Элітарны спорт, даступны кожнаму

Ці зможа Беларусь выгадаваць алімпійскіх чэмпіёнаў па гольфе, які зноў заняў годнае месца на спартыўным алімпе? Ці можа міні-гольф стаць у нашай краіне народнай гульнёй? Гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з перспектывамі і папулярызацыяй гольфа і міні-гольфа, абмяркоўваліся ў Мінску на абласным семінары для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя “Методыка навучання навучэнцаў гульні ў міні-гольф”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Беларуская асацыяцыя гольфа, Федэрацыя міні-гольфа.

— Пачатак развіцця гольфа ў Беларусі датуецца студзенем 2007 года, але актыўная работа па распаўсюджванні гэтага алімпійскага віду спорту вядзецца з чэрвеня 2014 года, калі была створана Беларуская асацыяцыя гольфа, — адзначыў Уладзімір Дражын, старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа. — Федэрацыя міні-гольфа створана ў нашай краіне ў 2013 годзе, а праз тры гады ў Фінляндыі Беларусь была прынята ў Сусветную федэрацыю міні-гольфа.

Супрацоўніцтва асацыяцыі, федэрацыі і педагогаў доўжыцца ўжо не першы год. Настаўнікі Міншчыны, стаўшы піянерамі ў гэтай справе, два гады назад узялі курс на развіццё міні-гольфа ў школах. І сёння ёсць паспяховыя прыклады таго, як спорт, які лічыцца элітарным, прыжываецца ў беларускай глыбінцы. Зараз у вобласці рэалізоўваецца педагагічны праект, падчас якога школьнікаў на факультатыўных занятках па фізкультуры вучаць асновам гэтай гульні. Наватарамі выступілі настаўнікі Слуцкага і Нясвіжскага раёнаў. У Слуцкім раёне закупілі абсталяванне і другі год праводзяць факультатыўныя заняткі са школьнікамі, а ў Нясвіжскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Якуба Коласа, вырабіўшы дарожкі для міні-гольфа ўласнымі сіламі, педагогі вось-вось пачнуць вучыць гэтай гульні будучых настаўнікаў фізкультуры. У Слуцку міжшкольныя факультатыўныя заняткі наведваюць вучні чатырох школ.

— Перш за ўсё мы вырашылі зацікавіць вучняў новым для іх відам спорту, — расказвае настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка Валерый Варанцоў. — Для гэтага прыкладна год назад пачалі паказваць цікавыя відэаролікі аб сучасным міні-гольфе і гольфе, расказваць пра гісторыю развіцця гэтага віду спорту, у які першымі ў свеце пачалі гуляць шатландскія пастухі, заганяючы кіямі каменьчыкі ў норкі трусоў. Дзеці пазнаёміліся і з этыкетам гальфістаў, які вучыць ветлівасці, высакароднасці, дысцыпліне, павазе да сапернікаў і партнёраў. А потым у спартыўнай зале вучні пачалі адпрацоўваць элементы рухавых гульняў: хадзьбу, бег, скачкі. На той момант у нас яшчэ не было ніводнай дарожкі. Калі яны з’явіліся, мы змаглі адпрацоўваць базавую тэхніку: стойку, замах, удар. Дзіцяці ў самым пачатку важна зразумець, якія мышцы задзейнічаны пры гульні ў міні-гольф, навучыцца разлічваць сілу ўдару, пачаць развіваць у сабе “пачуццё мяча”. На сёння ў нас сем дарожак, набор клюшак і мячоў. Вучэбную праграму для заняткаў я сам распрацаваў, абапіраючыся ў тым ліку на расійскі вопыт.

Сёння педагогі са Слуцка ўпэўнены, што арганізаваць заняткі па міні-гольфе можна ў любой школе. Займацца ім могуць дзеці з 1 па 11 клас, а па суботах можна гуляць цэлымі сем’ямі. Перавага гульні ў тым, што дарожкі ўсталёўваюцца як на прышкольнай тэрыторыі, каб гуляць на свежым паветры ў цёплы час года, так і ў спартыўнай зале, калі на вуліцы марозна або дажджліва. І хоць міні-гольф патрабуе спецыяльнага абсталявання, выдаткі на яго не большыя, чым для заняткаў, напрыклад, хакеем. Пасля правядзення некалькіх раённых турніраў усе змаглі пераканацца, што гэта гульня без узроставых абмежаванняў, яна відовішчная і займальная.

Традыцыйна ў праграмы па фізічным выхаванні школьнікаў уваходзіць навучанне розным відам спорту. Міні-гольф, які не толькі з’яўляецца спортам, але і выдатнай формай адпачынку, можа ўдала разнастаіць традыцыйны пералік. У гульцоў выпрацоўваецца вытрымка, сабранасць, сіла волі, уменне канцэнтраваць увагу, тактычна думаць, што важна для развіцця дзяцей. Заняткі міні-гольфам трэніруюць агульную фізічную і псіхалагічную падрыхтоўку і фарміруюць устаноўку на развіццё асобаснага росту і самаўдасканаленне.

На думку старшыні Федэрацыі міні-гольфа Вадзіма Бегуна, гуляць у міні-гольф цалкам свядома дзеці могуць, пачынаючы з трох гадоў. Гэта не толькі выдатны спосаб падтрымліваць добрую фізічную форму, дзякуючы шматгадзіннай хадзьбе, але і захапляльная інтэлектуальная гульня. Падчас заняткаў у гульцоў выпрацоўваецца псіхалагічная ўстойлівасць, каардынацыя рухаў, пачуццё рытму. Як лічаць спецыялісты, такі від спорту асабліва актуальны для ўстаноў адукацыі з эстэтычным ухілам, дзе дзеці асвойваюць музычныя спецыяльнасці, жывапіс і іншыя віды мастацтва, а таму павінны пазбягаць траўм рук. Таксама міні-гольф можа быць запатрабаваны і ў звычайных школах для хлопчыкаў і дзяўчынак, якім па стане здароўя супрацьпаказаны бег і скачкі. Тое, што міні-гольф можа стаць народнай гульнёй, пацвярджае вопыт работы настаўнікаў Міншчыны.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *