Эрудыцыя і тактоўнасць

- 15:37Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

З Уладзімірам Іванавічам Наумікам я пазнаёмілася, калі прыйшла працаваць у нашу гімназію, на той час сярэднюю школу № 6 Ваўкавыска.

Тады, 32 гады назад, ён быў не толькі паспяховым настаўнікам іспанскай мовы, але яшчэ і класным кіраўніком.

Памятаю, як для яго класа не хапіла падручнікаў. Іх трэба было прывезці з іншых школ горада. Я перажывала і ламала галаву, дзе знайсці транспарт, і тут у бібліятэцы з’явіўся Уладзімір Іванавіч і сам прапанаваў дапамогу. Не толькі прывёз, але і насіў гэтыя падручнікі. Падумала тады, што ён такі добры і галантны толькі з намі, бібліятэкарамі, але з цягам часу зразумела, што памылялася, ён тактоўны з усімі: і настаўнікамі, і навучэнцамі.

Шэсць яго вучняў, выпускнікоў нашай гімназіі, скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і працавалі настаўнікамі іспанскай мовы, а некаторыя і цяпер шчыруюць на педагагічнай ніве. Ён дзяліўся сваім вопытам, як дабіцца высокіх вынікаў, як трэба наладжваць работу з адоранымі навучэнцамі. Дарэчы, вучаніца Уладзіміра Іванавіча Юлія Уладзіміраўна Касталомава стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”, а таксама чалавекам года Гродзеншчыны.

Уладзімір Іванавіч і цяпер пасля многіх гадоў пенсіі не пакідае сваіх вучняў-педагогаў. Як толькі яны пачынаюць рыхтаваць дзяцей да алімпіяды, амаль кожны дзень прыходзіць у гімназію, дапамагае, падтрымлівае парадамі. Таму кожны год нашы навучэнцы і становяцца пераможцамі заключнага этапу Рэспуб­ліканскай алімпіяды па іспанскай мове. За час сваёй працоўнай дзейнасці (у 1977 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педа­гагічны інстытут замежных моў) падрыхтаваў 75 пераможцаў і прызёраў абласных і рэспуб­ліканскіх алімпіяд. Яго вучні сталі ўладальнікамі 18 дыпломаў на заключных этапах.

Неаднаразова быў узнагароджаны ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўпраў­ленняў адукацыі. Узнагаро­джаны граматай і Ганаровай граматай Мі­ністэрства адукацыі, таксама быў удастоены прэ­міі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за поспехі, дасяг­нутыя ў рабоце з дзецьмі.

Нездарма гавораць, што былых настаўнікаў не бывае, і, думаючы пра Уладзіміра Іванавіча, у гэтым пераконваешся. 

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.