Энергаэфектыўны дзіцячы сад у Ашмянах

Урачыстае адкрыццё пасля маштабнай рэканструкцыі дзіцячага сада № 3 Ашмян, што на Гродзеншчыне, прайшло напярэдадні Міжнароднага дня энергазберажэння.

Сапраўдным падарункам дзецям і іх бацькам стала сучасная, прасторная дашкольная ўстанова з энергаэфектыўным абсталяваннем і ўсім неабходным для камфортнага знаходжання выхаванцаў. Дзякуючы дапамозе Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта праведзены капітальны рамонт будынка, заменены мэбля і абсталяванне.

На цеплавую рэабілітацыю, укараненне энергаэфектыўных мера­прыемстваў было накіравана каля 5,1 млн рублёў. Больш за 3 млн рублёў выдзеліў Гродзенскі аблвыканкам. Маштабная мадэрнізацыя праведзена ў рамках праекта, які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам. За два гады рэалізацыі праекта ў дзіцячым садзе ўкаранёны інавацыйныя энергаэфектыўныя тэхналогіі, якія дазволяць скараціць у два разы спажыванне цеплавой энергіі і выкіды СО2.

Ва ўрачыстым адкрыцці дашкольнай установы прынялі ўдзел старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Пётр Міклашэвіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Як падкрэсліў падчас мерапрыемства Віктар Пранюк, любы праект у сацыяльнай сферы важны, бо гэта інвестыцыі ў чалавечы капітал, у нашу будучыню. У Ашмянах створаны камфотныя ўмовы для бяспечнага навучання і выхавання дзяцей. Будаўніцтва і рэканструкцыя падобных аб’ектаў на Гродзеншчыне — працэс пастаянны. На чарзе адкрыццё новых дзіцячых садоў у Гродне, Лідзе, Слоніме.

— Для нас было вельмі важна завяршыць работы ў межах гэтага праекта. Будынак 1970 года да гэтага часу капітальна не рамантаваўся, а цяпер Ашмяны атрымалі трэці дзіцячы сад на 110 месцаў, тут будуць працаваць 6 груп з 12-га­дзінным рэжымам знаходжання дзяцей, установа ўкамплектавана кадрамі, — расказаў Руслан Абрамчык. — Важна, што гэта энергаэфектыўны будынак, які дазволіць ужо за першы год эксплуатацыі істотна скараціць расход энергарэсурсаў, значна сэканоміць на камунальных плацяжах. Ашмяны далучыліся да Пагаднення мэраў у 2012 годзе і былі аднымі з першых гарадоў Беларусі — падпісантамі дадзенага пагаднення, якое з’яўляецца міжнародным рухам мясцовых уладаў па добраахвотным прыняцці абавязацельстваў скараціць выкіды CO2 з дапамогай укаранення энергаэфектыўных тэхналогій і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Ашмянскі райвыканкам прыняў абавязацельствы знізіць выкіды на 20% да 2020 года і для дасягнення гэтай мэты ў рэгіёне рэалізуецца ўжо не першы праект у сферы энергаэфектыўнасці.

Дзіцячы сад № 3 стаў пілотным аб’ектам для праекта “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Ашмянскім райвыканкамам у рамках праграмы “Пагадненне мэраў — дэманстрацыйныя праекты”. У садзе выканана цеплавая рэабілітацыя фасадаў будынка і даху, вокны заменены на энерга­эфектыўныя, устаноўлены цеплавыя помпы, зманціраваны сонечны калектар і фотаэлектрычная сістэма. Сонечны калектар і цеплавыя помпы выкарыстоўваюцца як для ацяплення будынка, так і для гарачага водазабеспячэння. Перавагай з’яўляецца іх аўтаномнасць, а пры зніжэнні тэмпературы ніжэй -5°С сістэма цеплазабеспячэння аўтаматычна падключаецца да кацельні ЖКГ. Для захавання цяпла ў будынку выкарыстоўваецца сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй. Закуплена бытавая тэхніка класа A, ва ўнутраным і вонкавым асвятленні выкарыстоўваюцца святлодыёдныя лямпы.

Іскрынкай абноўленага дзіцячага сада з’яўляецца выкарыстанне сонечнай энергіі. Забяспечваць установу электрычнасцю будуць размешчаныя на даху сонечныя панэлі агульнай магутнасцю 10 кВт.

Агульны бюджэт праекта склаў 696 тысяч еўра, у тым ліку фінансаванне Еўрапейскага саюза — 555 тысяч еўра, а суфінансаванне Ашмянскага райвыканкама — 141 тысяча еўра.

Прыемна, што рэканструяваны дзіцячы сад у Ашмянах — не адзіны такі аб’ект на Гродзеншчыне. Рамонтныя работы вядуцца ў цэлым шэрагу ўстаноў адукацыі, шмат дзе яны будуць завершаны да новага года.

—У той жа дзень, што і ашмянскі сад, адкрылася  пасля рэканструкцыі верцялішкаўская школа Гродзенскага раёна, дзе работы вяліся ў рамках асваення сродкаў гранта Сусветнага банка, — расказаў Руслан Абрамчык. — У межах абласной інвестыцыйнай праграмы завяршаюцца работы па мадэрнізацыі даху Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Штогод шэраг устаноў адукацыі атрымліваюць магчымасць правесці пэўныя работы дзякуючы сродкам Сусветнага банка. Так, у студзені наступнага года будзе завершана мадэрнізацыя фасадаў сярэдняй школы № 1 Ашмян. Узмацненне вонкавых сцен Мураванаашмянкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна плануецца завяршыць да канца года, як і капітальныя рамонты будынка гімназіі ў Смаргоні, сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава ў Свіслачы, фасада Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна. Вядуцца работы ў князеўскай школе Зэльвенскага раёна, Казлоўшчынскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна. Пачынаецца рамонт у Рацічах Гродзенскага раёна і ў шэрагу іншых школ.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Арцёма ТУРЛАЯ.