Электронныя адукацыйныя рэсурсы: цікава, зручна, эфектыўна

— Сучасны педагог не можа заставацца ў баку ад дасягненняў у ІТ-галіне, — лічыць настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Ала Фёдараўна Ляховіч з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. — Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі адыгрываюць вялікую ролю ў павышэнні эфектыўнасці навучання, у тым ліку ў пачатковай школе, больш рацыянальным і эканомным выкарыстанні часу і сіл педагога, пашырэнні яго метадычных магчымасцей. Тэхнічнае аснашчэнне нашай школы дазваляе ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу звяртацца да ІКТ як на ўроках, так і ў пазаўрочны час.

На працягу многіх гадоў А.Ф.Ляховіч актыўна выкарыстоўвае ў педагагічнай практыцы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. За час работы настаўніца сабрала багатую медыятэку адукацыйных рэсурсаў. Самымі цікавымі і эфектыўнымі, на думку настаўніцы, з’яўляюцца ўрокі з прымяненнем аўтарскіх адукацыйных рэсурсаў і электронных сродкаў навучання, распрацаваных з улікам магчымасцей усяго класа і для канкрэтных дзяцей. Аўтарскія электронныя вучэбна-метадычныя матэрыялы запатрабаваны ў калег і прэзентаваны на абласным і рэспубліканскім узроўні.

— Кожны мультымедыйны рэсурс ствараецца паэтапна, — расказвае Ала Фёдараўна. — Спачатку адбіраецца і сістэматызуецца дыдактычны матэрыял. Затым адбіраюцца праграмы, якія робяць практыкаванні інтэрактыўнымі і ўзмацняюць іх адукацыйны эфект. Потым ствараецца сцэнарый структуры прадукту: меню, навігацыя, рэкамендацыі па рабоце з рэсурсам і метадычныя парады па яго мэтазгодным выкарыстанні. Трэба адзначыць, што для стварэння рэсурсаў не патрабуюцца спецыяльныя навыкі праграмавання. Даступная навігацыя і лёгкасць у выкарыстанні дазваляюць самастойна працаваць з мультымедыйным памочнікам не толькі настаўніку, але і вучням. Электронныя адукацыйныя рэсурсы могуць прымяняцца пры самастойнай рабоце, калі карыстальнік выбірае неабходны матэрыял у адпаведнасці з узроўнем валодання пэўнай тэмай, індывідуальным навучанні дома і дэманстрацыі на ўроках.

Навучальны рэсурс “Трэнажор па чытанні: вучымся чытаць правільна, бегла, усвядомлена” быў прадстаўлены на VII Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Азнаёміцца з трэнажорам, уключаным у пералік праграмных сродкаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, можна на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі. У 2016 годзе аўтарскі навучальны рэсурс атрымаў дыплом ІІ ступені ў ІV Міжнародным конкурсе “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” (намінацыя “Распрацоўкі-прататыпы дыдактычных гульняў і ЭСН”).

— Трэнажор распрацоўваўся для ўдасканалення чытацкіх навыкаў вучняў, — гаворыць А.Ф.Ляховіч. — Па структуры ён складаецца з 13 раздзелаў, кожны з якіх накіраваны на вырашэнне пэўнай задачы і дапамагае пазбегнуць цяжкасцей пры навучанні чытанню. Падабраныя практыкаванні можна прымяняць, пачынаючы з самых простых і паступова ўскладняючы іх, што дазваляе выкарыстоўваць дапаможнік на ўроках ад 1 да 4 класа. Трэнажор з’яўляецца наглядным і аформлены з улікам узросту дзяцей: фоны маляўнічыя, з казачнымі героямі, сюрпрызнымі і гульнявымі момантамі. Асноўная ўвага інтэрактыўнага дапаможніка накіравана на магчымасць шматразовага чытання складоў, слоў і тэкстаў.

Цікавым з’яўляецца электронны прадукт “Слоўнікавая буслянка” для трэцякласнікаў. Нестандартныя практыкаванні, змешчаныя ў ім, аблягчаюць работу дзяцей са слоўнікавымі словамі, фарміруюць станоўчую матывацыю да вывучэння роднай мовы.

Першакласнікам, вядучай дзейнасцю якіх з’яўляецца гульня, прызначаны дапаможнік “Грамацейка”. Ён складаецца з 4 раздзелаў, накіраваных на фарміраванне пэўных уменняў і навыкаў. У дапаможніку змешчаны інтэрактыўныя гульнявыя заданні для выкарыстання на розных этапах вывучэння матэрыялу, інтэрактыўныя плакаты, якія прымяняюцца для большай нагляднасці і ў якасці даведачнага матэрыялу, а таксама кантрольна-вымяральныя матэрыялы ў выглядзе тэставых заданняў.

— Вывучэнне велічынь і іх вымярэнняў у матэматыцы адыгрывае важную ролю ў развіцці малодшых школьнікаў, але практыка паказвае, што дзеці засвойваюць гэты матэрыял недастаткова, — адзначае А.Ф.Ляховіч. — Усё залежыць ад арганізацыі вывучэння тэмы. Вялікія магчымасці для гэтага адкрываюць ІКТ. Так, з дапамогай мультымедыйнага рэсурсу “Вывучаем даўжыню з гномамі” вучні могуць завітаць у госці да гномаў і разам з казачнымі героямі ў гульнявой форме прайсці новы матэрыял, замацаваць атрыманыя веды і ацаніць сябе.

У свой час гэты рэсурс у якасці дадатку да ўрока ўдзельнічаў у абласным конкурсе “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”, дзе быў адзначаны дыпломам І ступені. У 2016 годзе рэсурсы “Вывучаем даўжыню з гномамі” і “Грамацейка” сталі фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

На працягу апошніх 3 гадоў Ала Фёдараўна займаецца арганізацыяй сеткавага ўзаемадзеяння ў адукацыйным працэсе. Гэта павышае самастойнасць дзяцей, матывуе іх да вучэбнай дзейнасці, паляпшае інфармацыйную кампетэнтнасць настаўнікаў і бацькоў. Для А.Ф.Ляховіч вельмі важна, што дзякуючы інтэрнэту можна шырока трансліраваць уласны вопыт, які становіцца даступным для многіх людзей.

Для паспяховага ўкаранення сеткавага ўзаемадзеяння ў адукацыйны працэс настаўніца вывучала сэрвісы Web 2.0, наведвала майстар-класы педагогаў, якія займаюцца сеткавымі праектамі, удзельнічала ў тэматычным вэбінары. Першы сеткавы праект “Падарожжа да вытокаў” прызначаўся для арганізацыі выхаваўчай работы з вучнямі і быў распрацаваны ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта, накіраванага на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей малодшых школьнікаў. Па выніках Міжнароднага конкурсу інтэрнэт-праектаў “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні” гэты праект атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “ІТ-магчымасці ў выхаваўчай рабоце”.

Сеткавы праект “Саламандра”, прысвечаны пажарнай бяспецы, складаецца з некалькіх раздзелаў: “Урокі бяспекі” (інфармацыйныя матэрыялы), “Бацькам” (памяткі і рэкамендацыі), “Мультымедыя” (інфармацыйныя ролікі і мультфільмы), “Гульнятэка” (гульнявыя заданні для замацавання ведаў), “Акцыі”, “Галерэя” і “Нашы справы” (агітацыйныя матэрыялы).

— Адной з новых і перспектыўных форм работы з’яўляецца выкарыстанне адукацыйных анлайн-платформ, — гаворыць А.Ф.Ляховіч. — Віртуальная прастора дазваляе выйсці за рамкі традыцыйнай мадэлі вывучэння прадметаў, а сеткавае ўзаемадзеянне дапаўняе вучэбную праграму. Спалучэнне вочнага і анлайн-навучання дазваляе пабудаваць гібкі адукацыйны працэс з улікам індывідуальных магчымасцей вучняў. Так, мэта адукацыйнага вэб-квеста па пазакласным літаратурным чытанні “У госці да Віталя Біянкі” заключалася ў тым, каб разгледзець твор гэтага аўтара з пазіцыі біёграфа, літаратара, арнітолага і архітэктара для пашырэння кругагляду школьнікаў, іх знаёмства з рознымі крыніцамі інфармацыі. Вэб-квест “Дзядзька Фёдар, сабака і кот” прысвячаўся жыццю і творчасці любімага дзіцячага пісьменніка Эдуарда Успенскага. Дзякуючы ўдзелу ў вэб-квестах вучні атрымліваюць новыя веды, вучацца здабываць іх самастойна і творча выкарыстоўваць.

Адукацыйная анлайн-платформа ў выглядзе сайта “Мая Радзіма — Беларусь” (sites.google.com/site/maaradzimabelarus) была створана для педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Змест платформы сістэматызаваны і ўключае тэматычныя распрацоўкі для 35 урокаў па курсе “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”. Рэсурс дапамагае вучням бліжэй азнаёміцца з даволі складаным для пачатковай школы прадметам, дазваляе замацаваць, абагульніць і сістэматызаваць веды чацвёртакласнікаў пра нашу краіну. Дыдактычныя матэрыялы можна лёгка ўвесці ў структуру ўрока, выбраць з іх дапамогай любую форму арганізацыі дзейнасці школьнікаў, метады і прыёмы, абапіраючыся на ўласны вопыт і ўзровень падрыхтоўкі вучняў, іх узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці. Гэтыя матэрыялы можна выкарыстаць і ў пэўным алгарытме, з дапамогай якога спланаваць урок, дзе будуць задзейнічаны ўсе ўзроўні пазнання. Акрамя тэматычных блокаў, створаны раздзелы, якія дазваляюць зрабіць адукацыйны кантэнт сайта не толькі зместава насычаным, але і адпаведным усім патрабаванням вучэбнай праграмы.

— Матэрыялы сеткавых рэсурсаў не толькі правяраюць веды дзяцей, але і выклікаюць у іх цікавасць да вучобы, — адзначае А.Ф.Ляховіч. — А павышэнне цікавасці абавязкова адаб’ецца на ўзроўні падрыхтоўкі і паспяховасці школьнікаў. Гульнявыя заданні ўзмацняюць эмацыянальнае ўспрыманне, актывізуюць увагу вучняў. Усё гэта фарміруе трывалыя веды. Безумоўна, арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння і работы вучняў з электроннымі рэсурсамі павінна быць прадуманай, падрыхтаванай і спланаванай. Толькі тады можна разлічваць на добрыя вынікі. Але заўсёды трэба памятаць, што цуды ствараюць не камп’ютары і інтэрактыўныя дошкі, а настаўнікі, у чыіх умелых руках гэтыя інструменты дораць дзецям радасць пазнання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.