Эрудыты віртуальнай віктарыны

Конкурс па стварэнні інтэрактыўных віктарын “Юны эрудыт” правёў Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Для ўдзелу у ім было прадстаўлена 145 інтэрактыўных віктарын.

Як адзначыла дырэктар Палаца творчасці Таццяна Асмалоўская, сярод крытэрыяў ацэнкі былі інфармацыйная напоўненасць, эмацыянальная нагрузка, лаканічнасць матэрыялу, зручная навігацыя, маляўнічасць і арыгінальнасць афармлення. А мэта — актывізацыя і стымуляванне творчых здольнасцей навучэнцаў у працэсе стварэння інтэрактыўных віктарын сродкамі мультымедый­ных камп’ютарных тэхналогій.

Лепшымі прызнаны інтэрактыўныя віктарыны “Экалагічнае падарожжа” Іларыі Салаўёвай з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава, “Мая Беларусь мяне сэрцам сагрэе”, якую выканала навучэнка сярэдняй школы № 9 Слоніма Аліса Кузьмінава, і “Юны эрудыт” навучэнкі Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Ганны Вайткун. 

Аб шырокай тэматыцы віктарын сведчаць і назвы работ, якія адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені, — “Падарожжа беларуса”, “Алімпійскія гульні”, “Наша Беларусь”, “Віктарына аб Лідчыне”, “Птушкі Беларусі”, “Старонкі гісторыі адукацыі ў Гродне” і інш.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.