Міжшкольнае тэлебачанне, лабараторыя для вывучэння кітайскай мовы, інтэлектуальны клуб і адукацыйныя праекты. Гэтыя і шэраг іншых значных ініцыятыў рэалізуюць навучэнцы гімназіі Мсціслава.
Тры гады назад кіраўніцтвам гімназіі было прынята рашэнне аб стварэнні фарміравання, якое аб’яднала б навучэнцаў, накіравала іх актыўнасць і энергію ў патрэбнае рэчышча. Так узнік маладзёжны цэнтр.
— Маладому пакаленню ў найбліжэйшы час будаваць будучыню Беларусі. Таму трэба выхоўваць вучняў дастойнымі людзьмі, паўнацэннымі грамадзянамі. Не менш важна прывіваць дзецям прадпрымальнасць і ініцыятыўнасць, каб яны змаглі ўносіць свой уклад у развіццё роднай краіны. Як сфарміраваць гэтыя якасці? Толькі чуючы голас моладзі, падтрымліваючы, матывуючы. Па гэтай прычыне і быў адкрыты маладзёжны цэнтр, — расказаў дырэктар Андрэй Казакоў.
Паводле яго слоў, цэнтр стаў поўнасцю самакіравальным грамадскім аб’яднаннем, якое каардынуе навучэнцаў па-за вучэбнай дзейнасцю. Праз гэтае фарміраванне моладзь вучыцца грамадзянскасці, самастойнасці, адказнасці, маральнасці.
Сёння ў складзе цэнтра 35 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сваім энтузіязмам запальваюць на патрэбныя справы ўсю гімназію. Цікава, што праекты і ідэі актывісты распрацоўваюць, абапіраючыся не толькі на ўласнае бачанне.
— Мы праводзім апытанні або анкетаванні. З вучнямі пачатковых класаў гаворым у вочным фармаце. Іншых апытваем на анлайн-платформе. Перш чым арганізаваць праект, даведваемся меркаванне кожнага. Таксама цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі педагогамі, грамадскімі арганізацыямі раёна. Калі тэма цікавая аднагодкам і знаходзіць водгук у дарослых, пачынаем канкрэтныя дзеянні, — паведаміла старшыня маладзёжнага цэнтра Ульяна Ласякова.
Дзеянні маладзёжнага цэнтра накіраваны на ўсеагульную карысць. Напрыклад, сярод першых ініцыятыў гімназістаў было выкарыстанне ў адукацыйных мэтах інтэрнэт-прасторы.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 6 снежня 2022 года.