Эрудыцыя і творчы падыход

Якасць адукацыі на Глыбоччыне характарызуецца стабільна высокім узроўнем. У рэйтынгу раёнаў вобласці па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Глыбоцкі раён займае лідзіруючыя пазіцыі, па асобных прадметах — першыя. Каб даведацца, чым раён жыве летам і як рыхтуецца да новага навучальнага года, мы завіталі да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Вячаславаўны ГАЎРЫЛАВАЙ.

— Таццяна Вячаславаўна, мінулы навучальны год традыцыйна быў “ураджайным”?
— Створаная і правераная часам сістэма работы па падтрымцы таленавітай моладзі дазваляе на працягу многіх гадоў утрымліваць лідарства ў вобласці сярод сельскіх раёнаў у алімпіядным руху. У мінулым навучальным годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах нашы школьнікі заваявалі 15 дыпломаў, на заключным этапе — 5 дыпломаў (два па геаграфіі, па адным па беларускай мове, фізіцы і гісторыі). Настаўніца пачатковых класаў Святлана Мацулевіч стала ўладальнікам “Крыштальнага жураўля” ў намінацыі “Пачатковыя класы” на заключным рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. І гэта далёка не ўсе дасягненні сістэмы адукацыі.

Гаврилова Т.В
— Цяпер у цэнтры ўвагі — аздараўленне і занятасць дзяцей?
— Сапраўды, вялікую ўвагу ўдзяляем арганізацыі аздараўлення і адпачынку дзяцей. Аздараўленне ажыццяўляецца на базе ўстаноў адукацыі раёна, у загарадным кругласутачным летніку. Пры фарміраванні летнікаў спрабуем улічваць інтарэсы дзяцей і бацькоў, ствараць максімальна камфортныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзіцяці, таму прыярытэт аддаём профільным зменам. Так, ужо завяршылі сваю дзейнасць летнікі для актыўных і творчых дзяцей “Час на мару”, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, 2 змены каталіцкага летніка. У цяперашні час працуюць летнікі Глыбоцкай раённай гімназіі “Праменьчык”, царкоўны, каталіцкі, у жніўні сумесна з аддзелам унутраных спраў райвыканкама будзе адкрыта змена для дзяцей, якія патрабуюць павышанай увагі, “Пераадоленне перашкод”.
Безумоўна, шукаем шляхі арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў. Школьнікі працуюць на прышкольных участках, у брыгадах па рамонце мэблі, атрадах па добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый, студэнцкіх атрадах, індывідуальна працаўладкаваны на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна, аказваюць дапамогу ва ўборцы ўраджаю. Эфектыўна выкарыстоўваем сродкі, выдзеленыя ўпраўленнем працы, занятасцi i сацыяльнай абароны насельніцтва з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для арганізацыі часовай занятасці падлеткаў, у прыватнасці, праводзім рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый, арганізавалі выраб сувеніраў, пашыў мяккіх цацак.
— А як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года?
— Напружана працуем па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Ажыццяўляецца маштабная работа, накіраваная на забеспячэнне адпаведных умоў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Праводзяцца, і нават у асноўным ідуць да завяршэння, касметычныя рамонты ўстаноў адукацыі, мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванні тэрыторый: рамонт даху, цеплатрас, інжынерных сетак, аконных блокаў, свяцільняў. Умацавалі і матэрыяльную базу: набылі мэблю для школьнікаў і дашкольнікаў, абсталяванне для адукацыйнай дзейнасці, арганізацыі харчавання і г.д.
У сістэме адукацыі раёна ў 2015/2016 навучальным годзе будуць функцыянаваць 36 устаноў адукацыі, якія забяспечваюць агульную сярэднюю і дашкольную адукацыю. Гэта гімназія, 7 сярэдніх школ, 12 навучальных устаноў “дзіцячы сад — сярэдняя школа”, “дзіцячы сад — базавая школа”, адна — “дзіцячы сад — пачатковая школа”, 11 дашкольных устаноў адукацыі. За парты сядуць 3838 навучэнцаў, і 1307 дзяцей будуць атрымліваць дашкольную адукацыю.
—Таццяна Вячаславаўна, і апошняе: да ўвядзення профільнай адукацыі гатовы?
— Да профiльнага навучання гатовы, таму што мы стаялі ля вытокаў яго арганізацыі ў нашай краіне. З 1995 па 2008 год працавалі ў рэжыме рэспубліканскага эксперыменту па арганізацыі профільнай адукацыі, у ходзе якога распрацавалі эфектыўную рэгіянальную мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, здольную забяспечыць поўнае задавальненне запытаў вучняў у рознаўзроўневым навучанні. Акрамя таго, два апошнія гады ўдзельнічалі ў рэспубліканскім эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі сістэмнага вывучэння факультатываў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Працуючы ва ўмовах рэалізацыі тыпавога вучэбнага плана, пры арганізацыі факультатыўных заняткаў выкарыстоўвалі вопыт папярэдніх гадоў, які ўключаў асноўныя этапы: вывучэнне адукацыйных запытаў усіх навучэнцаў, інфармацыйна-тлумачальная работа з бацькамі, пабудова сістэмы факультатыўных заняткаў установы адукацыі з улікам максімальнага задавальнення запытаў кожнага вучня ў межах сваёй установы адукацыі, магчымасці забеспячэння пераемнасці факультатыўных заняткаў у наступных класах, фарміраванне раённай сістэмы міжшкольных факультатываў, падбор педагагічных кадраў, маніторынг, кантроль, прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў. Узровень ахопу факультатыўнымі заняткамі быў традыцыйна высокі і перавышаў 90%. Рэалізоўваліся факультатыўныя заняткі наступных напрамкаў: прыродазнаўча-матэматычны, гуманітарны, грамадазнаўчы, мастацка-тэатральны, харэаграфічны і інш.
З гордасцю адзначаю: педагагічны патэнцыял для арганізацыі профільнай адукацыі маем, узровень прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў у раёне высокі. Адукацыйны працэс забяспечваюць 825 педагогаў, вышэйшую адукацыю маюць 87,2%, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — 83,7%.
Педагог Глыбоччыны — не проста дысцыплінаваны і адказны, а мэтанакіраваны і кампетэнтны спецыяліст з дасканалым веданнем прадмета, высокім узроўнем псіхолага-педагагічнай і метадычнай падрыхтоўкі. Яму яшчэ ўласцівы эрудыцыя і творчы падыход да працы, пастаянны пошук новых ідэй і рашэнняў у дачыненні да кожнага канкрэтнага ўрока, прадмета, а таксама матывацыя да прафесійнага росту і развіцця асобы. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца 2 перамогі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.