“Эрудыты планеты” з Маларыты

- 11:01Адукацыйная прастора

Падведзены вынікі ХVІ Міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды “Эрудыты планеты — 2017”. Удзел у спаборніцтве стаў выніковым для 5 інтэлектуальных каманд з Маларыцкай раённай гімназіі, якія трэніруе настаўнік тэхнічнай працы Леанід Ксенафонтавіч Лук’янчук. Так, каманды другакласнікаў “Эверэст — ІІ”, трэцякласнікаў “Эўрыка”, чацвёртакласнікаў “Дзеці індыга” і пяцікласнікаў “Фартуна” занялі 1-е месца, а каманда шасцікласнікаў “Цунамі” падзяліла 2-е месца з камандай знаўцаў з Бійска Алтайскага краю Расіі.

— Інтэрнэт-алімпіяда праходзіла на працягу трох месяцаў і складалася з 18 тураў і трох этапаў, — расказвае Л.К.Лук’янчук. — Кожны этап меў свае асаблівасці. У заданнях прапаноўваліся пытанні рознай складанасці па геаграфіі, гісторыі, літаратуры, фізіцы, біялогіі, матэматыцы і астраноміі. Акрамя таго, былі і пытанні, звязаныя са спортам, медыцынай, прыродазнаўствам, эканомікай, бізнесам, прадпрымальніцтвам, выяўленчым мастацтвам і інш. На два першыя туры інтэлектуальнага спаборніцтва адводзілася па 15 хвілін, за якія патрабавалася адказаць на 30 пытанняў. Трэці тур праводзіўся без варыянтаў адказаў.

Каманды знаўцаў з Маларыцкай раённай гімназіі атрымалі дыпломы, кубкі і медалі. Дарэчы, гэта не першы выніковы ўдзел юных інтэлектуалаў у інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты планеты” і інтэрнэт-гульні “Вялікія гонкі”. Веды і кемлівасць гімназістаў ужо адзначаны 19 кубкамі, заваяванымі на гэтых міжнародных спаборніцтвах.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.