Энергазберагальны праект гамяльчан ацанілі ў Эміратах

Нядаўна ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах падвялі вынікі міжнароднага конкурсу “Энергія будучага”, удзельнікам якога стаў праект “Энергарандэву ў Беларусі — 2”, распрацаваны кіраўніком лабараторыі энергазберажэння Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Таццянай Атрохавай.

На конкурсе было прадстаўлена 2296 праектаў з 112 краін свету. Праект гамяльчан адзначылі на міжнародным узроўні, і ён увайшоў у лік фіналістаў. Аўтары распрацоўкі былі запрошаны ў Абу-Дабі, дзе атрымалі ўзнагароду ў намінацыі “Глабальныя школы” ў знак прызнання адданасці інавацыям у сферы аднаўляльнай энергіі і ўстойлівага развіцця.

Энергазберагальнай дзейнасці ў сістэме адукацыі Гомельшчыны ўжо больш за 15 гадоў. З самага пачатку гэтаму кірунку ўдзялялася сур’ёзная ўвага. І ўвесь час тэмай энергазберажэння займалася менавіта Т.Ф.Атрохава, былы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі. Як прызнаецца сама Таццяна Фёдараўна, спачатку гэта было хобі, якое потым стала ўваходзіць у кола падкантрольных ёй пытанняў, бо праблему энергазберажэння аб’явілі адной з прыярытэтных у краіне. Дзякуючы ўпраўленню адукацыі і непасрэдна Таццяне Атрохавай на Гомельшчыне адкрыты адзіны ў рэспубліцы музей энергазберажэння з вучэбна-практычным цэнтрам.

Упраўленнем адукацыі Гомельшчыны быў рэалізаваны не адзін праект па энергазберажэнні. Прычым на мясцовым узроўні не спыняліся, шукалі партнёраў як у Беларусі, так і за яе межамі. Як вынік — супрацоўніцтва з такімі ж зацікаўленымі педагогамі і дзецьмі з Расіі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Азербайджана. Зараз гэты спіс папоўніўся Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.

Праект “Энергарандэву ў Беларусі — 2”, з якім гамяльчане абышлі многіх канкурсантаў, прадугледжвае замену шыфернага даху будынка Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя на чарапіцу з убудаванымі фотаэлектрычнымі панэлямі. Варта адзначыць, што трапіць у фінал было няпроста, паколькі распрацоўкі ўсебакова разглядаліся і аналізаваліся спецыялістамі міжнароднага ўзроўню. Праект гамяльчан прайшоў чатырохузроўневы працэс ацэнкі. Ён адпавядае ўсім неабходным крытэрыям, сярод якіх інавацыі, доўгатэрміновая перспектыва, а таксама лідарства і ўплыў на свядомасць людзей.

— Мадэрнізацыя даху будынка абласнога ліцэя з прымяненнем сонечнай чарапіцы стварае дадатковыя ўмовы для шырокай прапаганды сярод насельніцтва пераваг выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, — упэўнена аўтар праекта Т.Ф.Атрохава. — “Энергарандэву ў Беларусі — 2” — гэта адукацыйны праект, які забяспечвае мадэрнізацыю дзеючай інавацыйнай пляцоўкі абласнога вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні для эфектыўнага навучання ўсіх жадаючых навыкам рацыянальнага расходавання прыродных рэсурсаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.