Эмацыянальнасць, інклюзіўнасць і рэгіянальны каларыт

Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

З 15 лістапада па 15 снежня праходзіў трэці (заключны) этап VІ Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Урачыстая цырымонія закрыцця конкурсу з узнагароджаннем пераможцаў і намінантаў прайшла заўчора ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

У прывітальным слове Раіса Станіславаўна падкрэсліла: “Педагогі спецыяльнай адукацыі не толькі ўмела перадаюць свае веды дзецям, зацікаўліваюць іх, але і дораць ім сваю дабрыню. Хацелася б адзначыць ваш унікальны прафесіяналізм. Працуючы з дзецьмі, якім патрэбны асаблівая методыка, індывідуальны падыход, вы разумееце, што традыцыйных форм работы недастаткова, што трэба шукаць новыя ідэі. Спадзяюся, што гэты конкурс з часам стане конкурсам сучасных тэхналогій у інклюзіўнай адукацыі”.

У склад журы мерапрыемства ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, НІА і АПА. Старшыня журы начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Антаніна Міхайлаўна Змушко адзначыла: “Конкурсу ўжо 13 гадоў, ён праводзіцца адзін раз у тры гады, каб педагогі маглі назапасіць і абагульніць вопыт выкарыстання педагагічных тэхналогій. Мянялася назва конкурсу, падыходы да яго арганізацыі, але многае заставалася пастаянным. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства, установы адукацыі кожны раз прымаюць удзел у ім, выходзяць у фінал і перамагаюць. Напрыклад, усе пераможцы мінулага конкурсу ўдзельнічалі і ў сёлетнім.

Мерапрыемства з’яўляецца магчымасцю для нас, членаў журы, супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, убачыць і ацаніць канкрэтнага педагога, зразумець узровень яго прафесіяналізму і сутнасць тых праблем, якія паўстаюць перад ім. Многія канкурсанты прадставілі праекты, якіх нам сёння не хапае, — вучэбна-метадычнае забеспячэнне спецыяльнай адукацыі, праграмы карэкцыйных заняткаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, якія ўжо апрабаваны ў адукацыйным працэсе і заслугоўваюць таго, каб іх разгледзець пасля адпаведнай дапрацоўкі для прысваення грыфа Міністэрства адукацыі. У гэты раз мы змянілі фармат прадстаўлення конкурсных работ. Яны прэзентаваліся ў форме стэндавых дакладаў. І сёння ў кожнай вобласці вызначаны лепшы стэндавы даклад. Сёлета многія работы змяшчалі вынікі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, якую праводзіць Міністэрства адукацыі. Яны тычыліся і тэхналогій інклюзіўнай адукацыі, і работы рэсурснага цэнтра, і работы са слепаглухімі дзецьмі”.

Прааналізавала конкурсныя распрацоўкі і член журы вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Віктараўна Лісоўская: “Вельмі ўразіла разнастайнасць і актуальнасць інфармацыі, якую данеслі да нас педагогі. Адзначу, што большасць конкурсных работ мае ярка выяўлены прыкладны характар і адпавядае паняццю “адукацыйныя тэхналогіі”. Можна вылучыць ключавыя словы, якія характарызуюць работы канкурсантаў: навізна, інтэрактыўнасць, узаемадзеянне, пераемнасць, міждысцыплінарнасць. Некаторыя педагогі прадставілі добрыя напрацоўкі па псіхалогіі і нейрапсіхалогіі, сацыяльнай педагогіцы, тэхналогіі дыстанцыйнага навучання, адукацыйных кампетэнцыях, хмарных тэхналогіях. Адзначу і недахопы. У прыватнасці, у самым пачатку работ у тэарэтычных абгрунтаваннях змяшчалася інфармацыя не аб навуковых падыходах, якія выкарыстоўвалі педагогі пры падрыхтоўцы праектаў, а ішла размова пра асаблівасці пэўнай катэгорыі дзяцей, пра ўмовы работы з імі. Не заўсёды вырашаліся і задачы, заяўленыя ў пачатку распрацовак. Недастаткова правільным быў таксама дыягнастычны інструментарый. Часам аўтары карысталіся абагульненымі крытэрыямі: высокі, сярэдні, нізкі ўзроўні, або першы, другі, трэці ўзроўні, і не заўсёды было зразумела, што яны мелі на ўвазе. Сустракаліся і чыста матэматычныя памылкі, напрыклад, пры падсумоўванні працэнтаў некаторых даных не атрымліваліся належныя сто працэнтаў”.

Пераможцы конкурсу былі вызначаны ў намінацыях “Тэхналогіі інклюзіўнай адукацыі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі ранняга ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннямі зроку”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннем слыху”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, “Тэхналогіі работы з сям’ёй”, “Тэхналогіі сацыялізацыі”, “Тэхналогіі планавання”, “Тэхналогіі эфектыўнага навучання”, “Тэхналогіі дыстанцыйнага навучання”, “Тэхналогіі аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”, “Тэхналогіі выхаваўчай работы”, “Тэхналогіі праектнай дзейнасці”.

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы з рук намесніка міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. На трэцім месцы за работу “Тэхналогія ранняга суправаджэння кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю ва ўмовах рэсурснага цэнтра” аказаўся аўтарскі калектыў (Таццяна Іванаўна Куцэнка, Ксенія Сяргееўна Бярозкіна, Вольга Мікалаеўна Гайдук) спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. Другое месца заняла работа “Псіхалагічная дапамога і сацыяльна-педагагічная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі” Слуцкага раённага ЦКРНіР (Ала Юр’еўна Капская, Іна Іванаўна Лукашэвіч). Першае месца заваявала работа “Тэхналогія індывідуалізацыі працэсу навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці” аўтарскага калектыву (Наталля Сцяпанаўна Ласкевіч, Уладзімір Іванавіч Барысаў) Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Пераможцамі сярод упраўленняў адукацыі за лепшую падрыхтоўку да конкурсу сталі ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (3-е месца), камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама (2-е месца) і ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама (1-е месца).

Удзельнікаў конкурсу павіншавалі творчымі выступленнямі на сцэне навучэнцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, Слуцкага раённага ЦКРНіР, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, а таксама выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.