Эмоцыі ад мастацтва, мастацтва ад эмоцый

- 11:35Адукацыйная прастора

Падручнікі па мастацтве для 5, 6, 7 класа ўражваюць ілюстрацыйнай насычанасцю, багаццем калераў і лёгкім па ўспрыманні тэкстам. Яны складзены з густам, іх хочацца гартаць і разглядаць. І яны выклікаюць эмоцыі. Усё як у сапраўдным мастацтве. Над новымі вучэбнымі дапаможнікамі працавалі і працягваюць гэта рабіць шмат спецыялістаў. Людзі неабыякавыя і эмацыянальныя. Са знаёмства з імі і хочацца пачаць гэты артыкул.

Кандыдат мастацтвазнаўства выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Вольга Алегаўна Грачова ў свой час доўга працавала ў школе. Яна была ідэйным натхняльнікам аўтарскага калектыву з першых дзён сумеснай працы і ўвесь час кіравалася тым, што перш чым спытаць у дзіцяці, трэба яму нешта расказаць. Гэта і лягло ў аснову распрацоўкі заданняў. Кандыдат мастацтвазнаўства з БДПУ імя Максіма Танка Юлія Юр’еўна Захарына не спыняла работу над падручнікамі ні на адзін дзень. Гэта адказная і працавітая жанчына, з выдатным пачуццём стылю і прыцягальным вобразным мысленнем. Рэдкі аўтар можа так раскрыць мастацкі вобраз, як Юлія Юр’еўна. У гэтым жа стылі працуе кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Рыгораўна Тамашова з БДУ.

Наталля Сяргееўна Валацэвіч, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дапамагала распрацоўваць тэатральны раздзел. Яна працавала з тэатрамі напрамую. Свой адметны ўклад зрабіла і Марыя Леанідаўна Карпенкава, таксама мастацтвазнаўца з БДАМ. Дзякуючы Алене Сяргееўне Бохан, зноў-такі прадстаўніцы БДАМ кандыдату мастацтвазнаўства, у падручніках па мастацтве шмат беларускага матэрыялу. Сёлета да аўтарскага калектыву далучылася кандыдат мастацтвазнаўства з БДПУ імя Максіма Танка і музыкант Наталля Валер’еўна Бычкова.

Сёння гутарка будзе з каардынатарам аўтарскага калектыву, старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, кандыдатам педагагічных навук Святланай Іванаўнай КОЛБЫШАВАЙ.

“Прадмет “Сусветная мастацкая культура” знік са школьных раскладаў у 2007 годзе. Пры яго вывучэнні адбыўся перакос — пераход у ведавую форму. На ўроках часцей за ўсё гаворка ішла пра тое, у якім годзе нарадзіўся кампазітар, якія падзеі адбываліся ў час, што вывучаўся, а ўжо пасля слухалі музычны твор.

Прайшло 8 гадоў, і ў 2015 годзе ён з’явіўся зноў. Рэанімаваўся. У нас з’явілася магчымасць выправіць тыя памылкі, якія былі да “закрыцця” прадмета, улічваючы запыты сучаснага маладога пакалення. Педагагічная супольнасць не адразу ўспрыняла наша жаданне змяніцца, і першыя праграмы і падручнікі крытыкаваліся. У сувязі з гэтым была перапрацавана асноўная канцэпцыя структуры праграмы з 5 па 9 клас і прынята рашэнне не пачынаць вывучэнне прадмета (у 5 класе) з гістарычнага падыходу. Найперш гэта звязана з узроставымі асаблівасцямі дзяцей”, — пачала гаворку Святлана Іванаўна.

Ёсць тры галіны развіцця прадмета “Мастацтва”. Першая — знаёмая нам гісторыка-храналагічная. Яна дастаткова складаная. Другая галіна — відавы падыход. Ён вельмі зручны, і першая праграма была пабудавана на яго прынцыпах. Гэта калі, напрыклад, архітэктура вывучаецца ў першай чвэрці, музычнае мастацтва — у другой, у трэцяй чвэрці — маштабнае выяўленчае мастацтва, і ў чацвёртай — літаратура. Але пасля абмеркавання прыйшлі да высновы, што такі падыход для 5 класа таксама не зусім прыдатны. Чаму? Калі архітэктуру вывучаць толькі ў першай чвэрці, то ёсць верагоднасць, што да канца навучальнага года школьнік забудзе пра яе.

У выніку аўтары выбралі трэцюю галіну — вобразна-тэматычную. У 5 класе, напрыклад, спыніліся на такіх тэмах, як вобразы маці, прыроды, чалавека, жывёлы ў мастацтве. Ён вельмі зручны і дапамагае настаўніку і вучню вывучаць вялікі пласт сусветнай культуры, у тым ліку беларускай. Гісторыка-храналагічны падыход такіх магчымасцей не дае, бо, напрыклад, калі гаворка ідзе пра першабытнае грамадства, то сюды цяжка ўключыць беларускае мастацтва. А калі гаворка ідзе пра вобразы маці, прыроды ці чалавека, то ўвесь урок можна пабудаваць на беларускім матэрыяле.

“Вобразна-тэматычны падыход дапамог па максімуме рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урокаў мастацтва. Мы праз выхаванне ідзём да вывучэння. Праз знаёмую для дзіцяці прастору выходзім на мастацкую вобразнасць, праз вобраз, які дзіця бачыць штодзень (дрэва, лаўка або рэчка), можна накіраваць яго свядомасць на мастацкае ўспрыманне. Такі рух дазволіў нам дасягнуць многага. Перш за ўсё эмацыянальнай рэакцыі навучэнца на мастацтва і таго, што любое дзіця зможа пазнаць мастацкі вобраз у рэальным жыцці”, — працягвала Святлана Іванаўна.

На аснове вобразна-тэматычнага падыходу пабудаваны два падручнікі па мастацтве — для 5 і 6 класаў. У 6 класе матэрыял крыху ўскладнены. Дамінантай гэтага падручніка з’яўляюцца не традыцыйныя віды мастацтва (знаёмыя з урокаў музыкі і выяўленчага мастацтва ў 1—4 класах і з сістэмы дадатковай адукацыі), якія вывучаліся ў 5 класе, а сінтэтычныя, што ў 1—4 класах даюцца апасродкавана і недастаткова. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра тэатральнае мастацтва (у тым ліку музычны тэатр), кінамастацтва.

Навізна падручніка для 6 класа ў тым, што дагэтуль у падручніках тэатральнае мастацтва ніколі асобна не вывучалася (у тым ліку ў Расіі). Больш таго, гэты матэрыял ніколі не ствараўся на беларускай аснове. “А мы адразу пачынаем з “Несцеркі” Якуба Коласа. Дарэчы, тэатры нам прадастаўлялі свае эксклюзіўныя ілюстрацыі. У падручніку ёсць матэрыял пра тэатр імя Максіма Горкага, Купалаўскі і музычны тэатры, тэатр лялек, Вялікі тэатр оперы і балета. Безумоўна, прадстаўлены і ўзоры сусветных тэатраў. Такі падыход у падборы матэрыялу тычыцца таксама і кіно.

У падручніку можна ўбачыць кадры з першага фільма, які быў зняты на кінастудыі “Беларусьфільм”, ёсць матэрыял з эксклюзіўнымі ілюстрацыямі (працоўнымі кадрамі) са стужак нашага знакамітага рэжысёра Алены Туравай. Ёсць матэрыял і пра беларускую анімацыю, якой такая ўвага ўдзелена ўпершыню ў гісторыі мастацкай адукацыі нашай краіны. Настаўнікі былі ўражаны ўзроўнем беларускай анімацыі”, — адзначыла суразмоўца.

Зноў-такі ўпершыню вывучаюцца сучасныя віды мастацтва: фотамастацтва, тэлемастацтва (наконт яго і сёння вядуцца спрэчкі), камп’ютарнае мастацтва. Апошнім нашы дзеці валодаюць, можа, нават лепш, чым дарослыя. У рабоце над гэтым падручнікам аўтары арыентаваліся на глыбокае мысленне сучаснага дзіцяці, яго ўзрост. Новыя падручнікі багатыя на ілюстрацыі, чаго раней таксама не было. Яны атрымаліся вельмі прыгожымі, маляўнічымі. Дзякуючы выдавецтву “Адукацыя і выхаванне”, з гэтымі кнігамі цікава працаваць і прыемна трымаць іх у руках.

У рабоце над вучэбнымі дапаможнікамі для 7, 8 і 9 класа аўтары адштурхоўваюцца ад гісторыка-храналагічнага падыходу, на якім і пабудаваны выданні. Настаўнікі станоўча ўспрынялі такі падыход, бо ён ім вядомы і зразумелы. Распрацоўшчыкі праграм і аўтары падручнікаў найперш арыентаваліся на тое, каб даць вучням сістэмныя веды. У падручніку для 7 класа з першай старонкі пачынаецца рух па гістарычным шляху. Гэта ніякім чынам не адбілася на афармленні. У ім, як і ў выданнях для 5 і 6 класаў, такія ж каляровыя ілюстрацыі, шмат розных прыкладаў.

“Навізна падручніка для 7 класа ў тым, што мы прапанавалі патлумачыць сучаснаму школьніку, для чаго трэба вывучаць культурныя з’явы мінулага. Многія цяпер задаюцца пытаннем, навошта дзіцяці, якое жыве ў інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі, ведаць пра першабытнае мастацтва. У падручніку для 7 класа кожны параграф заканчваецца актуалізацыяй, спробай паказаць, як сучасны мастак ці музыкант, драматург або рэжысёр інтэрпрэтуе (пераўтварае) тыя матывы, што прагучалі ў мінулым. Напрыклад, звярніце ўвагу на выяву маці і дзіцяці, якая была зроблена ў далёкія першабытныя часы, і на сучасную фігуру маці з дзіцем (сярэдзіна ХХ стагоддзя). Вобраз адзін і той жа, але мастацкае ўвасабленне рознае. Разам з тым вобраз маці існуе ў штодзённым жыцці кожнага дзіцяці, і, прыходзячы дадому, яно разумее: гэты вобраз паўтараецца, нягледзячы на змену гістарычных эпох”, — расказала Святлана Іванаўна.

У згаданым падручніку, як і ў папярэдніх, вельмі шмат нацыянальнага матэрыялу. Напрыклад, прапануецца разгледзець, як можа зайграць беларуская язычніцкая традыцыя ў сучасных беларускіх аўтараў, як сучасны аўтар можа перадаць вобраз, народжаны стагоддзі назад. Ён кіруецца беларускай ідэнтычнасцю, таму аўтарам было важна паспрабаваць паказаць культурную пераемнасць пакаленняў.

“Калі мы падбіралі мастацкі матэрыял, то рабілі гэта асаблівым чынам. Найперш кіраваліся эмацыянальнымі адчуваннямі цяпла, якіх, дарэчы, часта не хапае ў мастацвазнаўчай літаратуры. Гэта перадаецца ў мастацкіх фармулёўках, колерах, выдзяленнях, шрыфце, паветры паміж радкамі тэксту. Увага сямікласнікаў засяроджваецца і на літаратуры, бо праз яе можна выходзіць і на іншыя віды мастацтва.

Асобна трэба сказаць пра метадычны апарат вучэбных дапаможнікаў па мастацтве. Падручнікі дапаўняюць дыскі, якія складаюцца з дзвюх частак. Першая — мастацкія творы, што не ўвайшлі ў вучэбныя дапаможнікі. Іх дастаткова многа. Некаторыя адзначаюць, што дыскі маральна састарэлі (і ў падручніку для 8 класа будуць выкарыстоўвацца QR-коды). Разам з тым не ўсе маюць свабодны доступ да інтэрнэту для прагляду мастацкага твора, таму карыстаюцца дыскамі. Ва ўсіх розныя магчымасці і запыты.

Другая частка дыска — дадатковыя старонкі. Практычна да кожнага параграфа сабраны дадатковы матэрыял, таму можна не звяртацца да іншых крыніц. Багацце інфармацыі не дазваляе камфортна адчуваць сябе ў межах аднаго падручніка. Нашы дадатковыя старонкі на дыску карыстаюцца попытам, бо даюць магчымасць поўна рас-крыць тэму падручніка.

Калі гаварыць пра дыдактычны матэрыял падручніка, то ён таксама мае сваю структуру і асаблівасці. Я ўжо гаварыла пра ілюстрацыйнае багацце. Усе ілюстрацыі суправаджаюцца тэкстам. Акрамя таго, пры пабудове падручнікаў мы кіраваліся тым, што чытаць іх будуць розныя дзеці (тыя, хто вучыцца ў мастацкіх, музычных школах і жыве ў гарадах з тэатрамі і музеямі, і тыя, хто такіх магчымасцей не мае, бо жыве ў вёсцы) і ўсе яны атрымаюць базу для далейшага развіцця ў гэтым кірунку. Спадзяёмся, з падручнікам азнаёмяцца таксама бацькі, бабулі, дзядулі.

Пытанняў пасля параграфаў — 5—6. Як правіла, некалькі з іх адсылаюць непасрэдна да тэксту параграфа, што важна для настаўніка, якому неабходна праверыць ступень засваення матэрыялу. Астатнія пытанні — для работы з тэкстамі, з іх сэнсам. Гэта могуць быць, напрыклад, казкі. У рабоце з пытаннямі магчымы паралелі з іншымі сферамі, карэляцыя вучэбнага матэрыялу з асобай дзіцяці. Калі, напрыклад, гаворка ідзе пра фарфор, то можна пагаварыць пра яго выгляд, наяўнасць дома ў вучня.

У кожным параграфе ёсць пытанне, звязанае з творчай майстэрняй, дзе прадстаўлены алгарытм дзеянняў. Тут самае галоўнае — падвесці дзіця да самастойнай працы або групавой праектнай дзейнасці. Тэмы могуць быць рознымі, як і іх інтэрпрэтацыі. Пры вывучэнні кінамастацтва можна зрабіць цуда-блакнот, у якім пры хуткім перагортванні лісткоў пачынаюць рухацца намаляваныя карцінкі, або напісаць сцэнарый. Кіно — гэта рух, таму сцэнарый павінен складацца са сказаў, якія дэманструюць рух. Мы прапануем прыдумаць арыгінальную гісторыю, якая магла б адбыцца з вучнем у рэальнасці, і напісаць па ёй сцэнарый па дзеючых рухах. Персанаж павінен быць смешным, яркім і актыўным.

Спачатку такая прапанова складана ўспрымалася настаўнікамі. Але дзіця нельга прымусіць што-небудзь рабіць, яго трэба натхніць на творчасць. На ўроках мастацтва неабходна прапаноўваць, пытацца пра меркаванне дзіцяці. Вучань павінен быць у сітуацыі дыялогу, развагі і з адчуваннем сваёй слушнасці. Не бывае няправільных трактовак мастацкага вобраза. Трактоўка можа быць больш ці менш дакладная, развітая і не вельмі, а бывае асабістая, за якую дзіця абавязкова трэба пахваліць. Спачатку вучні гавораць тое, што думаюць, пасля набываюць пэўны слоўнікавы запас, які дазваляе пашыраць вобразныя характарыстыкі. Мы разумелі, што новы прадмет выкліча пэўныя хваляванні, але пры дапамозе падручнікаў яны зняліся. Больш за тое, мае знаёмыя просяць падручнікі для сваіх дарослых дзяцей, бо гэтыя выданні як міні-лекторый па мастацтве”, — зазначыла Святлана Іванаўна.

Аўтарскі калектыў распрацаваў не толькі падручнікі, але і дадатковыя вучэбныя матэрыялы: планы-канспекты ўрокаў, рабочыя сшыткі, якія, дарэчы, таксама атрымаліся ілюстрацыйна насычанымі. Мастацтва патрабуе гледачоў, здольных на эмацыянальны водгук. Мне здаецца, што цяперашнім школьнікам пашчасціла з новымі падручнікамі, якія не проста вучаць, а ўзбагачаюць духоўна, эмацыянальна, інтэлектуальна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.