Эрудзіраваныя і таленавітыя

- 12:16Адукацыйная прастора

Абласны этап конкурсу “Студэнт года  — 2021” прайшоў у Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Перамогу атрымаў студэнт 5 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Краўчук.

За перамогу змагаліся студэнты трох устаноў вышэйшай адукацыі Гродзеншчыны: ГрДУ імя Янкі Купалы, медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў. Лепшыя студэнты вобласці маюць высокі бал паспяховасці, удзельнічаюць у навуковым, творчым, спартыўным, грамадскім жыцці УВА, займа­юць актыўную грамадзянскую пазіцыю, валодаюць лідарскімі якасцямі.

Будучы доктар Аляксандр Краўчук — пераможца і прызёр універсітэцкіх алімпіяд па гісторыі Беларусі. У скла­дзе зборнай каманды ўніверсітэта ў 2019 го­дзе заняў 2-е месца на Рэспубліканскай алімпіядзе па першай медыцынскай дапамозе. Член зборнай каманды ўніверсітэта па армрэслінгу. Старшыня студэнцкага самакіравання і капітан каманды КВЗ лячэбнага факультэта.

ГрДУ імя Янкі Купалы прадстаўляла студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Лізавета Дазорцава. Яна старшыня творчага клуба факультэта, дыпламант I ступені студэнцкай навуковай канферэнцыі FIKIT_SCIENCE, многіх іншых конкурсаў і алімпіяд.

Гонар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта адстойвала студэнтка 2 курса факультэта бухгалтарскага ўліку Вольга Затаўка. У складзе калектываў дзяўчына прымала ўдзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх праектах і конкурсах. Вольга з’яўляецца аўтарам праекта “КсеNON”, а таксама членам валанцёрскага атрада “Крыніцы дабрыні”.

— Конкурс “Студэнт года” накіраваны на тое, каб развіваць студэнцкую моладзь, яе дзейнасць, выхоўваць лідараў, спрыяць папулярызацыі ведаў, прафесій і, безумоўна, сацыяльнай актыўнасці маладых людзей, — адзначыў першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін. — Для таго каб
с­таць удзельнікам конкурсу, трэба добра вучыцца, займацца навукай, грамадскай дзейнасцю. Усе канкурсанты адукаваныя, таленавітыя, творчыя асобы.

Студэнты праявілі свае лепшыя здольнасці, прадставіўшы “візітную картку”, падчас творчага і інтэлектуальнага конкурсаў, конкурсу прамоўніцкага майстэрства. Кожны падрыхтаваў і абараняў свой праект. Яшчэ да фінальных мерапрыемстваў у групе “Мо­ладзь Гродзеншчыны” адной з сацыяльных сетак былі размешчаны відэаролікі канкурсантаў. Кожны мог аддаць свой голас за ўдзель­ніка конкурсу. Па выніках галасавання вызначаўся “Студэнт года ONLINE”.

Падводзячы вынікі, старшыня журы Андрэй Есін падкрэсліў, што ўдзель­нікі паказалі, якія яны таленавітыя, разумныя, крэатыўныя, а таксама выказаў падзяку кіраўніцтву кожнага з універсітэтаў за падтрымку не толькі гэтага, але і ўсіх праектаў БРСМ. Традыцыйна ўдзельнікі конкурсу “Студэнт года” і далей займаюць актыўную пазіцыю, прымаюць
удзе­л у рэалізацыі праектаў на ўзроўні як УВА, так і вобласці.

Аляксандр Краўчук і Лізавета Дазорцава будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу. Званне “Студэнт года ONLINE” атрымала Вольга Затаўка.

Як прызнаўся пасля завяршэння конкурсу Аляксандр Краўчук, перамога стала вынікам вельмі напружанай работы, у кожным выпрабаванні ён імкнуўся паказаць максімальны вынік.

— Для нашага ўніверсітэта перамога ў абласным этапе конкурсу “Студэнт года” вельмі прэ­стыжная, — дадаў Аляксандр. — Цяпер будзем рыхтавацца да рэспубліканскага этапу, удасканальваць праграму, абменьвацца вопытам з іншымі УВА і імкнуцца да перамогі.

Арганізатарам конкурсу выступіў Гро­дзенскі абласны камітэт БРСМ.


Ірына АНІКЕВІЧ.