Энергія моладзі

- 9:33Актуальна, На парадку дня

Актуалізацыю форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні абмеркавалі на рэспубліканскім семінары­нарадзе.

Пад куратарствам Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны была арганізавана работа секцыі № 2, прысвечанай узаемадзеянню з грамадскімі аб’яднаннямі па пытаннях патрыятычнага выхавання і сацыяльнай абароны насельніцтва, падтрымцы мала­дзёжных грамадскіх ініцыятыў.

Удзельнікі секцыі азнаёміліся з работай Мінскага гарадскога ваенна-патрыятычнага клуба “Рысь”, наведалі храм-помнік у гонар Усіх Святых, мемарыяльны комплекс “Масюкоўшчынскі лагер смерці”.  У Студэнцкай вёсцы была прэзентавана дзейнасць Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, прадстаўлены праект “Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”, арганізавана выстава “Памяць пакаленняў”.

Падчас пленарнага пасяджэння былі абмеркаваны актуальныя аспекты патрыятычнага выхавання мола­дзі і міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтай справе.

— Пытанні работы з моладдзю, яе патрыятычнага выхавання знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. У бягучым годзе прынята праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022—2025 гады, якая ўпершыню замацавала магчымасць сістэмнай, разнапланавай работы, міжведамаснага і міжсектаральнага ўзаемадзеяння. Міністэрства адукацыі каардынавала дзейнасць міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы праграмы і рэалізуе план мерапрыемстваў патрыятычнага выхавання моладзі.

Сёння гэтую работу мы вядзём з трыма буйнымі суб’ектамі. Першы — гэта наша навучэнская моладзь. Толькі на ўзроўні агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі гэта каля 1,5 млн маладых людзей. Другі суб’ект — працоўная моладзь. Трэці — нашы грамадскія аб’яднанні. Напярэдадні пленарнага пасяджэння мы азнаёміліся з дзейнасцю Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Важную ролю адыгрывае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Для каардынацыі дзейнасці з гэтымі арганізацыямі і ўзаемадзеяння са студэнцкай моладдзю паспяхова функцыянуе Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет.

Мы працуем і ў галіне падрыхтоўкі кадраў. На базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў па рабоце з моладдзю. Прыемна, што павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку праходзяць супрацоўнікі не толькі ўстаноў адукацыі, але і прамысловых прадпрыемстваў, што яшчэ раз падкрэслівае: пытанні работы з моладдзю актуальныя на ўсіх узроўнях, — паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Каб гэтыя пытанні паспяхова вырашаліся, важна ўмець слухаць моладзь, адказ­ваць на яе патрабаванні, знаходзіць сучасныя формы работы. Актывізавалася дзейнасць дыялогавых пляцовак, правя­дзенне патрыятычных акцый. У гэтай рабоце бяруць удзел кіраўнікі ўсіх узроўняў улады, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Выдатным прыкладам з’яўляецца вопыт Маладзечанскага раёна.

— Ініцыятыва “Маладзечна — горад, дружалюбны дзецям і падлеткам” дазваляе нам слухаць і чуць моладзь. Стартавай пляцоўкай для развіцця сацыяльнай актыўнасці маладых людзей стаў Мала­дзёжны парламент горада. Галоўнае ў яго рабоце — рэалізацыя сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў, сярод якіх відэапраект “Жураўлі” аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, удзел у валанцёрскім руху “Працягні руку лапцы”, “Ялінка жаданняў”. Ужо 10 гадоў брэндам раёна з’яўляецца фестываль маладзёжных ініцыятыў “Час жыць!”. Больш за паўтары тысячы маладых людзей аб’яднаў раённы маладзёжны форум “Пакаленне МОЛАДЗЬ”. Ён стаў пляцоўкай для актыўнай моладзі, якая робіць свой уклад у развіццё Маладзечанскага краю і з павагай ставіцца да нацыянальнай гісторыі і культуры.

Плённае супрацоўніцтва з Саветам ветэранаў вылілася ў праект “Дыялог пакаленняў “Нам ёсць чым ганарыцца…”. Па ініцыятыве Маладзёжнага парламента, БРСМ, Беларускага саюза жанчын, прафсаюзнага актыву ў раёне рэалізуецца праект “Адзінства — у дабрыні”. Ён садзейнічае фарміраванню ў людзей міласэрнасці, спачування, адказнасці. З 2020 года раённай арганіза­цыяй БРСМ рэалізуецца праект Past&present, які дапамагае пашырыць і паглыбіць веды па гісторыі вуліц Маладзечна, стварае ўмовы для самастойнага пошуку пры вывучэнні гісторыі роднага краю, выклікае цікавасць да роднага горада.

Рэалізуюцца праекты і ініцыятывы, накіраваныя на героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі. Праводзяцца штогадовыя ваенна-патрыятычныя гульні для школьнікаў, спартыўна-патрыятычныя лагеры, урокі мужнасці, акцыі “Моладзь ветэранам”, ваенна-патрыятычныя і спартыўныя мерапрыемствы на базе аздараўленчых лагераў і на прышкольных пляцоўках. Арганізавана работа профільнага грамадзянска-патрыятычнага лагера, наладжана актыўнае ўзаемадзеянне з камандаваннем воінскіх часцей, ваенкаматам і ДТСААФ. У перспектыве мы плануем адкрыццё раённага ваенна-патрыятычнага клуба на базе вайсковай часці.

У рамках праекта “Ідзі і глядзі” прахо­дзяць сустрэчы, гутаркі, тэматычныя вечары, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, малалетнім вязням, арганізоўваюцца навукова-практычныя канферэнцыі, вядзецца актыўная пошукавая работа. Праект увесь час развіваецца. У сярэдняй школе № 14 Маладзечна створана зала памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Збор даных аб ахвярах і адкрыццё экспазіцый па генацыдзе бу­дуць прадоўжаны і іншымі ўстановамі адукацыі нашага раёна, — паведаміла намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама ­Алеся Лукоўская.

З’яўляюцца новыя тэхналогіі, паскараецца тэмп жыцця, моладзь становіцца больш прасунутай. Але нязменнай застаецца каштоўнасць дзяржавы — патрыятызм яе грамадзян, які пачынаецца з любові да малой радзімы, да таго месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, з гордасці за сваю сям’ю, школу, вёску, пасёлак ці горад, за людзей, якія жывуць побач.

Працуючы з моладдзю, мы вызначаем вектар развіцця нашай дзяржавы, імкнёмся ствараць неабходныя ўмовы і магчымасці для рэалізацыі маладымі людзьмі сваіх здольнасцей, лідарскіх якасцей, павышэння прафесійнага майстэрства. Любая жыццяздольная ідэя абавязкова праб’ецца праз церні, стане вядомай, калі накіраваць энергію моладзі ў рэчышча стварэння. Гэта наша галоўная задача, рэалізаваць якую можна сумеснымі намаганнямі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.