Энергазберажэнне — не эканомія, а разумнае спажыванне!

- 10:43Нам пішуць

Пад такім дэвізам у сярэдняй школе № 2 Верхнядзвінска, што ў Віцебскай вобласці, прайшла пазнавальная праграма “Падарожжа ў краіну энергазберажэння”, якая стала часткай плана мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня энергазберажэння.

Фота да матэрыяла: Энергазберажэнне — не эканомія, а разумнае спажыванне!Энергаэфектыўныя тэхналогіі ўлічваліся ў ходзе рамонту, які праводзіцца сёлета ў нашай школе. Так, на даху будынка з’явіліся сонечныя калектары, якія забяспечваюць падагрэў вады, даючы адчувальную эканомію энергарэсурсаў, устаноўлена энергаэфектыўнае асвятленне кабінетаў, адрамантаваны сістэма ацяплення, водаправод. Але галоўным дасягненнем можна лічыць не столькі знешняе пераўтварэнне, колькі цікавасцб і папулярнасцб энергазберажэння ў нашым школьным калектыве. Пра гэта сведчыць актыўны ўдзел вучняў і настаўнікаў у конкурсных мерапрыемствах.

Настаўніца пачатковых класаў нашай школы В.Ліневіч разам з дзецьмі і бацькамі аформіла цэнтр эканоміі “Эканомгорад”, мае сертыфікат адукацыйнай праграмы SРАRЕ, які дае права займацца пытаннямі энергазберажэння, неаднойчы была пераможцай раённых і абласных конкурсных мерапрыемстваў па выхаванні культуры энергазберажэння. Вялікую інфармацыйна-прапагандысцкую работу па гэтым кірунку праводзіць настаўніца пачатковых класаў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны эколаг” Н.Жугіна. Удзел у шматлікіх конкурсах экалагічнай тэматыкі заўсёды выніковы: у рамках акцыі “Экасвет” работа аб’яднання ў абласным этапе адзначана дыпломам III ступені, неаднаразова Наталля Мікалаеўна ўзнагароджвалася дыпломамі і падзякамі за правядзенне Міжнародных экалагічных урокаў “Захавальнікі вады”, “Змена клімату і сувязь з захаваннем лясоў”, “Чыстыя рэкі”. Вучні пачатковых класаў узялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Героям спяваць лёгка” на лепшы кліп пра паасобны збор адходаў.

Таксама ў школе штогод ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме энергазберажэння: інфармацыйныя гадзіны, віктарыны, выстаўкі малюнкаў, інфалістовак з практычнымі парадамі па энергазберажэнні, акцыі беражлівасці, аперацыі па зборы макулатуры, творчыя шоу “Мода з адходаў” і іншыя.

Дакрануцца да праблемы энергазберажэння, зрабіць высновы і прыняць пэўныя рашэнні школьнікі змаглі і ў ходзе тэматычнай інфармацыйна насычанай праграмы ў гульнявой форме “Падарожжа ў краіну энергазберажэння”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як можна сэканоміць энергарэсурсы, якую ролю адыгрывае энергазберажэнне ў захаванні экалогіі Зямлі, якія правілы неабходна выконваць кожнаму, каб берагчы прыродныя рэсурсы.

Удзельнікі школьнай агітбрыгады “Энергастайл” пад кіраўніцтвам педагога-арганізатар А.А.Фаміной у яркім выступленні патлумачылі прысутным, што выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы неабходна беражліва, бо ад гэтага залежыць лёс нашай планеты і кожнага. Асаблівы акцэнт зрабілі на правілах паасобнага збору смецця і адходаў.

Таксама прайшлі займальныя тэматычныя конкурсы. Нямала адказаў на пытанні аб энергазберажэнні ў ходзе сустрэч атрымалі школьнік і ад кампетэнтных гасцей — прадстаўнікоў Верхнядзвінскага дзяржаўнага раённага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З упэўненасцю можна сказаць, што гэтая сустрэча пераканала ўсіх у прастаце правілаў энергазберажэння і іх эфектыўнасці. А значыць, кожны можа і павінен выконваць іх у штодзённым жыцці.

Алена СЛЯМНЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска.