Энергія маладых педагогаў зараджае сучасную школу

На першым настаўніку ляжыць вялікая адказнасць — ад яго педагагічнага таленту і ўвагі да вучня залежыць усё школьнае жыццё маленькага чалавека. Марыя Леанідаўна Быкоўская, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 29 Мінска, усвядомлена ўзялася за такую няпростую працу, яна ўпэўнена: ёсць асаблівая пазітыўная энергія, шчырасць у стасунках з дзецьмі гэтага ўзросту.

— Кожнага вучня я ўспрымаю перш за ўсё як асобу, — дзеліцца сваімі поглядамі малады настаўнік. — У іх ёсць пэўныя веды, ужо склаўся характар. Таму я стаўлюся да іх як да дарослых — ухваляю самастойнасць, даю магчымасць раскрыцца і праявіць адказнасць.

Гутарым мы якраз пасля ўрокаў, а побач вучні займаюцца сваімі маленькімі абавязкамі: хтосьці нясе ваду для кветак, хтосьці мые анучку, каб дзяжурныя прывялі ў парадак дошку.

— У адукацыі працуюць маці, цётка, бабуля і дзядуля, — расказвае Марыя Леанідаўна. — Але як сапраўдныя педагогі родныя не ўплывалі на мой прафесійны выбар і, калі аргументавана патлумачыла, чаму буду настаўнікам, лёгка яго прынялі.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка будучы педагог займалася навукова-даследчай работай, таму скончыла магістратуру і нават стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На апошнім курсе паўдзельнічала ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” і выйшла ў фінал у намінацыі “Педагагічны дэбют”. І галоўнае — атрымала вопыт выкарыстання цікавых педагагічных методык. З такім багажом было не так страшна завітаць да сваіх першых першакласнікаў.

— Спачатку было крыху складана з гіперактыўнымі вучнямі: нават 2 фізкультхвілінкі за ўрок не стрымаюць іх непаседлівасць, — узгадвае настаўніца. — Галоўнае — праводзіць урок цікава. Падчас курса “Уводзіны ў школьнае жыццё” мы паступова знаёміліся з правіламі паводзін на ўроку і на перапынку, са школьнай дысцыплінай, але рабілі гэта праз гульнявыя і групавыя формы работы. Гэта сапраўдны выклік для настаўніка: я “прыводзіла” на ўрок казачных персанажаў, мы “вандравалі” па краінах і кантынентах.

Калі малады настаўнік толькі пачынае працаваць з маленькімі дзецьмі, яго можа чакаць расчараванне: яны засвойваюць новы матэрыял з рознай хуткасцю, іх першыя літары звычайна вельмі далёкія ад ідэалу. Марыя Леанідаўна гаворыць, што галоўнае — аптымізм. Нельга злавацца на дзяцей ці дакараць сябе, калі не ўсё ідэальна. Трэба засяроджваць увагу на станоўчых момантах, а таксама мець унутраны стрыжань і прадуманую сістэму выкладання, тады і з’явіцца ўпэўненасць у сабе і сваім класе.

— У нашай прафесіі нельга сказаць, што ты ідэальны настаўнік, — упэўнена Марыя Леанідаўна. — Кожны раз, прыходзячы на ўрок, нават калі гэта ўжо знаёмая тэма, ты ўсё роўна атрымліваеш новы вопыт. І гэта трэба задзейнічаць памаксімуме — і дзеля прафесійнага росту, і проста дзеля задавальнення!

Па гэтай жа прычыне ў мінулым годзе малады педагог другі раз паўдзельнічала ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Расказвае, што прыняла запрашэнне дырэктара гімназіі Віктара Васільевіча Пшыкава зноў акунуцца ў атмасферу спаборніцтва не раздумваючы — за 10 секунд. І не пашкадавала: абмен думкамі з іншымі настаўнікамі, цікавыя і настандартныя задачы і, галоўнае, новы вопыт, які дапаможа больш цікава і эфектыўна працаваць з дзецьмі, — штодзённая праца гэтага вартая.

Моцнае імкненне да развіцця і актыўная пазіцыя заслугоўваюць павагі. Менавіта такіх — рашучых, энергічных, зацікаўленых — маладых настаўнікаў і хочацца пажадаць нашай адукацыі!

Педагагічны стаж — 3 гады з невялікім “хвосцікам”. Адказнасці — столькі, колькі вытрымае не кожны дасведчаны работнік адукацыі. Маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Кацярына Станіславаўна Ляшнеўская паспела многага дасягнуць у прафесіі.

Будучага філолага ў ёй, тады яшчэ вучаніцы гэтай самай гімназіі, разгледзела класны кіраўнік і адразу ж далучыла дзяўчынку да алімпіяднага руху. Кацярына не раз станавілася прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

— Галоўная заслуга маёй настаўніцы Вікторыі Генадзьеўны Яцэнка ў тым, што яна прывіла мне цікавасць да мовы. Дзякуючы ёй я сама пачала шукаць веды, падбіраць кнігі і цяпер раблю гэта заўсёды.

Пасля — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе было цікава нават проста слухаць багатае маўленне выкладчыкаў. Ды, калі запрасілі ў магістратуру, Кацярына Станіславаўна адмовілася: па-першае, работа з дзецьмі вабіла больш за даследаванне абстрактных навуковых матэрый; па-другое, у Лошніцы ўжо чакаў любімы муж. Так педагог з дыпломам з адзнакай вярнулася на сваю малую радзіму.

Спярша настаўніца паспрабавала сябе ў іншай школе, але з адпачынку па доглядзе за маленькім сынам вярнулася ўжо ў сваю гімназію.

— Тут знаёмы калектыў, які цалкам падтрымаў, падбадзёрыў. А галоўнае — усе імкнуцца да чагосьці новага, і ты незаўважна падпарадкоўваешся іх імкненню, — дзеліцца Кацярына Станіславаўна.

У кожным класе ўсталяваны камп’ютар, у гімназіі ёсць інтэрактыўныя і SMART-дошкі, у мінулым годзе адкрыўся STEM-клас. Настаўнікі даўно здаюць большасць дакументаў не на паперы і актыўна выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі на ўроку. Малады педагог не адстае: у 2016 годзе заняла 2-е месца ў абласным конкурсе адкрытых урокаў “Інтэрактыўная дошка: ад нагляднасці да актыўнага ўрока”.

— Камп’ютар не толькі дазваляе эканоміць час на занятках, але і адразу прыцягвае ўвагу дзяцей, — заўважае Кацярына Станіславаўна. — Асабліва я гэта ацаніла падчас урокаў мастацтва, дзе выкарыстоўваецца шмат выяўленчага матэрыялу: мы глядзім і абмяркоўваем мультфільмы, карціны, слухаем музыку.

На думку педагога, вельмі правільна, калі выкладанне гэтага прадмета давяраюць настаўніку-філолагу, бо праграма накіравана на выхаванне маральных якасцей і агульначалавечых каштоўнасцей вучняў, а гэта пераклікаецца з мэтамі вывучэння літаратуры ў школе.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял мае і аб’яднанне па інтарэсах “Залатое пяро”. Вучні 5, 6 і 9 класаў вывучаюць тэорыю літаратуры і адразу замацоўваюць веды на практыцы. Некаторы час нават выдавалі “Гімназічны веснік”, дзе друкавалі рэпартажы з мерапрыемстваў шостага школьнага дня, алімпіяд і спаборніцтваў. Кацярына Станіславаўна прызнаецца, што з дзяцінства цікавілася журналістыкай, і заняткі дазваляюць ёй самой рэалізавацца ў гэтай сферы.

Выхаванцы “Залатога пяра” пастаянна дасылаюць свае творы на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы юных журналістаў. Гэта дае нагоду глыбока прааналізаваць і абмеркаваць актуальныя грамадскія пытанні, паразважаць на філасофскія тэмы. А першыя перамогі выдатна матывуюць вучняў на ўдасканаленне.

— Калі я толькі прыйшла, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лілія Іванаўна Дзерваед адразу сказала: “Настаўнік без класа — не настаўнік!” — і прапанавала мне класнае кіраўніцтва, — узгадвае малады педагог. — Я вельмі баялася: такая складаная задача патрабуе шмат часу, а ў мяне 4-гадовы сын, які хоча, як мама, “выпраўляць памылкі” ў вучнёўскіх сшытках! Таму пік маёй працоўнай актыўнасці пасля ўрокаў — з 10 гадзін вечара, калі ён ужо спіць.

Ды аргумент старэйшай калегі так уразіў Кацярыну Станіславаўну, што 1 верасня яна ўжо знаёмілася са сваімі пяцікласнікамі. Аказалася, пакуль праходзіш з дзецьмі кожны этап сталення: адказваеш на іх асабістыя пытанні, раскрываеш унутраныя якасці, дапамагаеш у зносінах з настаўнікамі-прадметнікамі — даследуеш сябе самога як настаўнік. А класныя гадзіны і пазакласныя мерапрыемствы даюць прастору для творчасці: Кацярына Станіславаўна праводзіць дзелавыя гульні, абмяркоўвае з вучнямі пытанні экалогіі і беражлівасці на імправізаваным судзе.

Асобная тэма — стасункі з сем’ямі вучняў. Важны ўрок для маладога спецыяліста — не баяцца звяртацца да бацькоў, бо яны заўсёды зацікаўлены разабрацца ў праблеме, знайсці выйсце. Патрэбна толькі даць ім пачуць цябе. Наша гераіня навучылася.

Выкладанне мовы, літаратуры і мастацтва, класнае кіраўніцтва і работа з будучымі журналістамі добра падрыхтавалі настаўніцу да ўдзелу ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Малады спецыяліст — 2018”. Кацярына Станіславаўна з вялікім адрывам перамагла ў намінацыі “Гуманітарныя навукі”. Але, гаворачы пра конкурс, узгадвае перш за ўсё не іспыты, а падтрымку сваіх калег, якія давалі карысныя парады, паказалі прыклад конкурснага адкрытага ўрока.

— Шчыра кажучы, конкурс дапамог мне сваім калегам, якія памятаюць мяне як Кацю, паказаць сябе як настаўніка Кацярыну Станіславаўну, — з усмешкай прызнаецца пераможца.

Атрымалася так удала, што таленавітага педагога заўважылі ў раённым вучэбна-метадычным кабінеце і запрасілі кіраваць школай маладога спецыяліста. Тыдзень назад 27 настаўнікаў наведалі першае пасяджэнне ў Лошніцкай гімназіі.

— 15 жніўня маладыя педагогі прыязджаюць у аддзел адукацыі і не ведаюць, што іх чакае. Я памятаю свой страх і няўпэўненасць у гэты момант, — узгадвае настаўніца. — Таму вельмі важна аб’яднаць маладых педагогаў.

Пасяджэнне пачалі з гульні “6 кароткіх спатканняў”, каб усіх перазнаёміць і зняць напружанне. Супрацоўнікі гімназіі правялі для маладых спецыялістаў адкрытыя ўрокі і майстар-класы: навучылі працаваць з дакументамі, правільна размяркоўваць час на занятках і праводзіць работу ў групах. Кацярына Станіславаўна з асаблівай увагай сачыла за рэфлексіяй: абапіраючыся на ўражанні ўдзельнікаў ад першай сустрэчы, прасцей знайсці цікавыя для іх тэмы і формы работы. Наперадзе — цэлы год насычаных сустрэч і першых прафесійных выклікаў.

Пазнаёміўшыся з усімі заняткамі маладой маці і настаўніцы, нават не верыш, што ў яе можа заставацца час на хобі. Але Кацярына Станіславаўна захапляецца скрапбукінгам — пакуль рукі робяць чарговую паштоўку ці вокладку, галава адпачывае ад школьных клопатаў, нараджаюцца новыя ідэі. Таму ў Дзень настаўніка жадаем маладому педагогу рэалізаваць усе цікавыя задумы, але па-ранейшаму мець час на сям’ю і адпачынак!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.