Эмоцый узлёт дае турзлёт!

Раённы турыстычны злёт пад такой назвай сабраў калектывы ўстаноў адукацыі Слаўгарадскага раёна. Па словах старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алены Валянцінаўны Салдаценка, у спартыўным свяце прынялі ўдзел 6 каманд — самыя актыўныя і пазітыўныя, творчыя і згуртаваныя прадстаўнікі навучальных устаноў.

Падчас правядзення спаборніцтваў высветлілася, што лепш за іншых арыентуецца ў лесе каманда сярэдняй школы № 1 Слаўгарада. У конкурсе мастацкай самадзейнасці прадстаўнікам гэтай навучальнай установы таксама не было роўных. У сваю чаргу каманда Васькавіцкай сярэдняй школы стала першай у пераадоленні турыстычнай паласы перашкод — на кароткай дыстанцыі работнікі гэтай установы праявілі сябе па максімуме.

Камандны дух удзельнікаў арганізатары выпрабавалі ў спаборніцтвах па перацягванні каната. Па выніках гэтага этапу самай тэхнічнай стала каманда Зімніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Яна сапраўды была вартая 1-га месца.

На этапе “Лепшая паходная страва” каманды гатавалі свае кулінарныя шэдэўры на вогнішчы. Вынікі гэтага выпрабавання паказалі, што лепшыя кухары працуюць у яслях-садзе № 3 Слаўгарада.

Лідарам конкурсу “Побыт турыста”, які праходзіў на працягу ўсяго турзлёту, стала каманда Лапаціцкай сярэдняй школы. Яе прадстаўнікі лепш за іншых паклапаціліся пра санітарны стан лагера і выкананне правіл пажарнай бяспекі.

— Турыстычны злёт чарговы раз паказаў, што педагогі ўмеюць не толькі добра працаваць, але і творча адпачываць, — упэўнена Алена Салдаценка. — Ні адна каманда не засталася без дыплома. Але самай галоўнай узнагародай для ўсіх сталі выдатны настрой, добразычлівая атмасфера, зарад бадзёрасці і энергіі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена Слаўгарадскім райкамам
Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.