Энергазберажэнне па-ліцэйску

- 16:11Нам пішуць

Трэці год у ліцэі № 1 г. Гродна рэалізоўваeцца інавацыйны праект па фарміраванні сацыяльнай паспяховасці ліцэістаў. Адзін з кірункаў работы — уключэнне навучэнцаў, педагогаў і бацькоў у сацыяльна значную дзейнасць у сферы рэсурса- і энергазберажэння.

Фота да матэрыяла: Энергазберажэнне па-ліцэйску.Вопыт, набыты падчас праекта, дазволіў нашай установе адукацыі стаць пляцоўкай для правядзення семінара-практыкума для метадыстаў РВМК, УПТА, УССА, педагогаў Гродзенскага раёна.

У ходзе семінара па тэме “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi” педагогі падзяліліся вопытам удзелу ў абласным конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2017”, у якім ліцэй быў удастоены дыплома II ступені.

— На працягу многіх гадоў намаганні педагагічнага калектыву ліцэя накіраваны на стварэнне ўмоў для самарэалізацыі ліцэістаў. Гэта ўдзел у праектнай, творчай, даследчай дзейнасці і сацыяльна значных мерапрыемствах, у тым ліку і энергаэфектыўнай накіраванасці, — адзначыў у выступленні дырэктар ліцэя І.С.Маслаў. — Усё гэта спрыяе развіццю сацыяльнай адказнасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі старшакласнікаў. А ў рамках інавацыйнай дзейнасці педагогі нашага ліцэя створылі мадэль арганізацыі сістэмы сацыяльна значных ініцыятыў і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы рэсурса- і энергазберажэння. Адзін з кірункаў рэалізацыі гэтай мадэлі — дзейнасць цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Ліцэйскі энергапатруль”.

Фота да матэрыяла: Энергазберажэнне па-ліцэйску.Куратар цэнтра І.У.Галабурда у сваім выступленні адзначыла, што цэнтр маладзёжных ініцыятыў пачаў работу ў 2016 годзе. Агітацыйная брыгада, крэатыўная каманда даследчыкаў энергазберажэння, крэатыўная каманда рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і іншыя вучнёўскія асацыяцыі з’яўляюцца ініцыятарамі і актыўнымі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, многія з якіх ужо сталі традыцыйныя: конкурс арт-аб’ектаў з пластмасавых коркаў ад пластыкавых бутэлек, акцыя “Захаваем цяпло ў нашым ліцэйскім доме”, акцыя “У ліцэй на веласіпедзе”, прымеркаваная да Міжнароднага дня без аўтамабіля, акцыі “Дзень Зямлі” і “Пасадзі дрэва”, конкурс малюнкаў і плакатаў, “ціхі пікет”, прысвечаны актуальным праблемам рэсурса- і энергазберажэння, тэматычныя дні “Самая энергаэфектыўнае адзенне ліцэіста” і “Лепшы аквагрым па праблемах экалогіі і энергазберажэння”, выпуск газеты “Цёплы дом”.

Цэнтр маладзёжных ініцыятыў арганізоўвае работу і з бацькамі навучэнцаў, выпускае інфармацыйны бюлетэнь “Сакрэты хатняй эканоміі”.

Ладзіцца конкурс “Самы энергаэфектыўны клас”. За ўдзел у мерапрыемствах энергаэфектыўнай накіраванасці класам прысуджаюцца “зорачкі”. У канцы навучальнага года клас — пераможца конкурсу атрымлівае спецыяльны прыз, заснаваны папячыцельскім саветам ліцэя.

Арганізатары семінара таксама ўключылі ў праграму мерапрыемства пазнавальную экскурсію ў музейны пакой энергазберажэння, які дзейнічае ва ўстанове адукацыі з 2010 года. Актывісты цэнтра азнаёмілі ўдзельнікаў семінара з экспанатамі, а таксама расказалі пра два творчыя праекты — панарамны макет “Беларуская АЭС” і навучальную камп’ютарную гульню “Квэст БелАЭС”, якія сталі лагічным працягам развіцця супрацоўніцтва ліцэя з інфармацыйным цэнтрам Беларускай атамнай электрастанцыі.

Таццяна КАЗЛОВА,
педагог-куратар ліцэя № 1 Гродна.