Энергазберажэнне пераходзіць у звычку

- 9:49Навіны рэгіёнаў

У Гомелі прайшоў адборачны этап рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2020”. У папулярным конкурсе звычайна прымае ўдзел шмат удзельнікаў. Як падкрэслівае загадчык вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Атрохава, конкурс з’яўляецца сур’ёзным сродкам ахопу дзяцей і моладзі ідэямі энергазберажэння, дае магчымасць выявіць творчыя здольнасці кожнага.

— На адборачны этап былі прадстаўлены 463 работы па чатырох намінацыях. Журы конкурсу адзначыла, што работы намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” маюць не толькі практычную значнасц­ь, але і рэалістычны бюджэт, таму могуць быць рэкамендаваны для ўкаранення ў іншых установах. Неад’емнай візуальнай часткай праектаў з’яўляюцца макеты, мадэлі, наглядныя дапаможнікі, мабільныя дадаткі.

Праект навучэнца Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф.Міцкевіча Максіма Салаўя “Асвятленне памяшкання генератарам адчынення дзвярэй” (кіраўнікі А.І.Лунцэвіч, С.М.Аднаральчык) інавацыйны. Функцыянальнасц­ь пацверджана яго ўкараненнем.

Вынікам удалага пошуку шляхоў скарачэння спажывання электраэнергіі з’яўляецца праект “Выкарыстанне прылады на аснове элемента Пельць­е для атрымання электрычнай энергіі”, укаранёны ў практычную дзейнасць Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага ліцэя (а­ўтар Арцём Гапоненка, кіраўнік У.І.Адамовіч).

Сацыяльна значным і актуальным з’яўляецца праект “Энергазберажэнне на ўроках фізікі ў мадэлях і экспанатах” Уладзіславы Філімонавай і Аляксандра Рабкова з гомельскай гімназіі № 10 (кіраўнік Д.С.Філімонаў), які спрыяе фарміраванню ў моладзі энергазберагальнага інавацыйнага мыслення.

Асаблівая роля ў прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў належыц­ь культурна-відовішчным мера­прыемствам. Работы адпаведнай намінацыі маюць высокую пазнавальную каштоўнасць, актуальнасць і навізну. Праект “Энергарэсурсы Палесся” дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч раскрывае шырокія магчымасці выкарыстання энергаэфектыўнага паліва, якое можна атрымліваць з драўняных адходаў (кіраўнік С.І.Міронава). Асаблівай увагі заслужыў відэаролік “Сімвалы дабрабыту” Захара Петрушко з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска (кіраўнік І.П.Петрушко). У ім арыгінальная задума ўвасоблена з выкарыстаннем беларускай сімволікі.

У малюнках і плакатах тэматыка конкурсу раскрыта ярка і разнастайна з выкарыстаннем розных матэрыялаў, — адзначае Таццяна Атрохава. Высокая актыўнасць удзельнікаў конкурсу сведчыць, што энергазберагальная дзейнасц­ь з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. У выніку дашкольнікі, навучэнцы набываюць тэарэтычныя і практычныя веды, якія пераходзяць ва ўстойлівыя навыкі і звычкі эканоміць і берагчы прыродныя рэсурсы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.