ён мае карціну паспяховасці ў цэлым па класе і па кожным вучні, па кожнай тэме.
У электронным адукацыйным рэсурсе па літаратуры інфармацыйна-даведачны модуль прадстаўлены слоўнікамі літаратуразнаўчых тэрмінаў, даведнікамі персаналій, дзе змешчаны матэрыялы пра тых пісьменнікаў, творы якіх вывучаюцца ў канкрэтным класе. Пры неабходнасці карыстальнік можа выйсці на сайт пісьменніка і шырэй пазнаёміцца з яго творчасцю — патрэбныя спасылкі таксама прадстаўлены.
— У адпаведнасці з праграмай і падручнікам вучэбны матэрыял змешчаны па класах і па раздзелах, — заўважае Ганна Міхайлаўна. — Аўтары імкнуліся падаць разнастайную інфармацыю такім чынам, каб у вучняў былі задзейнічаны розныя каналы ўспрымання. Напрыклад, пры вывучэнні ў 8 класе верша М.Багдановіча “Зорка Венера” прадугледжана знаёмства з такім тэарэтычным паняццем, як раманс. Спачатку вучням прапаноўваецца вызначэнне гэтага тэрміна ў літаратуразнаўстве, а затым даецца магчымасць супаставіць гэтае паняцце з тым, як яно выяўляецца сродкамі музыкі — праслухаць твор. Гэта дазваляе вучням лепш зразумець сутнасць раманса як жанру. Электронны адукацыйны рэсурс па літаратуры (беларускай і рускай) змяшчае не толькі тэкставы матэрыял (мастацкія тэксты, тэарэтычныя, літаратурна-крытычныя, даведачныя і іншыя матэрыялы), але і разнастайныя фота-, аўдыя- і відэаматэрыялы. Карыстальнік можа адшукаць і заданні-трэнажоры, і тэставыя заданні. У тэставыя заданні па літаратуры часта ўключаюцца аўдыя- і відэафрагменты, спасылкі на ўнутраныя рэсурсы курса.
Зразумела, у залежнасці ад вучэбнага прадмета ЭАР маюць сваю спецыфіку. Так, даведачна-інфармацыйны модуль па замежных мовах прадстаўлены слоўнікамі лінгвакраіназнаўчых рэалій па тэмах у адпаведнасці з вучэбнай праграмай. Тэарэтычны матэрыял падмацоўваецца фота-, аўдыя-, відэаматэрыяламі, а для замацавання вывучанага вучням прапаноўваюцца інтэрактыўныя або тэставыя заданні. Адным з такіх заданняў з’яўляецца вэб-квест, дзе вучням даецца магчымасць пакрокава, карыстаючыся спасылкамі, адабраць патрэбную інфармацыю, прааналізаваць яе, выбраць тое, што мае адносіны да канкрэтнага задання, і стварыць уласны прадукт — вэб-старонку, прэзентацыю, праект і інш.
— Сёння настаўніку, а тым больш вучню, вельмі складана арыентавацца ў вялізным інфармацыйным патоку. Матэрыял, прадстаўлены ў ЭАР, адпавядае адукацыйным стандартам, прайшоў апрабацыю ў навучальных установах рэспублікі. Да гэтых рэсурсаў распрацаваны і метадычныя рэкамендацыі. Практычна па кожнай тэме ўрока настаўнік мае магчымаць знайсці ў ЭАР патрэбны матэрыял, які дапаможа дапоўніць падручнік. Ды і вучню ЭАР будуць карыснымі: выканаўшы той ці іншы тэст, ён бачыць свае памылкі, і яму не трэба дзесьці шукаць правіла для паўтарэння, — адзначае Г.М.Валочка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.