EnglishOK: вучыцца камфортна і з задавальненнем

- 11:31Якасць адукацыі

Настаўніца англійскай мовы Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці настаўнік-метадыст Аксана Уладзіміраўна Якіменка ўжо на працягу некалькіх гадоў працуе над стварэннем уласных адукацыйных рэсурсаў. У выніку ў яе з’явіўся настаўніцкі блог EnglishOK з інтэрактыўным кантэнтам. Ён стаў выдатным віртуальным памочнікам, які дапамагае вучням самастойна справіцца з дамашнім заданнем і прыйсці на ўрок падрыхтаванымі і ўпэўненымі.

Гісторыя Аксаны Уладзіміраўны Якіменка — яшчэ адно пацвярджэнне таго, як многа можа чалавек, калі ў яго ёсць жаданне. Тады і пачаць усё з чыстага ліста не страшна, і паспяхова працаваць у новым кірунку атрымліваецца. Галоўнае — не проста хацець і зрабіць першы крок, а сістэматычна працаваць, каб дасягнуць пастаўленых мэт. Па першай спецыяльнасці Аксана Уладзіміраўна — настаўніца агульнатэхнічных дысцыплін і чарчэння. Аднак калі гадзін па гэтым прадмеце стала менш, вырашыла пачаць усё спачатку. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску атрымала спецыяльнасць “Настаўнік англійскай мовы”. І ў верасні 2002 года прыйшла ў сваю ўстанову адукацыі ў новай якасці.

Аксана Уладзіміраўна выбрала для сябе ў якасці дэвіза словы славутага акцёра і спевака Дэвіда Боўі You can neither win nor lose if you don’t run the race (“Ты не можаш ні выйграць, ні прайграць, калі не ўдзельнічаеш у гонцы”). Менавіта ўдзел у разнастайных мера­прыемствах дае настаўніцы каштоўны вопыт і жаданне, не спыняючыся, ісці далей.

Аб высокім педагагічным майстэрст­ве, пастаянным самаразвіцці сведчаць яе прафесійныя дасягненні. Так, у 2016 годзе А.У.Якіменка на  XI Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” атрымала дыплом II ступені за праект Learning English5 with pleasure. У 2019 годзе —  дыплом ІІ ступені абласнога конкурсу “ІТ-мазаіка”  (па вучэбных прадметах гуманітарнага і сацыякультурнага цыкла)  за праект EnglishOK_7. А ў мінулым годзе яна стала пераможцай гэтага ж конкурсу  за праект EnglishOK_6.

З самага пачатку Аксане Уладзіміраўне важна было арганізаваць працэс навучання так, каб дзецям было цікава вучыць мову, якой у жыцці яны карыстаюцца вельмі рэдка. Для гэтага настаўніца ўзяла за правіла максімальна ўлічваць агульныя тэндэнцыі развіцця грамадства, асаблівасці пэўнага пакалення вучняў і ў той жа час кожнага дзіцяці.

— Можна сказаць, што мой стыль вык­ладання мяняецца і ад класа да класа, і ад дзіцяці да дзіцяці. А па-іншаму быць і не можа,— расказвае Аксана Уладзіміраўна. — Калі ідзеш на ўрок, напрыклад, з аднаго пятага класа ў другі, ты павінен адразу ўлічыць, якія там вучні, іх асаблівасці, і падстроіцца пад канкрэтную сітуацыю на карысць дзяцей. Важна нават тое, каго ў класе больш, хлопчыкаў ці дзяўчынак. Так, калі прахо­дзім тэму “Ежа”, дзяўчынкі, як правіла, ведаюць хаця б некалькі рэцэптаў. Хлопчыкам жа трэба больш візуалізацыі, каб пачаць гаворку па тэме. Дзіця не зможа будаваць дыялог на замежнай мове, калі не будзе абапірацца на свой уласны вопыт.

Аксана Уладзіміраўна з тых педагогаў, хто стараецца не толькі не адставаць ад часу, але і максімальна прымяняць усе сучасныя тэндэнцыі на карысць вучобы. Настаўніца пераканана: наяўнасць ва ўстанове адукацыі камп’ютарных класаў, доступу ў інтэрнэт, разнастайных гаджэтаў абавязвае педагога ўзняць працэс навучання на новы ўзровень, зрабіць яго больш сучасным і дынамічным, цікавым і камфортным для вучняў.

Шлях Аксаны Уладзіміраўны да элек­тронных адукацыйных рэсурсаў быў лагічным. Калі яна рабіла першыя крокі ў гэтым кірунку, паставіла сабе задачу не столькі выкарыстоўваць свае напрацоўкі на ўроку, колькі прадаставіць дзецям віртуальнага дамашняга памочніка. Хацелася па-новаму арганізаваць калектыўную работу вучняў з элементамі самастойнай дзейнасці, стварыць для сябе больш магчымасцей для кантролю і карэкціроўкі ведаў кожнага дзіцяці.

— Справа ў тым, што многім вучням, асабліва пачатковых класаў, а таксама пяцікласнікам і шасці­класнікам, не хапае менавіта дапамогі пры выкананні дамашняга задання, — працягвае А.У.Якіменка. — Нярэдка прыходзіцца чуць, маўляў, мой тата англійскую мову не ведае, а мама забылася.

Моцныя вучні, безумоўна, спраўляюцца самі. Аднак ёсць тыя, каму патрэбна хаця б крыху ўвагі і дапамогі пры выкананні дамашняга задання, каб яны маглі ўспомніць тое, што было на ўроку, каб адчувалі сябе ўпэўнена на наступны дзень. У адваротным выпадку дзеці часта губляюць цікавасць да прадмета, пачынаюць адставаць, баяцца ўрокаў і не вучацца так, як маглі б. Таму першапачаткова настаўніцы было важна стварыць ім менавіта дамашняга памочніка ў выгля­дзе пэўнага электроннага адукацыйнага рэсурсу, які ў любы час можа даць неабходныя падказкі і арыенціры.

У выніку ў 2016 годзе з’явіўся першы адукацыйны рэсурс А.У.Якіменка пад назвай Learning English5 with pleasure. Да кожнага ўрока былі прапанаваны практыкаванні на аснове інфармацыі, якая давалася ў класе і якой можна карыстацца, каб зрабіць дамашняе заданне. Гэта быў істотны крок наперад, і станоўчыя змены не прымусілі сябе чакаць. Для настаўніцы было важна, што яе пяцікласнікі маглі дома яшчэ раз праслухац­ь сказы, якія яна падрыхтавала да ўрока, скласці словы, прыгадаць гульню, якая праводзілася на занятках. Дзякуючы такому падыходу, магчымасці паўтарыць неабходны матэрыял дома, матывацыя вучняў павышаецца, менш цяжкасцей узнікае пры выкананні дамашняга задання і, адпаведна, у дзяцей з’яўляюцца поспехі ў вучобе і ўпэўненасць у сабе.

Свой першы электронны адукацыйны рэсурс Аксана Уладзіраўна прадставіла на XI Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Яркія ўражанні пакінулі і паспяховы ўдзел у ім, і знаёмства з вельмі дасведчанымі людзьмі, і майстар-класы. Усё гэта дало моцны штуршок для таго, каб працягваць работу ў гэтым кірунку. Безумоўна, спатрэбіўся час на тое, каб ва ўсё ўнікнуц­ь, разабрацца ў патоку новай інфармацыі. А­днак настаўніца крок за крокам працягвала асвойваць кантэнт. У 2018 годзе, калі А.У.Якіменка атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, яна ўжо актыўна працавала з рознымі дадаткамі і дзялілася сваім вопытам з калегамі. Неўзабаве ўзялася за стварэнне другога свайго электроннага адукацыйнага рэсурсу, на гэты раз для 7 класа.

— На той момант я ужо ставіла перад сабой іншую задачу, — тлумачыць настаўніца. — Мне было важна стварыць такі дадатак, які аптымальна падыходзіў бы да падручніка, дзе прапаноўвалася б больш практыкаванняў, матэрыялаў да кожнага ўрока, дзе ўсё было б сістэматызавана, раскладзена па паліцах. Хацелася, каб вучням было максімальна зручна: бяры і карыстайся, атрымлівай і замацоўвай веды.

З пастаўленай задачай удалося справіцца, а разам з тым зрабіць істотны крок наперад у сваім развіцці. На другім рэсурсе ўсе заданні сістэматызаваны, да кожнага ўрока даецца шэраг практыкаванняў, каб можна было пры іх дапамозе і вывучыць словы, і скласці граматычныя канструкцыі, дыялогі, выказванні…

Вынік парадаваў настаўніцу і яе вучняў. EnglishOK_7 таксама хутка прыжыўся і ўвайшоў у штодзённы ўжытак. Амаль адразу А.У.Якіменка працягнула работу. Нас­тупным крокам стаў рэсурс EnglishOK_6. Аксана Ула­дзіміраўна працавала над імi разам з мужам — настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Іванам Віктаравічам. Так што на сённяшні дзень гімназісты, у якіх выкладае А.У.Якіменка, вучаць англійскую мову пры дапамозе трох адукацыйных электронных рэсурсаў, якія ахопліваюць тры гады навучання і ўвесь час дапрацоўваюцца.

Калі была распачата работа над EnglishOK_6, Аксана Уладзіміраўна ставіла сабе ўжо больш складаную задачу — стварыць рэсурс, які ў поўнай меры дапаможа шасцікласніку асвойваць замежную мову камфортна, з задавальненнем і цікавасцю. Адметна, што пры падрыхтоўцы апошняга рэсурсу Аксана Уладзіміраўна ўлічыла не толькі свой мінулы вопыт. Гэтым разам яна мела магчымасць бачыць сітуацыю з розных бакоў: і настаўніцы, і маці шасцікласніцы. Яна назірала за тым, як пры дапамозе праграмы англійскай мовай займаецца яе дачка. Гэта дапамагло больш глыбока адчуць патрэбы і цяжкасці вучняў.

Заданні для 6 класа, акрамя гіперспасылак, можна адкрыць яшчэ і пры дапамозе QR-кодаў, дастаткова толькі спампаваць дакумент у фармаце PDF. Заданні з кодамі і метадычнымі рэкамендацыямі могуць быць раздрукаваны і выкарыстаны для арганізацыі індывідуальнай работы з дапамогай смартфона.

У пэўны момант заканамерным стала стварэнне настаўніцкага блога. Паўстала пытанне, як жа лепш захоўваць усе свае напрацоўкі, каб яны ў любы час былі ў адкрытым доступе для вучняў. Адказам стаў блог  EnglishOK (http://eovy.blogspot.com/?m=1). Менавіта ў ім сёння можна ўбачыць усё, што за гады працы стварыла Аксана Уладзіміраўна.

— Сёння вельмі папулярнымі сталі настаўніцкія прадметныя блогі, — адзначае А.У.Якіменка. — Іх прызначэнне — арганізацыя сеткавых зносін педагога і вучняў, а таксама захоўванне неабходных матэрыялаў, выяў, мультымедыя. Для стварэння персанальнага блога сёння ёсць шмат магчымасцей. Выбар рэсурсу залежыць ад мэты, якую ставіць перад сабой настаўнік. Адным важна весці актыўную перапіску з вучнямі, іншыя імкнуцца ў адным месцы сабраць матэрыял. Я прытрымліваюся думкі, што ў настаўніка павінна быць асабістая прастора, не кожны можа пастаянна быць на сувязі. Галоўная задача — арганізаваць работу так, каб яна была эфектыўнай, каб было камфортна і педагогу, і яго вучням.

Свой блог EnglishOK Аксана Уладзіміраўна пачала распрацоўваць некалькі гадоў назад, паступова дабаўляючы туды матэрыялы. Для яе першапачаткова гэта была інфармацыйная прастора, створаная для забеспячэння доступу да ўласных электронных адукацыйных рэсурсаў.

На сённяшні дзень у блогу EnglishOK захоўваецца шмат заданняў (практыкаванняў, віктарын, відэаролікаў і інш.), якія сістэматызаваны па класах і тэмах. Кожны тэматычны блок уяўляе сабой простую сістэму спасылак, даступную для любога вучня. Заданні, створаныя з дапамогай сэрвісаў Web 2.0: Quizlet, Quizizz, LearningApps, EdPuzzle, OnlineTestPad, размешчаны ў храналагічным парадку ў адпаведнасці з вывучаемай тэмай. Вучням дастаткова зайсці на старонку свайго класа і выбраць там тое, што зараз вывучаецца. Сістэма тэматычных практыкаванняў, накіраваных на фарміраванне лексічных і граматычных навыкаў (прэзентацыя новага моўнага матэрыялу, яго замацаванне, пісьмо, тэкст, арганізацыя гульняў і г.д.), дазваляе праслухаць матэрыял, паўтарыц­ь, скарэкціраваць вымаўленне, выканаць і праверыць заданне. Акрамя таго, асобныя практыкаванні ўключаюць заданні па развіцці дыялагічнага і маналагічнага маўлення, для арганізацыі кантролю разумення прачытанага ці праслуханага тэксту. Па кожнай моўнай сітуацыі прадугледжана некалькі заданняў, якія прапануюць вучням як скласці тэкст, так і папрацаваць з ім: уставіць прапушчаныя словы, артыклі… Самі практыкаванні прадстаўлены ў выглядзе інтэрактыўных заданняў розных відаў. Гэта дазваляе ўключаць міжвольную памяць, увагу, логіку і мысленне.

Цыклічнае паўта­рэнне вывучаемага лексіка-граматычнага матэрыялу спрыяе яго якаснаму засваенню і выкарыстанню ў вусным і пісьмовым маўленні. З заданнямі можна працаваць на інтэрактыўнай дош­цы, мультыбордзе, камп’ютары, планшэце ці смартфоне. Устанаўліваць нічога не патрэбна, адзінай умовай з’яўляецца наяўнасць інтэрнэту. Новыя вучні хутка асвойваюцца і ўключаюцца ў працэс навучання пры дапамозе блога. Напрацоўкамі часта карыстаюцца і калегі.

У цэлым выкарыстанне заданняў блога спрыяе якаснаму вывучэнню англій­скай мовы. Пры дапамозе рэсурса EnglishOK настаўніца “ўзброена” ў самых розных сітуацыях. Ёсць магчымасць эфектыўна арганізоўваць не толькі ўрокі, але і дыстанцыйнае навучанне, самастойную работу вучня ў пазаўрочны час. Аксана Уладзіміраўна карыстаецца блогам і для правядзення факультатыўных, стымулюючых і  падтрымліваючых заняткаў, кансультацый, а таксама пры падрыхтоўцы да прадметнай алімпіяды. У любым выпадку багаты змест рэсурсу дапамагае аптымізаваць кіраванне навучаннем, павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і аб’ектыўнасць выстаўлення адзнак. Калі ёсць такая напрацаваная база, значна эканоміцца час пры падрыхтоўцы да ўрокаў.

Аксана Уладзіміраўна ўжо даўно не ўяўляе сваёй настаўніцкай дзейнасці без багатага арсенала свайго персанальнага блога. На месцы яна не стаіць і зараз. Сёлета працуе над стварэннем электроннага адукацыйнага рэсурсу ўжо для 8 класа. Так што змест блога будзе пашыраны, з’явіцца шмат новай інфармацыі.

Безумоўна, вядзенне і запаўненне блога, як і стварэнне рэсурсаў, патрабуе карпатлівай, бесперапыннай працы. Аднак, як адзначае Аксана Уладзіміраўна, сакрэт яе поспеху просты. Ён заключаецца ў любові да дзяцей, прыняцці кожнага новага пакалення вучняў з іх адметнасцямі, імкненні даць дзецям трывалыя веды, сфарміраваць у іх жаданне вучыцца і добра размаўляць па-англійску.

Таццяна ШЫМКО.