Энергія вуліц

Яшчэ не так даўно брэйк-данс жыў толькі на вуліцах, а сёння ён запальвае найбуйнейшыя сусветныя пляцоўкі. На іх усё часцей заваёўваюць для сябе месца пад сафітамі юныя мінчане. Імідж беларускаму брэйк-дансу стварыў некалі і ўзнімае трынаццаты год запар Аляксандр Войнаў, выкладчык дома брэйк-данса Hunters Цэнтра дадатковай адукацыі “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска, стваральнік і кіраўнік адзінага ў краіне Маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту. Днямі яго хлопцы чарговы раз расставілі кропкі над і, заваяваўшы 1-е і 2-е месцы на Адкрытым кубку свету па брэйк-дансе WhiteWolfBattle, які ўпершыню праводзіўся ў Беларусі.

Ад тэлешоу — да жыццёвай справы

Сённяшнія перамогі юных танцораў сталі вынікам даўняй “невылечнай хваробы” на брэйк іх кіраўніка. Аляксандр з 4 класа да 18 гадоў займаўся грэка-рымскай барацьбой, але ў 1999 годзе паглядзеў тэлерэпартаж пра чэмпіянат свету па брэйк-дансе з легендарнай камандай Jam Style & Da Boogie Crew, і ўсё астатняе для яго перастала існаваць. Знайшоў аднадумцаў сярод равеснікаў — і тых, хто хацеў навучыцца, і тых, хто ўжо нядрэнна танцаваў — і ўсё закруцілася.

“Ні ў каго з нас не было памяшкання, і мы прасіліся танцаваць у калідоры мясцовага Дома піянераў, які потым стаў Цэнтрам дадатковай адукацыі “Вікторыя”. Нас туды пускалі. Потым мы “прыбіліся” да калектыву эстраднага танца, атрымалі перамогу ў некалькіх конкурсах для Дома піянераў. З таго часу ўжо афіцыйна хадзілі на заняткі і нават займаліся ў вялікім калідоры, а потым нам аддалі залу ў філіяле цэнтра”, — успамінае Аляксандр.

У 2001 годзе Аляксандр аб’яднаў аднадумцаў у каманду Hunters, якая стала пераможцай чэмпіянату Беларусі. Потым гэтае званне каманда пацвярджала яшчэ 9 разоў, а сёння яна самая тытулаваная ў Беларусі і добра вядома за межамі краіны. Самога ж юнака хутка запрасілі выконваць брэйк-данс у танцавальным шоу ў Азіі. Праз 3 гады А.Войнаў вярнуўся, але на той час яго хлопцы страцілі ўсё: залу, апаратуру, касцюмы, самі займаліся на вуліцы. І каб у калектыву зноў было памяшканне, Аляксандр прыйшоў выкладаць брэйк у Цэнтр дадатковай адукацыі. Тады ж і набраў першую групу дзяцей.

Практык без тэорыі

Былая слава і тое, што ведалі ў Мінску пра поспех Аляксандра ў Азіі, дазволіла дырэктару тады яшчэ Дома піянераў узяць маладога чалавека на працу выкладчыкам, хоць у яго не было ні педагагічнай, ні харэаграфічнай адукацыі. Ужо працуючы тут, А.Войнаў скончыў курсы павышэння кваліфікацыі. Але апошнія гадоў восем па просьбе педагагічнага ўніверсітэта ён сам па 2—3 разы на год праводзіць заняткі на курсах павышэння кваліфікацыі для беларускіх педагогаў рытмікі і харэаграфіі.

“Тэорыю я вучыў праз практыку, наведваючы заняткі іншых калектываў. Тую практыку, якая мне была патрэбна, не дала б ні адна УВА: у нашай краіне прафесійна пакуль не вучаць брэйк-дансу. Мы над гэтым працуем: нядаўна заснавалі федэрацыю брэйк-данса і цяпер будзем рэгістраваць яго як від спорту (ва ўсім свеце брэйк-данс прызнаны спортам, а ў нас пакуль не), адпаведна, ва УВА з’явіцца гэты кірунак. Брэйк-данс не будзе класічным відам спорту, а будзе лічыцца спартыўным танцам. Думаю, з’явіцца ён і ва ўстановах, дзе выкладаецца харэаграфія. А ўніверсітэт фізічнай культуры дакладна будзе даваць педагагічную і спартыўную адукацыю са спецыялізацыяй “выкладчык брэйк-данса”.

“Калі гаварыць пра маю адукацыю, то я сутыкнуўся з тым, што аўтары тэарэтычнага матэрыялу проста не ведаюць практыку, таму дапускаюць мноства значных памылак. Па гэтай прычыне я лепш буду практыкам з маленькім багажом тэорыі, чым вялікім тэарэтыкам без практыкі”, — гаворыць А.Войнаў.

Натуральны адбор

Не пыталіся пра дыплом у Аляксандра і яго выхаванцы. Тады ў краіне брэйк-данс набраў шалёную папулярнасць, а афіцыйна пляцовак, дзе яму вучылі б, было 3—4 на краіну. Да А.Войнава адразу пабеглі сотні падлеткаў. Нават была асобная група з 35 дзяўчат, якіх Аляксандр вучыў танцаваць хіп-хоп, дарэчы, паспяхова: у іх было 1-е месца ў краіне сярод школ хіп-хопа, якіх тады існавала шмат.

З самага пачатку ў Аляксандра быў свой погляд на фарміраванне груп. У іх складзе заўсёды дзеці рознага ўзросту (як і ў дварах), з розным узроўнем падрыхтоўкі. У групе заўсёды ёсць тыя, хто ўжо нешта ўмее, і тыя, хто толькі прыйшоў. Так слабейшыя дзеці цягнуцца за мацнейшымі і вельмі хутка іх даганяюць. Часта хлопцы самі аб’ядноўваюцца ў калектывы, збіраючы сваіх сяброў.

Другі прынцып Аляксандра — ніякіх адбораў. Ён заўсёды сцвярджае: танцаваць могуць усе. Іншая справа — стараннасць.

“Калектывы, якія адбіраюць дзяцей, проста задзіраюць нос, — тлумачыць ён. — Педагог якраз і абавязаны навучыць дзяцей танцаваць, а працаваць з падрыхтаваным дзіцем — прасцей за ўсё. Мне смешна, калі даведваюся пра кастынгі ў падобныя калектывы, бацькі трасуцца, маўляў, хоць бы маё ўзялі. І да нас часта прыходзяць: “Паглядзіце на маё дзіця”. А я гавару: “Няхай лепш яно паглядзіць на нас і вам само скажа, ці будзе гэтым займацца”. Гэта ж тычыцца і малышоў. Я бяру дзяцей з 4 гадоў. Ёсць і пара малодшых, але яны выключэнне, бо да 4 гадоў рэдкае дзіця ўспрымае заняткі як заняткі, а не як вольны час. (А яшчэ адно выключэнне — 7-гадовы сын Аляксандра, які выканаў свае першыя джэмы, калі яму не было яшчэ і двух гадоў. — Заўв. аўтара.)

Такім чынам, хто гаворыць, што ваша дзіця будзе танцаваць, хлусіць. За нас усё робіць натуральны адбор: першымі заняткі пакідаюць самыя лянівыя, якія планавалі ўжо праз тыдзень на галаве круціцца, бо насамрэч гэта манатонныя і цяжкія заняткі, цела рыхтаваць трэба паступова, неабходна вучыцца арыентавацца ў прасторы і падаць. Потым — тыя, хто прыйшоў да нас па перамогі на чэмпіянатах і конкурсах (яшчэ горш, калі па іх дзяцей прыслалі бацькі). І таму часта даводзіцца жорстка размаўляць з мамамі і татамі і настойваць, каб яны перасталі прыгнятаць дзіця і патрабаваць ад яго таго, што патрабаваць яшчэ рана. А вось з астатнімі можна працаваць. Перашкодай можа быць толькі забарона ўрача. Хаця ў свеце ёсць шмат прыкладаў, калі па стане здароўя заняткі людзям забаронены (нашы ўрачы дакладна не далі б ім дазвол), а яны займаюцца, выйграюць чэмпіянаты свету. Напрыклад бі-бой з Францыі Джуніёр з палачкай цяжка ходзіць, але танцуе так, што ніхто ў свеце гэта не паўторыць. Яго фішка — моцныя рукі”.

Сам Аляксандр не шукае ў навучэнцах моцныя бакі, а робіць ухіл на ўсё адразу: і на акрабатыку, і на фізічную падрыхтоўку, і на расцяжку, і на тэхніку выканання элементаў, і, канечне, на музычнае развіццё, бо толькі так можна канкурыраваць на сцэне.

Зоркі без зорнасці

Сёння ў Аляксандра два зорныя калектывы. Праўда, зорнасць тут — сур’ёзны дыягназ, пры першых сімптомах “хваробы” і імкненні адпачыць ёсць “пілюлі”. Старэйшы (не па ўзросце, а па вопыце) — Lil Killaz, дзеючы чэмпіён Еўропы і свету па брэйк-дансе. Гэтую каманду запрасілі прыняць уд зел у адкрыцці беларускага Пасольства ў Іспаніі, мерапрыемства пройдзе ў маі. А з Мадрыда хлопцы адразу паляцяць у швейцарскі Цюрых на Міжнародны чэмпіянат The Dance. Гэтая каманда будзе адной з 10, якія прадставяць розныя краіны свету, і першай камандай дзяцей за ўсю гісторыю чэмпіянату.

Другі калектыў — Team-A-Team. Яго ўдзельнікі на пару крокаў адстаюць ад Lil Killaz, але нарошчваюць тэмп. Хлопцы выйгралі ўжо мноства чэмпіянатаў у Расіі, Польшчы, краінах Прыбалтыкі і інш. Шмат хто з іх атрымліваў перамогу ў сольных спаборніцтвах, у тым ліку міжнародных. У Беларусі пакуль яны як каманда нікому з дзяцей не прайграюць (Lil Killaz танцуе ўжо сярод дарослых). Але пры гэтым канкурэнцыя ў Беларусі ёсць. Напрыклад, дарослая каманда Conquistador на нацыянальным узроўні лепшая. У іх ёсць дзве школы, і яны вельмі добра разіваюцца. Іх выхаванцы — вельмі сур’ёзныя канкурэнты “Team-A-Team”. Існуе некалькі школ з вопытнымі выкладчыкамі з правільным разуменнем брэйк-данса ў рэгіёнах, якія таксама годна выглядаюць на чэмпіянатах.

Ёсць у Аляксандра і іншыя калектывы, яшчэ маладзейшыя, якія раўнуюцца на старэйшых, падцягваюцца. Некалькі пакаленняў дарослых ужо выпусцілася. Большасць з іх калектывы не захавалі, але танцуюць: нехта — сольна, нехта — у зборных камандах, нехта адкрыў свае школы брэйк-данса.

Усяго ў ЦДАДіМ “Вікторыя” займаецца больш за 200 чалавек — школьнікаў і студэнтаў. Іх прыцягвае не толькі ўзровень выкладання Аляксандра і яго калегі Аляксандра Кашпея, але і тое, што навучанне бясплатнае. Аднак філіялы іх школы ёсць і ў іншых установах дадатковай адукацыі двух раёнаў Мінска.

Выкладаць брэйк-данс імкнуцца ўсе. Зараз адкрыта шмат школ, асабліва камерцыйных, і, мяркуючы па рэкламе на іх сайтах, усе яны “самыя лепшыя”. Па словах Аляксандра, якраз у гэтым хаваецца праблема, бо такія школы псуюць рэпутацыю ўсяму кірунку.

“Сёння ў Беларускай федэрацыі брэйк-данса 17 якасных школ па ўсёй Беларусі. І гэта не прыватныя школы. Хачу звярнуцца да бацькоў: выбіраючы школу, не вядзіцеся на галаслоўную рэкламу, якую за грошы зрабіць не праблема. У першую чаргу трэба глядзець на традыцыі школы: выезды на зборы, сумесны адпачынак і правядзенне свят. Не палянуйцеся і высветліце, хто выкладчык, чым займаўся, ці даўно выкладае, чаго дасягнуў, асаблівую ўвагу звярніце на тое, чаго дасягнулі яго навучэнцы. Школ шмат, але многіх з іх не відаць” — разказвае Аляксандр Войнаў.

Галоўнае — не ўкрасці ідэю

Мабыць, многія з нас памятаюць першыя элементы брэйк-данса. Іх дэманстравалі мясцовыя танцоры ўсюды — ад сталічных клубаў да сельскіх дамоў культуры. Можа, яны тады і падаваліся відовішчнымі, але ў параўнанні з сённяшнім танцам — зямля і неба. Паспрыяў гэтаму ў многім фармат Battle Of The Year — самы прэстыжны чэмпіянат свету па брэйк-дансе, на які марылі трапіць усе бі-боі. Першы этап на ім — шоу, і толькі тыя, хто яго прайшоў, могуць прыняць удзел у батлах. Таму многія сталі спрабаваць.

“Шоу глядзіцца ярка, цікава і даступна простаму гледачу. Самае цікавае — тэатральнае. Яно мае сваю тэматыку, ідэю. Ухіл у ім робіцца на музыку, касцюмы, рухі, на пастаноўку. Калі нам трэба проста паказаць усю прыгажосць брэйк-данса, мы ставім паказальныя шоу: размяркоўваем толькі, хто за кім ідзе, якія руціны, якія сінхроны, якія фішкі робім. Самае складанае шоу — сольнае. Цяпер мы ставім праграму, якую павязём у Швейцарыю. На адкрыццё Пасольства Беларусі ў Іспаніі мы робім шоу з ухілам на беларускі народны танец пад сэмпл трэка “Касіў Ясь канюшыну”, — дзеліцца А.Войнаў.

Прыдумваючы ідэю, Аляксандр ніколі не глядзіць чужыя выступленні, каб потым падсвядома не паўтарыць нейкія яго элементы. Толькі так, прызнаецца, можна быць ні на каго не падобным. Таму, мабыць, яго шоу так высока ацэньваюць замежныя эксперты. Апошні раз Lil Killaz забрала прыз за лепшае шоу і на адборачным чэмпіянаце краін СНД і Прыбалтыкі, прычым сярод дарослых, і на чэмпіянаце Еўропы, і на чэмпіянаце свету, дзе каманда стала абсалютнай пераможцай.

У чаканні маральнай падтрымкі

Гаворачы пра цяжкасці ў развіцці беларускага брэйк-данса, А.Войнаў адзначае: “З пункту гледжання развіцця брэйк-данса ўсё ідзе нармальна. Так, складана, але складана не дзецям, а нам, дарослым. Мы першапраходцы, таму разумеем і погляды чыноўнікаў, і кіраўніцтва. Я толькі аднаго не разумею: нашы дзеці не кожны дзень становяцца чэмпіёнамі свету — няважна ў якім кірунку. Калі нашы выхаванцы напрыканцы кастрычніка выйгралі чэмпіянат свету, гэта выклікала фурор па ўсім свеце, а ў Беларусі іх нават ніхто не пахваліў. Таму наша галоўная праблема нават не традыцыйна фінансавая (усе свае паездкі на выступленні мы аплачваем ці самі, ці краіна-арганізатар), а тое, што ў нас няма маральнай падтрымкі. Думаю, гэта зменіцца, калі брэйк-данс афіцыйна стане відам спорту. Толькі так мы, нарэшце, зможам перамагаць з дзяржаўным сцягам у руках”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва А.Войнава.