Вынікі рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2014” былі падведзены Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у рамках ХІІ Міжнароднага форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы” ў Віцебску.
Традыцыйна важнае месца на форуме адводзіцца педагагічным і вучнёўскім праектам. Сёлета раўнапраўным яго ўдзельнікам стаў рэспубліканскі конкурс праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”, які нарадзіўся 8 гадоў назад на Віцебскай зямлі.
— Вельмі важна, калі са школьнай парты нашы дзеці не проста пачынаюць усведамляць, што неабходна зберагаць рэсурсы і энергію, але і самі актыўна далучаюцца да працэсаў эканоміі і энергазберажэння, — паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. — Мне сёння прыемна бачыць гасцей і кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, якія многа робяць для таго, каб наша эканоміка была энергаэфектыўнай, і ўдвая прыемней — прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці і навучэнцаў, хто прысутнічае на падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу. Тых, хто праз некалькі гадоў прыйдзе ў навуку і на вытворчасць, узначаліць арганізацыі і прадпрыемствы.
Першы намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віктар Акушка акцэнтаваў увагу на ролі энергазберажэння як выразнай тэндэнцыі сусветнай і аднаго з найбольш істотных паказчыкаў эфектыўнай работы нацыянальнай эканомікі.
— Рацыянальнае, эканомнае выкарыстанне прыродных крыніц энергіі — прыярытэтная задача ўсяго чалавецтва, кожнай дзяржавы. Мэтай праекта “Энергамарафон” з’яўляюцца распаўсюджванне ў маштабе рэспублікі перадавога вопыту работы педагогаў па арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў галіне энергазберажэння, фарміраванне ў падрастаючага пакалення беражлівых і эканомных адносін да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя, укараненне ідэй і метадаў энергазберажэння ў дзейнасць устаноў адукацыі, — расказаў Віктар Акушка. — Работа ў гэтым напрамку сістэмы адукацыі, непасрэдна дзяцей і іх настаўнікаў — удзельнікаў конкурсу — заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі і вартая ўсебаковай падтрымкі.
Дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшая творчая работа навучэнцаў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў”, медалём, кубкам, каштоўным прызам (планшэт) адзначаны відэаролік выхаванца Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Мурада Байрамава (педагог Аляксандр Віннікаў). У тройку лідараў у гэтай намінацыі — дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна — увайшлі таксама Лунінская сярэдняя школа Брэсцкай вобласці (малюнак “Мы можам выратаваць нашу планету, усё ў нашых руках!”) і Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі (плакат “Беражыце газ”). Спецыяльным прызам журы, дыпломам, медалём, кубкам, каштоўным прызам (USB-калонка) узнагароджаны яслі-сад № 6 Светлагорска Гомельскай вобласці, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-будаўнічы каледж і ліцэй Клецка Мінскай вобласці.
Арыгінальныя і цікавыя праекты былі прадстаўлены ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энерга- і рэсурсазберажэння”. Па выніках конкурснага адбору дыплом І ступені, медаль, кубак і грашовы сертыфікат на суму 200 млн рублёў атрымала ўздзенская сярэдняя школа № 2 імя Кандрата Крапівы Мінскай вобласці (праект “Школа ўстойлівага развіцця XXI стагоддзя”). Дыпломам ІІ ступені, медалём, кубкам, грашовым сертыфікатам на суму 150 млн рублёў узнагароджаны прадстаўнікі гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска (праект “Сістэма работы ўстановы адукацыі ў галіне энерга- і рэсурсазберажэння”). Уладальніцай дыплома ІІІ ступені, медаля, кубка, грашовага сертыфіката на суму 100 млн рублёў стала сярэдняя школа № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля (праект “Школа рацыянальнага энерга- і рэсурсаспажывання”).
— З Беларуссю мяжуюць тры краіны Еўрасаюза. У праграмах тэхнічнага супрацоўніцтва мы найперш стараемся знайсці агульныя інтарэсы і каштоўнасці, — праінфармавала кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Майра Мора. — Сярод такіх агульных каштоўнасцей — клопат аб навакольным асяроддзі, энергазберажэнне, энергаэфектыўнасць, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Еўрасаюз цесна ўзаемадзейнічае з Беларуссю ў гэтай галіне. Мы ўдзельнічаем у энергаэфектыўнай мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі, будаўніцтве аб’ектаў аднаўляльнай энергетыкі. Аднак не менш важнай задачай, чым абсталяванне і будаўніцтва, бачыцца работа з насельніцтвам. І ў гэтым дачыненні дзеці — найбольш удзячная мэтавая група. У нашым праекце, які называецца “Энергаэфектыўнасць у школах” і рэалізуецца ў Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях, вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце са школьнікамі і іх выхаванню ў галіне энергаэфектыўнасці, энергазберажэння. Менавіта таму праект з’яўляецца адным са спонсараў сённяшняга мерапрыемства.
Творчае спаборніцтва агітбрыгад — традыцыйна адна з самых яркіх і запамінальных старонак конкурсу. У намінацыі “Лепшая творчая работа вучняў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў” дыпломам І ступені, медалём, кубкам, каштоўнымі прызамі была ўзнагароджана агітбрыгада “Энергія сонца” (гімназія № 21 Мінска). Літаральна на лічаныя балы саступілі пераможцам агітбрыгады “Чорна-белая аповесць” гімназіі Рагачова Гомельскай вобласці (дыплом ІІ ступені) і “Зямля-2115” сярэдняй школы № 12 Віцебска (дыплом ІІІ ступені).
— Наша кампанія даволі даўно з’яўляецца партнёрам рэспубліканскага конкурсу. Праграма энергаэфектыўнасці — неад’емная частка дзяржаўнай палітыкі, і, на маю думку, самае важнае ў гэтай рабоце — стварэнне адпаведнай культуры. Значэнне “Энергамарафону” тут цяжка пераацаніць, — падзяліўся думкамі кіраўнік Прадстаўніцтва “Сіменс” у Рэспубліцы Беларусь Максім Зубаў.
Ролю культуры, выхавання правільных адносін да энергазберажэння на ўзроўні ўспрымання, падсвядомасці, культуры падкрэсліў дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вістар інжынірынг” Генеральнага прадстаўніка “Вісман” у Рэспубліцы Беларусь Павел Лягчылаў:
— Пагадзіцеся, цяжка перавыхоўваць дарослага чалавека. Большасць з нас, хто займаецца гэтымі пытаннямі, нарадзіліся ў час, калі здавалася, што прырода шчодрая, а яе рэсурсы невычарпальныя і танныя. Час паказаў нашы памылкі. Сёння Беларусь дасягнула несумненных поспехаў у энерга- і рэсурсазберажэнні. Думаю, што калі пакаленне сённяшніх удзельнікаў “Энергамарафону” прыйдзе нам на змену, наша рэспубліка апынецца ў ліку сусветных лідараў у гэтай сферы.
Узнагароды пераможцам у намінацыі “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” уручылі асабіста дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік і каардынатар праектаў “Цэнтра экалагічных рашэнняў” Арцём Быстрык. Дыпломам І ступені, медалём, кубкам, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, каштоўным прызам (электронная кніга) узнагароджана настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці Ірына Дарафейчык (праект “Сістэма работы настаўніка англійскай мовы па фарміраванні ў навучэнцаў навыкаў энергазберажэння: вопыт, праблемы, перспектывы”).
Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені адпаведна, медалём, кубкам, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, каштоўным прызам (электронная кніга) адзначаны настаўнік-дэфектолаг уздзенскай сярэдняй школы № 1 імя А.С.Пушкіна Мінскай вобласці Таццяна Крупнік (праект “Энергазберажэнне ў рамках класаў інтэграванага навучання і выхавання”) і настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Полацка Віцебскай вобласці Таццяна Шапавалава (праект “Сістэма работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры па выхаванні культуры рацыянальнага энерга- і рэсурсакарыстання”).
Вітаючы ўдзельнікаў фінальнага этапу конкурсу ад імя Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Сяргей Важнік выказаў упэўненасць, што ўсе прадстаўленыя на конкурс праекты будуць садзейнічаць росквіту як Віцебшчыны, дзе нарадзілася ідэя конкурсу, так і ўсёй нашай краіны.
У намінацыі “Лепшы практычны цэнтр (музей) па энергазберажэнні” дыпломам І ступені, медалём, кубкам, сертыфікатам на атрыманне каштоўнага падарунка (тэлевізар) узнагароджана Уцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна Гомельскай вобласці (“Практычны цэнтр па энергазберажэнні як вучэбна-метадычная пляцоўка для навучання асновам энергазберажэння”). На 2 месцы — яслі-сад № 24 Полацка Віцебскай вобласці (“Рэсурсны цэнтр дашкольнай установы па энерга- і рэсурсазберажэнні”), на 3 месцы — Крытышынская сярэдняя школа Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці (“Сістэма работы практычнага цэнтра “Энергаплюс”).
“Лепшым праектам практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў ва ўстановах адукацыі” прызнаны праект “Халадзільнік без электрычнасці” Вікторыі Тамасон і Ульяны Марозавай (гімназія № 5 Віцебска). Дыплом ІІ ступені прысуджаны праекту “Пілавінне + Кардон = Цяпло + Экалогія” Марыны Кавалёвай і Аляксандра Ражко (сярэдняя школа № 15 Магілёва), дыплом ІІІ ступені — “Праекту мадэрнізацыі сістэмы паветраабмену ў зварачнай майстэрні ўстановы адукацыі “Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі” Уладзіміра Нежывінскага (Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі Брэсцкай вобласці). Спецыяльным прызам журы адзначаны Юрый Казлоў і Аляксей Савасцьянаў, навучэнцы 2 курса Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя (праект “Святлоадбівальнік”).
У намінацыі “Лепшы рэгіён рэспублікі па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння” перамогу атрымала Віцебшчына. Дыпломам І ступені, медалём, кубкам, грашовым сертыфікатам на суму 500 млн рублёў і каштоўным прызам (ноўтбук) узнагароджана ўпраўленне адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (праект “Сістэма работы ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці па энергазберажэнні”). Дыпломам ІІ ступені, медалём, кубкам, грашовым сертыфікатам на суму 300 млн рублёў адзначана ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта (праект “Ад энергазберажэння кожнага — да дабрабыту краіны”); дыпломам ІІІ ступені, медалём, кубкам, грашовым сертыфікатам на суму 200 млн рублёў — Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі (праект “Сістэма работы ўстаноў адукацыі Брэсцкай вобласці ў сферы энергазберажэння”). Уладальнікам спецыяльнага прыза журы, дыплома, медаля, кубка, грашовага сертыфіката на суму 150 млн рублёў стаў камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта (інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “Стварэнне мадэлі энергазберагальнай прасторы сталічнага рэгіёна”).
Напрыканцы форуму адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці — пераможцаў у галіне энерга- і рэсурсазберажэння. Шэраг прадпрыемстваў і арганізацый былі адзначаны граматамі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.
— Выхаванне ў падрастаючага пакалення культуры энергазберажэння, новага светапогляду (не спажывецкае стаўленне да жыцця, а стварэнне і беражлівасць) з’яўляецца стратэгічным напрамкам для педагогаў Віцебскай вобласці, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — У цэлым сістэма работы па выхаванні навыкаў рэсурсазберажэння эфектыўна ўплывае на развіццё асобы, нацэльвае на пазітыўнае ўспрыманне жыцця, навакольнай рэчаіснасці, спрыяе свядомаму выбару на карысць беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя і рыхтуе дзяцей да жыцця ва ўмовах інавацыйных змен. Галоўны вынік нашай сумеснай дзейнасці — расходуем рэсурсы рацыянальна!
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.