Энергія будучыні: хто стаў пераможцам маладзёжнага турніру па валейболе ў Гарадку

- 15:23Образование

Хто з будучых аграрыяў самы энергічны? Вызначылі на IV адкрытым маладзёжным турніры па валейболе ў Гарадку, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтвы з міжнародным удзелам прымаў Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Удзельнікамі турніру «Энергія будучыні» сталі каманды гаспадароў, аграрнага каледжа Віцебскай ордэна «Знак пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Велікалуцкага механіка-тэхналагічнага, Пскоўскага агратэхнічнага, Яраслаўскага аўтамеханічнага каледжаў і Велікалуцкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Па словах дырэктара ГДАТК Уладзіміра Шыцько, установа адукацыі на сістэмнай аснове супрацоўнічае з расійскімі партнёрамі. Напрыклад, зусім нядаўна ён наведаў Смаленскую акадэмію прафесійнай адукацыі ў складзе дэлегацыі Віцебшчыны. Паездка была вельмі карысная, таму што на парадку дня было не проста азнаямленне, а найперш праблемныя пытанні прафадукацыі і практычныя спосабы іх вырашэння.

З расіянамі ў каледжа наладжаны цесныя кантакты ў сферы прафесійнай адукацыі па розных напрамках: пачынаючы з метадычнага суправаджэння, інавацыйных тэхналогій у адукацыі, арганізацыі падрыхтоўкі кадраў і вытворчых практык да правядзення сумесных спаборніцтваў і ўзаемнага ўдзелу навучэнцаў і выкладчыкаў у канферэнцыях, семінарах, алімпіядах, конкурсах прафесійнага майстэрства. Шэраг запрашэнняў на такія мерапрыемствы атрыманы на гэты навучальны год. У прыватнасці, гарадаччан чакаюць у Пскоўскай і Яраслаўскай абласцях. Яшчэ адзін вектар супрацоўніцтва — Ленінградская вобласць. У Гарадок фактычна штогод паступаюць навучэнцы з Расіі. У новым навучальным годзе, як запланавана, гаворка можа весціся ўжо не пра асобныя выпадкі, а адну ці дзве арганізаваныя групы з названага расійскага рэгіёна.

Сёлета збіраемся зноў накіраваць 10 нашых навучэнцаў на практыку ў Яраслаўскую вобласць, каб яны бліжэй азнаёміліся са спецыфікай арганізацыі аграрнай галіны ў Расіі, — расказаў У. Шыцько. — У маі рыхтуемся правесці традыцыйны двухдзённы беларуска-расійскі турыстычны злёт у Гарадку. Сур’ёзную падрыхтоўчую работу зараз вядзём з пскоўскімі калегамі пры поўнай падтрымцы кіраўніцтва нашых абласцей. Мэта на бліжэйшую перспектыву — выйсці на рэалізацыю ініцыятывы «Развіццё адзінай сістэмы прафесійнай аграрнай адукацыі на аснове ўдасканальвання вучэбнай інфраструктуры сучасных тэхналогій навучання ў Саюзнай дзяржаве на 2024—2026 гг». Адпаведны пакет дакументаў па пілотным праекце накіраваны на разгляд у Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Навацыя ў тым, каб фінансаванне праекта ўпершыню выдаткоўвалася не праз рэспубліканскія міністэрствы і ведамствы, а непасрэдна ў вобласці. Гэта дазволіць і Пскову, і Гарадку зрабіць рывок у развіцці: у рамках рэгіянальных задач значна павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння і якасць падрыхтоўкі навучэнцаў, удасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу, набыць тэхніку, стварыць новыя лабараторыі. Прычым праз наш цэнтр кампетэнцый праект будзе працаваць на ўсю Віцебшчыну.

Між тым валейбольная старонка ў гісторыі сяброўства атрымалася пазітыўнай, яркай і запамінальнай. Як паведаміла намеснік дырэктара ГДАТК па выхаваўчай рабоце Валянціна Палянічка, адкрыты валейбольны турнір — добрая традыцыя каледжа. Штогод ён праводзіцца з міжнародным удзелам. Сёлета гульні адбываліся спачатку ў групах, пасля прайшлі паўфіналы. У дынамічным фінальным паядынку перамагла пскоўская каманда. Яе прадстаўнік Вадзім Сацітаў прызнаны лепшым гульцом турніру. На другім месцы — Гарадок, на трэцім — Лепель. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі і медалямі, а усім камандам уручылі сертыфікаты ўдзельнікаў, сувеніры, прадастаўленыя раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь», а таксама памятныя фотакалажы і фірменныя пірагі — смачны брэнд Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам