Днямі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі адбыўся семінар “Выкарыстанне электронных вучэбна-метадычных комплексаў пры навучанні беларускай мове і літаратуры на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” для настаўнікаў-беларусазнаўцаў, метадыстаў абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі, намеснікаў дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Прадметам абмеркавання сталі распрацаваныя ў інстытуце электронныя адукацыйныя рэсурсы, іх роля ў фарміраванні моўнай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый пры навучанні беларускай мове, у літаратурным развіцці вучняў, а таксама магчымасці іх выкарыстання ва ўзаемасувязі з існуючым вучэбна-метадычным забеспячэннем моўнай і літаратурнай адукацыі.
Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя пісьменнік-рэаліст Максім Горкі сказаў: “Мы жывём у эпоху, калі адлегласць ад самых шалёных фантазій да зусім рэальнай рэчаіснасці скарачаецца з неверагоднай хуткасцю”. Гэтыя словы класіка гучаць вельмі актуальна сёння, калі развіццё тэхнікі ідзе сямімільнымі крокамі. Развіваюцца тэхналогіі — змяняюцца і патрабаванні, якія прад’яўляюцца да зместу вучэбнага працэсу. Сёння няма такога настаўніка, які б не марыў пра тое, каб яго ўзаемаадносіны з навучэнцамі былі захапляльнымі, цікавымі, эмацыянальнымі, тым каштоўным здабыткам, які б навучэнцы змаглі пераўтварыць ва ўласнае светаўспрыманне і светаадчуванне. Фарміраванне новага мыслення непарыўна звязана з той інфармацыйнай прасторай, у якой жыве навучэнец, у якой спазнае навакольную рэчаіснасць, у якой ён актыўна дзейнічае.
Зараз становіцца зразумела: каб працэс навучання быў паўнацэнным, неабходна, каб кожны настаўнік мог падрыхтаваць і правесці ўрок з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў, таму што іх прымяненне здольна зрабіць урок больш яркім, насычаным, больш эфектыўным.
У Нацыянальным інстытуце адукацыі ў межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы распрацоўваюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы па ўсіх вучэбных прадметах (у сістэме Moodle). У склад аўтарскіх калектываў уваходзяць навукоўцы, метадысты, настаўнікі-практыкі. Стваральнікі выпрацавалі агульныя падыходы да электронных адукацыйных рэсурсаў на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. ЭАР маюць агульную структуру — складаюцца з трох модуляў: даведачна-інфармацыйнага, мэта якога — сабраць разам тэкставыя, аўдыявізуальныя матэрыялы і ў метадычных рэкамендацыях прапісаць магчымасці іх выкарыстання на ўроках і ў пазаўрочны час; кантрольна-дыягнастычнага і інтэрактыўнага. Яны адрасаваны як навучэнцам, так і настаўнікам. ЭАР могуць быць выкарыстаны пры самастойнай рабоце вучняў дома або на занятках, пры групавой рабоце падчас падрыхтоўкі да прадметнай алімпіяды, для арганізацыі даследчай дзейнасці, на факультатыўных занятках і ў пазакласнай рабоце.
Аўтары-распрацоўшчыкі электронных вучэбна-метадычных комплексаў па беларускай літаратуры кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч, навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА Інга Аляксееўна Пінголь, выкладчык Ліцэя БДУ Вераніка Вячаславаўна Кушнярэвіч пазнаёмілі прысутных са структурай, зместам і асаблівасцямі выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў у працэсе навучання. Асаблівая ўвага ў выступленнях была звернута на магчымасць рэалізацыі міжпрадметных сувязей і фарміраванне ў вучняў вопыту літаратурна-творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для асобаснага засваення вучэбнага матэрыялу як каштоўнасных культуралагічных ведаў.
Даведачна-інфармацыйны модуль электроннага рэсурсу для 6 класа (вучэбны матэрыял у ім разбіты на раздзелы ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай і падручнікам) змяшчае слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў на гіпертэкставай аснове (адпаведна праграме ўтрымліваюцца літаратуразнаўчыя паняцці, іх тлумачэнне, а ў некаторых выпадках і зварот да іншых крыніц, у прыватнасці да інтэрнэту), даведнік персаналій (даведка па біяграфіі пісьменніка — сціслыя цікавыя звесткі, якія пашыраюць інфармацыю ў падручніку, часам выхад на сайт з інфармацыяй пра таго ці іншага пісьменніка), пералік інтэрнэт-рэсурсаў, які настаўнік ці навучэнец можа выкарыстаць пры падрыхтоўцы да ўрока. Што тычыцца беларускай літаратуры, то ў інтэрнэт-прасторы, на жаль, не так многа інфармацыі. Таксама адукацыйны прадукт уключае такі раздзел, як “Спіс твораў для дадатковага чытання”.
Стваральнікі ЭАР улічылі, што літаратура — гэта адзін з відаў мастацтва, і міжпрадметныя сувязі тут вельмі яскрава прасочваюцца. У прыватнасці, гэта не толькі аўдыязапісы песень, вершаў, ілюстрацыі карцін (у інтэрактыўным рэжыме можна здзейсніць віртуальную экскурсію па тым ці іншым музеі), гэта і відэафрагменты, якія дапамагаюць наладзіць не толькі міжпрадметныя сувязі ў ланцужку “літаратура — жывапіс — кіно”, але і па лініі “беларуская — руская літаратура”. Так, у 8 класе відэаролік з кінафільма па аповесці А.Купрына “Алеся” з музычным суправаджэннем дапаможа навучэнцам асэнсаваць вобраз лірычнага героя ў вершы А.Куляшова “Бывай”. Пры вывучэнні п’есы А.Дударава “Вечар” падабраны ў электронным сродку відэафрагмент спектакля дазволіць педагогу стварыць праблемную сітуацыю.
Распрацоўшчыкі імкнуліся падаць інфармацыю на полісенсорнай аснове не толькі таму, што ў большасці вучняў дамінуе візуальны канал атрымання інфармацыі, а яшчэ і таму, што беларуская літаратура, як і руская, застаецца адзіным прадметам культуралагічнай накіраванасці. Акрамя таго, што настаўнікам неабходна вучыць дзяцей разбірацца ў літаратуры, яны павінны ўводзіць іх у шырокі культуралагічны кантэкст. І матэрыялы электронных сродкаў гэтаму садзейнічаюць. Так, у 8 класе вучні знаёмяцца з рамансам на прыкладзе твора М.Багдановіча “Зорка Венера”. Акрамя знаёмства з вершам, старшакласнікі адкрываюць для сябе цудоўную музыку Георгія Свірыдава і бачаць карціну У.Уродніча “Сустрэча з Зоркай Венерай”.
Кантрольна-дыягнастычныя модулі прадстаўлены тэставымі заданнямі, трэнажорамі, творчымі і пошукавымі заданнямі. Прычым навучэнцам прапануюцца шматузроўневыя тэставыя заданні — тэматычныя альбо абагульняльныя: на адпаведнасць, на суаднесенасць, з адным правільным адказам, з некалькімі ці заданні кшталту “правільна-няправільна”. Электронныя прадукты дазваляюць ацаніць веды вучняў (яны бачаць сваю адзнаку ў балах), арганізаваць рэфлексію. Педагогу можна ранжыраваць заданні па ступені складанасці і фіксаваць час іх выканання.
Часцей за ўсё выканаць заданні можна, скарыстоўваючы матэрыялы даведачна-інфармацыйных модуляў. Напрыклад, у раздзеле “Ліра-эпічныя жанры” ў 8 класе вывучаецца балада А.Куляшова “Маці”. Да ўрока па гэтай тэме ў электронным сродку прапануецца падборка ілюстрацый — фотаздымкаў помнікаў маці-патрыёткам. Навучэнцам прапануецца творчае заданне: “Разгледзьце помнікі, пастаўленыя маці-патрыёткам у розных мясцінах. Выкажыце меркаванне, якія з іх могуць быць ілюстрацыяй да балады А.Куляшова “Маці”, абгрунтуйце сваю думку”.
У кантрольна-дыягнастычным модулі таксама прадстаўлены трэнажоры, якія прадугледжваюць у большай частцы самастойную работу вучняў. Так, напрыклад, у 8 класе прапануюцца трэнажоры, якія дапамагаюць школьнікам вывучыць верш на памяць, асэнсаваць сюжэт літаратурнага твора, або трэнажоры, якія працуюць на характарыстыку персанажа.
Шырока прадстаўлены ў электронных рэсурсах заданні творчага характару. У 6 класе вучні знаёмяцца з урыўкам “Бабёр” з твора А.Жука “Паляванне на апошняга жураўля”. Аўтары ЭАР прапануюць выканаць творчае заданне і даюць алгарытм дзейнасці (1 этап — матывацыя і мэтамеркаванне, 2 — вучэбнае заданне і спосабы яго выканання, 3 — культурна-гістарычны ўзор, 4 — усведамленне гэтага ўзору, 5 — практычная рэалізацыя набытых ведаў, уменняў, 6 — самаактуалізацыя, ацэнка і рэфлексія). Вучні праглядаюць урывак з фільма і пішуць водгук на яго. Альбо навучэнцы знаёмяцца з апавяданнем І.Грамовіча “Воблакі”. У электронным выглядзе пададзены поўны тэкст твора. Вучням прапануецца паназіраць за небам па фотаздымках і падрыхтаваць водгук. Прычым сам-насам з заданнем старшакласнікі не застаюцца. Ім даецца памятка па падрыхтоўцы водгука, а таксама ўзор выканання задання — вучнёўская работа. Такім чынам, у дзяцей задзейнічаны ўсе каналы ўспрымання інфармацыі.
Ёсць у электронных сродках і творчыя заданні, накіраваныя на работу з інтэрнэт-рэсурсамі. Так, пасля вывучэння раздзела “Лірычныя жанры” ў 8 класе вучням прапаноўваецца выйсці на сайт часопіса “Маладосць”, выбраць некалькі твораў, якія адносяцца да розных відаў лірыкі, скласці зборнік і даць яму назву.
Інтэрактыўны модуль уключае крыжаванкі, рэбусы, віктарыны, чайнворды і іншыя формы арганізацыі літаратурна-творчай дзейнасці, якія дазваляюць узняць матывацыю вучняў да прадмета, прымушаюць быць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
Як адзначалася на семінары, змест сучаснай літаратурнай адукацыі ў школах складаецца з 4 кампанентаў: веды, уменні і навыкі, вопыт літаратурна-творчай дзейнасці, вопыт каштоўнасных адносін да сябе, да іншых, да рэчаіснасці. Электронныя сродкі па літаратуры якраз і садзейнічаюць выкананню ўсіх гэтых патрабаванняў. З іх дапамогай можна дасягнуць галоўнай мэты — навучання і выхавання літаратурай праз творчасць. Створаныя адукацыйныя рэсурсы дазваляюць наладзіць дыялог не толькі паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу: вучнем — настаўнікам, вучнем — вучнем, але і дыялог паміж вучнямі і літаратурнымі творамі, паміж творамі розных відаў мастацтваў, рознымі культурамі. І ўсё гэта накіравана на тое, каб выхаваць таленавітага творчага чытача. Распрацоўшчыкі спадзяюцца, што электронныя сродкі навучання будуць спрыяць развіццю эстэтычнай культуры старшакласнікаў.
У выступленні загадчыка лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, доктара педагагічных навук, дацэнта Ганны Міхайлаўны Валочка было разгледжана выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў ва ўзаемасувязі з вучэбна-метадычным забеспячэннем працэсу навучання беларускай мове ў 5—11 класах, а таксама пры арганізацыі і правядзенні факультатыўных заняткаў па беларускай мове. Дацэнт кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Вольга Уладзіміраўна Зелянко прадставіла методыку навучання арфаграфіі беларускай мовы з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў (трэніровачныя практыкаванні, тэставыя заданні, слоўнікавыя і тлумачальныя зрокавыя дыктанты, распрацаваныя ў сістэме Moodle). Дарэчы, ЭАР па беларускай мове маюць таксама даведачна-інфармацыйны, кантрольна-дыягнастычны і інтэрактыўны модулі. У даведачна-інфармацыйным модулі змешчаны тэарэтычны матэрыял, які ілюструецца схемамі і табліцамі, прэзентацыі, слоўнік моўных і маўленчых тэрмінаў і моўныя разборы. Іх дапаўняюць дапаможныя рэсурсы лінгвакультуралагічнага характару. Кантрольна-дыягнастычны модуль уключае тэсты (кантрольныя, вучэбныя, з рознымі тыпамі заданняў), слоўнікавыя і тлумачальныя зрокавыя дыктанты. Інтэрактыўны модуль складаюць інтэрактыўныя гульні, схемы.
Вопытам распрацоўкі ўласных электронных сродкаў навучання падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры маларыцкай сярэдняй школы № 2 Брэсцкай вобласці Людміла Канстанцінаўна Ярмашук. На сваіх уроках педагог выкарыстоўвае праграмны прадукт Microsoft PowerPoint і на яго аснове стварае слайд-шоу, гульні з дапамогай гіперспасылак і трыгераў. Адна з такіх універсальных гульняў — марскі бой. Яна можа мець розныя назвы: “На хвалях літаратуры” альбо “На моўнай хвалі”. Колькасць прапанаваных вучням пытанняў вар’іруецца ў залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці класа, аб’ёму вывучанага матэрыялу, а таксама ад таго, колькі будзе затрачана часу на ўроку. На экране відаць, на якое пытанне адказаў вучань, правільна ці не.
На абагульняльных уроках і пазакласных мерапрыемствах праводзяцца гульні “Моўны каледаскоп” альбо “Мая Радзіма — Беларусь” (аналагі “Сваёй гульні”), якія заснаваны на гіперспасылках. Навучэнец можа выбраць катэгорыю, у якой адчувае сябе больш упэўнена, і кошт пытання. Прыём падачы матэрыялу дазваляе з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыраваны падыход. Тое пытанне, на якое ўжо адказалі, падсвечваецца іншым колерам. Напрыканцы гульні падлічваецца агульная колькасць балаў.
Заўсёды вучням цяжка даюцца аглядныя тэмы альбо тэмы, дзе вывучаецца біяграфія пісьменніка. Таму настаўніца праводзіць нетрадыцыйныя ўрокі ў форме вусных часопісаў. Клас дзеліцца на групы, і кожная рыхтуе сваю старонку часопіса. А потым падрыхтаваны матэрыял аб’ядноўваецца ў адну вялікую прэзентацыю. Выкарыстанне фотатэстаў дапамагае вучням запомніць абліччы беларускіх пісьменнікаў і паўтарыць найбольш важную інфармацыю пра іх, а настаўніку — пашырыць межы ўрока і задаволіць патрэбы зацікаўленых вучняў дадатковым матэрыялам.
Прымяненне электронных сродкаў навучання дазваляе педагогу разнастаіць формы работы, дзейнасць навучэнцаў, актывізаваць іх увагу. Прадстаўленыя Л.К.Ярмашук распрацоўкі плануецца ўключыць у склад электронных адукацыйных рэсурсаў.
Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце, доктара педагагічных навук, дацэнта Людмілы Андрэеўны Худзенка, распрацаваныя ў інстытуце электронныя адукацыйныя рэсурсы зараз у тэставым рэжыме праходзяць апрабацыю ў школах і гімназіях рэспублікі. Мяркуецца, што ўжо ў сёлетнім навучальным годзе яны з’явяцца на нацыянальным адукацыйным партале. Іншая справа — навучальныя ўстановы павінны паклапаціцца пра аснашчэнне рабочых месцаў настаўнікаў патрэбнай тэхнікай, выхадам у інтэрнэт, каб мець магчымасць скарыстацца створанымі прадуктамі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.