Эмоцыі ў кубе

- 10:13Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Падыходзіць да завяршэння работа па стварэнні кубоў “Шэсць граней лета”.

З падручных матэрыялаў кожны раён робіць справаздачу пра падзеі, што адбыліся ў межах турыстычна-экалагічнай акцыі, арганізаванай Гомельскім абласным цэнтрам турызму і экалогіі дзяцей і моладзі. Як расказаў яго дырэктар Антон Марозаў, прадугледжаны дзве намінацыі: правя­дзенне мерапрыемстваў турыстычна-краязнаўчага і патрыятычнага кірунку, а таксама эколага-біялагічнага:

— Юныя турысты і эколагі раскажуць пра экскурсіі, добра­ахвотніцкія акцыі па навядзенні парадку, гістарычна-культурныя паездкі, конкурсы… На кожнай грані куба трэба адлюстраваць значную падзею, якая адпавядае тэме і больш за ўсё запомнілася ўдзельнікам. 

Хутчэй за ўсё, на адной з граней справаздачнага куба з’явяцца і фотаздымкі з абласнога турыстычнага злёту “Здароўе— змоладу!”, праведзенага на маляўнічым беразе Дняпра. Паспаборнічаць у майстэрстве, спрытнасці, артыстызме, хуткасці і вынослівасці на Губіцкі Кардон прыехала больш як 200 чалавек з 17 раёнаў Гомельскай вобласці. 

Па выніках турыстычнага злёту навучэнцаў “Здароўе — змоладу!” 1-е месца заваявала каманда Буда-Кашалёўскага раёна, 2-е — Чачэрскага, а 3-е — Мазырскага раёна.

У склад кожнай каманды ўвайшло па 10 навучэнцаў ва ўзросце 13—17 гадоў. Падлеткі спаборнічалі асабіста і ў скла­дзе каманд па спартыўным арыентаванні, турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніках веласіпеднага, пешаходнага турызму. Конкурсы газет, краязнаўцаў і шчырыя песні пад гітару ля вогнішча спрыялі не толькі далучэнню да здаровага ладу жыцця, але і патрыятычнаму выхаванню і абмену вопытам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.