Энергасістэма амаль поўнасцю падрыхтавана да прыёму электраэнергіі з БелАЭС

Гатоўнасць астатніх шасці пускавых комплексаў для выдачы магутнасці з БелАЭС складае больш за 70 працэнтаў. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” заявіў намеснік генеральнага дырэктара ДВА “Белэнерга” Павел Дрозд.

Адказваючы на пытанне аб рэалізацыі праекта выдачы магутнасці і сувязі з энергасістэмай БелАЭС, Павел Дрозд сказаў: “Асноўны аб’ём работ па будаўніцтве аб’екта мы правялі ўжо. Астатнія 6 пускавых комплексаў (з 23. — Заўвага БелТА.) размясціліся на тэрыторыі трох абласцей: Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай. Што тычыцца ступені іх гатоўнасці, то яе можна ацаніць на 70 працэнтаў і вышэй”.

Гэты праект прадугледжвае ўзвядзенне новых паветраных ліній электраперадачы 330 кВ працягласцю больш як 1 тысяча км і рэканструкцыю амаль 700 км дзеючых ліній электраперадачы. Павел Дрозд растлумачыў, што разам з уводам магутнасцей БелАЭС нагрузка на сістэму ЛЭП павялічыцца, а значыць, спатрэбіцца яе пашырэнне. “Але было б дзіўна будаваць новыя, не рамантуючы пры гэтым старыя, паколькі бесперабойна павінна працаваць уся сістэма. Таму праект прадугледжвае і рэканструкцыю ўстарэлых ліній. Пасля абследавання жалезабетонныя апоры мяняюцца на металічныя, праводзіцца замена правадоў, якія маюць дэфекты, тросаў, што засцерагаюць ад маланкі”, — дадаў ён.

Намеснік гендырэктара “Белэнерга” падкрэсліў, што бескантрольнай падача электраэнергіі з БелАЭС не будзе. Функцыі нацыянальнага дыспетчарскага цэнтра аб’яднанай энергетычнай сістэмы і забеспячэння бесперапыннага цэнтралізаванага аператыўна-дыспетчарскага кіравання ажыццяўляе
РУП “АДУ” (Аб’яднанае дыспетчарскае ўпраўленне). “Уся магутнасць, якая будзе выпрацоўвацца на БелАЭС, паступіць у энергасістэму па лініях электраперадачы 330 кВ. Прычым лініі спраектаваны такім чынам, што ў выпадку няштатных сітуацый, выкліканых адключэннем некалькіх ліній, астатнія з перадачай выпрацаваных магутнасцей справяцца. Рамонт і ўстараненне непаладак — у веданні арганізацыі, якая будзе эксплуатаваць магутнаці і на балансе якой знаходзяцца высакавольтныя лініі”, — сказаў Павел Дрозд.

Гаворачы пра работу энергасістэмы ў выпадку няштатных сітуацый, ён адзначыў: “На гэты выпадак прадугледжана будаўніцтва, так сказаць, “гарачага” рэзерву — запасных энергакрыніц на базе хуткадзеючых газатурбінных установак і газапоршневых агрэгатаў. Напрыклад, Лукомльская ДРЭС зможа выдаць нам дадатковых 150 МВт, Бярозаўская ДРЭС — 250, Мінская ЦЭЦ-5 — 300, Наваполацкая ЦЭЦ — 100. Атрымліваецца, 800 МВт у выпадку няштатнай сітуацыі ўжо праз 15 мінут гэтыя энергакрыніцы змогуць выдаць у сетку. А значыць, нармальная работа энергасістэмы будзе адноўлена. Не застанемся мы без падтрымкі краін-суседзяў — гэта прадугледжана дзеючымі дакументамі ў рамках работы беларускай энергасістэмы”.