Дапаможа вопыт еўрапейскіх банкаў

У Мінску адбылося афіцыйнае адкрыццё праекта “Твінінг” — “Умацаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

“Нам выпаў гонар быць першым беларускім дзяржаўным органам, у якім стартуе “Твінінг”. Мы ўсведамляем складанасць, маштабнасць праекта і маем намер падысці да яго рэалізацыі максімальна прафесійна, з поўнай адказнасцю”, — сказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.

Праект будзе рэалізоўвацца Нацбанкам разам з кансорцыумам еўрапейскіх банкаў — Нямецкім федэральным банкам, Нацыянальным банкам Польшчы і Банкам Літвы — у 2018—2019 гадах. Банкі-партнёры будуць дзяліцца перадавым вопытам, садзейнічаць укараненню ў Беларусі сучасных метадаў і працэдур дзейнасці цэнтральнага банка. Бюджэт — 1,15 млн еўра. Праект уключае шэсць кампанентаў: плацежныя сістэмы, фінансавая стабільнасць, банкаўскі нагляд, кіраванне фінансавай рызыкай, абарона спажыўцоў фінансавых паслуг, інфармацыйная палітыка.

Сяргей Калечыц падкрэсліў, што сумесная рэалізацыя праекта дасць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і ўзмацніць патэнцыял Нацыянальнага банка як рэгулятара і нагляднага органа шляхам набліжэння да стандартаў цэнтральных банкаў ЕС. “Прымяненне перадавога вопыту банкаў-партнёраў будзе садзейнічаць забеспячэнню стабільнасці беларускай банкаўскай сістэмы і грашова-крэдытнай сферы ў цэлым. Нацбанк плануе разам з партнёрамі ўзмацніць экспертны і практычны патэнцыял па такім прыярытэтным напрамку дзейнасці, як плацежны рынак”, — растлумачыў ён.