Энергія і ўнутраны зарад настаўніка

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Юлія Міхайлаўна Стаблецкая, колькі сябе памятае, заўсёды марыла займацца менавіта педагогікай.

Атрымаўшы школьны атэстат, Юлія Міхайлаўна свядома працягнула навучанне на філалагічным факультэце па спецыялізацыі “сучасная замежная мова (нямецкая, англійская)” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля маладым спецыялістам яна накіравалася ў родную Верамейскую сярэднюю школу. З першых дзён работа закруціла яе: выкладанне прадметаў у 3—9, 11 класах, удзел у шматлікіх мерапрыемствах і конкурсах.

Пры падрыхтоўцы ўрокаў Юлія Міхайлаўна стараецца арыентавацца на захапленні дзяцей, шукае новыя формы заняткаў. Малодшых школьнікаў актыўна ўключае ў праектную дзейнасць, дзе вучань мае магчымасць расказаць пра сябе, сваю сям’ю, гадаванца, выхадныя або святочныя дні. У сярэдніх класах да аповеду дадаецца заданне выказаць сваё меркаванне па якім-небудзь пытанні. Старэйшых вучняў педагог імкнецца падштурхнуць да дыскусіі. Заняткі маюць сучасны характар. Вельмі часта Юлія Міхайлаўна выкарыстоўвае Wев 2.0, што робіць урокі вельмі цікавымі. Фізкульмінуткі суправаджаюцца песнямі, вершамі, дагаворкамі, якія з’яўляюцца карыснымі пры замацаванні ўжо вядомых лексічных адзінак і канструкцый.

Увага і час настаўніцы скіраваны і на падрыхтоўку вучняў да алімпіяднага руху, работу з адоранымі дзецьмі. Гэтую работу Юлія Міхайлаўна пачынае з урокаў: у яе распрацавана сістэма заданняў павышанай складанасці для дзяцей, якія на занятках працуюць хутчэй за аднакласнікаў. Праводзяцца стымулюючыя заняткі. Як вынік, яе вучні ў гэтым навучальным годзе — пераможцы раённага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах: Ілья Стаханаў, Дзіяна Дамарэцкая — 1-е месца, Ілья Аннаеў — 2-е; усерасійскіх i міжнародных інтэрнэт-алімпіяд: Ілья Стаханаў — тры 1-я, адно 2-е, адно 3-е месца; Дзіяна Дамарэцкая — тры 1-я, два 2-я і два 3-я месцы, Ілья Аннаеў — два 2-я, адно 1-е, адно 3-е, Аляксандра Захарэнка — чатыры 1-я, Ксенія Кожына — 3-е, Ірына Бераснева — 2-е месца.

Упершыню я з Юліяй Міхайлаўнай удзельнічала ў Міжнародным творчым конкурсе даследчых праектаў “Мае навуковыя даследаванні”, на якім заняла 1-е месца. На Усерасійскім конкурсе педагагічных прэзентацый “Адкрытыя далоні” ў намінацыі “Даследчая работа: замежная мова” я была ўзнагароджана дыпломам І ступені. Дадзеная работа таксама перамагла на раённым этапе даследчых работ вучняў.

Юлія Міхайлаўна і сама займаецца навуковай працай. Гэтую дзейнасць яна пачала яшчэ ва ўніверсітэце. Сёлета настаўніца на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ заняла 2-е месца.

Для ўтрымання цікавасці навучэнцаў у методыцы выкладання ёсць шмат прыёмаў, але Юлія Міхайлаўна ўпэўнена: гэта працуе толькі пры адной умове — энергія і ўнутраны зарад настаўніка павінны быць больш моцнымі, чым зарад кожнага асобнага вучня, які ён здольны аддаць на ўроку.

Дзіяна ДАМАРЭЦКАЯ,
вучаніца 8 класа Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.