Эмацыянальны дабрабыт дзіцяці — перш за ўсё

- 12:24Магілёўшчына

Большасць магіляўчан, у якіх ёсць дзеці-дашкольнікі, на пытанне “У якую ўстанову адукацыі вы хацелі б уладкаваць свайго малыша?”, не задумваючыся, адкажуць: “У дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1”. І гэта невыпадкова. За гады сваёй дзейнасці ўстанова адукацыі набыла станоўчы імідж, з’яўляецца неаднаразовай пераможцай гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, яна кузня кадраў для ўстаноў адукацыі горада. А сёлета калектыў дашкольнага цэнтра быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намінуецца на занясенне на абласную Дошку гонару.

— Што прывяло да такога поспеху? — разважае загадчыца цэнтра Таццяна Юр’еўна Швяцова. — Шмат фактараў. Па-першае, мы перфекцыяністы і заўсёды імкнёмся даводзіць вынікі сваёй дзейнасці да дасканаласці, каб яны адпавядалі самым высокім патрабаванням. Рэцэпт поспеху адзін — штодзённая добрасумленная праца кожнага члена калектыву. Жаданне — гэта тысяча магчымасцей, а нежаданне — тысяча прычын. Тут мы правільна расставілі прыярытэты: многа ўвагі ўдзяляем павышэнню якасці адукацыйнага працэсу. Прафесіяналізм педагога, на мой погляд, заключаецца ва ўменні працаваць з дзецьмі. Кожны выхавальнік павінен ведаць адказы на пытанні “Навошта я сёння прыйшоў да дзяцей?”, “Што я ім дам?”. І ў сваёй установе мы культывуем паважлівыя адносіны да кожнага дзіцяці, бо эмацыянальны дабрабыт — перш за ўсё. Добры дзіцячы сад — гэта дзіцячы сад, які даспадобы ўсім: дзецям, бацькам, супрацоўнікам — а кіраўнік павінен гарантаваць вынік адукацыйнай дзейнасці.

За апошнія гады матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра была мадэрнізавана. Праведзены рамонты ўсіх памяшканняў: кожная група, спальны пакой і санвузлы выкананы ў непаўторных колеравых рашэннях, заменены аконныя блокі, адрамантаваны дах і фасад. На тэрыторыі цэнтра ўстаноўлена новае надворнае абсталяванне, асфальтавае пакрыццё заменена на тратуарную плітку, змянілі свой выгляд і веранды. Сёлета плануецца мадэрнізаваць спартыўную пляцоўку.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці пастаянна працуе ў рэжыме развіцця. На базе ўстановы рэалізоўвалася пяць рэспубліканскіх інавацыйных эксперыментальных праектаў. І заўсёды прадукт гэтай дзейнасці ўплываў на пераўтварэнні і ў сістэме кіравання, і ў адукацыйным працэсе. У межах гэтых праектаў асвойваліся сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Педагогі цэнтра першымі ў рэспубліцы з 2008 года сталі ўкараняць даследчы метад навучання ў рабоце з дашкольнікамі. Зараз выхавальнікі паспяхова працуюць з выкарыстаннем тэхналогіі В.Васкабовіча, якая заснавана на разуменні і запамінанні атрыманых тэарэтычных ведаў пры дапамозе практычных дзеянняў, асвойваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

Сёння педагогі дашкольнага цэнтра з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўмовах арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Удзельнікі ініцыятывы распрацавалі і рэалізавалі шэраг даследчых праектаў у розных узроставых групах (“Мая сям’я”, “Беларуская народная цацка”, “Беларускія святы і традыцыі”, “Хлеб — усяму галава” і інш.). Падчас праектнай дзейнасці выхаванцы здзейснілі захапляльныя экскурсіі па Магілёве, у этнаграфічны музей, у Палац гімнастыкі, у залу алімпійскай і спартыўнай славы Магілёўшчыны і інш. Падчас рэалізацыі праектаў педагогі стымулявалі пазнавальную актыўнасць дзяцей, дапамагалі і падтрымлівалі ў зборы неабходнай інфармацыі, сістэматызавалі атрыманыя ўяўленні і інш.

Намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Л.У.Севярнёвай, выхавальнікам А.М.Гуткінай распрацаваны і паспяхова апрабаваны з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту цыкл камп’ютарных гульняў для інтэрактыўнай дошкі, аб’яднаных тэмай “Любі і ведай свой родны край”. Змест камп’ютарных гульняў (“Складзі беларускі ўзор”, “Збяры карту Рэспублікі Беларусь”) фарміруюць уяўленні дзяцей пра родны горад, край, найбольш распаўсюджаныя віды дзейнасці беларусаў.

Асаблівую ўвагу заслугоўвае серыя аўтарскіх дыдактычных гульняў, распрацаваная Л.В.Севярнёвай, выхавальнікам-метадыстам Л.Б.Унук, выхавальнікамі В.У.Завадскай, С.В.Малікавай, А.М.Гуткінай. Гульні ўнікальныя тым, што адсутнічаюць іх аналагі ў прамысловай вытворчасці, яны адлюстроўваюць асаблівасць нацыянальнага характару, распрацаваны ў адпаведнасці з узроставымі запытамі дашкольнікаў, сістэматызаваны ў электронным фармаце, адрозніваюцца наяўнасцю гульнявой задачы, правіл, гульнявых дзеянняў і сістэмай ацэнкі.

Педагогамі А.М.Гуткінай, І.А.Пушчаенка, Р.М.Калугінай распрацаваны маршрутныя гульні “Як хлеб на стол прыйшоў”, “Магілёў спартыўны”, “Як расце лён у Беларусі” і інш. Яны прадугледжваюць творчае пераўтварэнне атрыманых ведаў, стымулююць пазнавальную цікавасць выхаванцаў да роднага краю, гісторыі, народнай культуры. У межах індывідуальных творчых заданняў удзельнікамі інавацыйнага праекта былі таксама створаны сучасныя медыярэсурсы, якія ўключаюць электронныя прэзентацыі пра Магілёў па блоках “Гісторыя Магілёва”, “Магілёў сучасны”, “Буйніцкае поле — поле мужнасці і славы”. Дарэчы, усе распрацаваныя матэрыялы плануецца размясціць у віртуальным кабінеце.

Педагагічным калектывам установы назапашаны багаты вопыт правядзення сацыяльных акцый па рознай праблематыцы. Дашкольны цэнтр супрацоўнічаў са многімі ўстановамі адукацыі, навукі і культуры. У залежнасці ад напрамку (даследчы, дабрачынны, сацыяльна-педагагічны, патрыятычны) былі праведзены сацыяльныя акцыі “Чысты двор”, “Юныя патрыёты”, “Пісьмо невядомаму салдату” і інш.

— Немалаважнае значэнне мае і сацыяльнае партнёрства з бацькамі, бо бацькі сёння — паўнапраўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, — адзначае Таццяна Юр’еўна. — Сацыяльнае партнёрства — гэта зусім іншы тып адносін. Ён грунтуецца на раўнапраўі, добраахвотнасці ўдзелу ў сумеснай дзейнасці, самастойнасці выбару і прыняцці рашэнняў, дыялагічнасці і ўзаемнай цікавасці да працэсу і выніку.

Сваю ролю ў дасягненні поспеху адыграла стварэнне ў 2013 годзе на базе ўстановы філіяла кафедры педагогікі дзяцінства і сям’і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. У аснове дадзенай адукацыйнай прасторы — кластарны падыход, накіраваны на аб’яднанне патэнцыялу дашкольнага цэнтра і дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу кафедры. Асноўныя напрамкі работы філіяла — павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў установы дашкольнай адукацыі, удасканаленне сацыяльнага партнёрства цэнтра і сям’і, паляпшэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў.

— Гэтае ўзаемадзеянне адыграла сваю ролю ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, у эфектыўнасці адукацыйнага і кіраўніцкага працэсу. Праз педагагічны кластар мы ажыццяўляем інтэграцыю гэтых двух напрамкаў, якія забяспечваюць якаснае развіццё асобы дзіцяці, што фарміруе таксама імідж установы адукацыі сярод бацькоў. Многія жадаюць аддаць дзяцей у наш цэнтр. Да гэтага мы ішлі на працягу доўгіх гадоў, — падкрэслівае Т.Ю.Швяцова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Галіны СІДАРОВІЧ.