ЕС і Беларусь: не адток розумаў, а іх цыркуляцыя

Днямі ў сталіцы прайшоў фестываль “ЕС — Беларусь: магчымасці для моладзі”. Тут сабраліся ініцыятыўныя маладыя людзі, нацэленыя на прадукцыйнасць сваёй дзейнасці і неабыякавыя да сваёй будучыні.

Першае, што прыйшло на розум у арт-прасторы “ОК16”, дзе адбывалася падзея: “А куды ісці?” Разнастайных секцый было так шмат, што без указальнікаў ці суправаджальніка можна было адразу і не знайсці патрэбнае. Гэта і нядзіўна, бо праектная дзейнасць Еўрапейскага саюза ў Беларусі падзелена на тры напрамкі: “Адукацыя і валанцёрства”, “Лідарства і наладжванне сувязей” і “Рабочыя месцы і прадпрымальніцтва”. І ў кожным з іх, як паказаў фэст, ёсць чаму зачапіцца воку.

 — Ад таго, як сёння мы арганізоўваем маладзёжную палітыку, залежыць наш агульны дабрабыт і поспех эканомікі ў далейшым. Ёсць меркаванне, што праграмы міжнароднага абмену садзейнічаюць адтоку маладых розумаў з краіны. Я разумею падобныя страхі, але не падзяляю іх. Наша мэта — не адток розумаў, а іх цыркуляцыя, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. — Беларусы любяць сваю краіну, многія з іх імкнуцца вярнуцца, каб жыць і працаваць тут. І стажыроўкі за мяжой дапамагаюць пашырыць межы іх светапогляду, адкрыць сябе нечаму новаму.

Адукацыя і валанцёрства

Стыпендыя Erasmus+ дае магчымасць атрымліваць адукацыю ў некалькіх варыянтах: вучоба на працягу семестра ў адной з навучальных устаноў ЕС, атрыманне сумеснай ступені магістра ўніверсітэтаў як мінімум дзвюх краін ЕС, стажыроўка ў еўрапейскіх кампаніях і арганізацыях і ўдзел у кароткачасовым абмене для сустрэч з моладдзю ЕС. З 2014 года ў праграме прыняло ўдзел больш за 1500 беларусаў.

Еўрапейская школа “Усходняга партнёрст­ва” ў Тбілісі пачала сваё існаванне з верасня 2018 года. Яна аб’ядноўвае навучэнцаў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны і садзейнічае шматкультурнаму абмену і супрацоўніцтву маладых людзей. Праграма навучання распрацавана на аснове еўрапейскай школьнай сістэмы і разлічана на юнакоў і дзяўчат 16—18 гадоў. Адбор кандыдатаў дзеліцца тут на некалькі этапаў: першы — збор і падача дакументаў, другі — тэсціраванне на валоданне англійскай мовай і матэматыкай, трэці — два інтэрв’ю з дырэктарам школы і псіхолагам.

Пасля залічэння моладзь фарміруе з шасці груп прадметаў (гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, першая і другая замежныя мовы, матэматыка і мастацтва) курс для вывучэння. З кожнай групы, як правіла, выбіраецца па прадмеце. Выключэннем тут могуць стаць напрамкі, звязаныя з мастацтвам: хто не сябруе з гэтай сферай, можа аддаць перавагу прадмету з іншых катэгорый.

Кожная дзяржава ЕС фінансуе даследаванні ў адпаведнасці з асабістымі нацыянальнымі інтарэсамі. Аднак існуюць праблемы, якія выходзяць за межы нацыянальнай сферы інтарэсаў і іх нельга вырашыць у адной краіне. Актуальнасць запуску праграмы “Гарызонт- 2020” звязана менавіта з гэтым. Праект дае беларускім вучоным шэраг магчымасцей па супрацоўніцтве з еўрапейскімі калегамі, правядзенні эксперыментаў на абсталяванні замежных партнёраў, публікаванні ў аўтарытэтных міжнародных выданнях і інтэграцыі ў сусветнае навуковае асяроддзе.

Закрывае гэты блок Еўрапейскі корпус салідарнасці — крок да міжнароднага валанцёрства. У межах праграмы ўдзельнікі арганізоўваюць і праводзяць мерапрыемствы, звязаныя з культурай, сацыяльнай дзейнасцю, працай з моладдзю і аховай навакольнага асяроддзя.

Лідарства і наладжванне сувязей

Ініцыятыва “Маладыя еўрапейскія паслы” аб’ядноўвае моладзь 16—25 гадоў. Хлопцы і дзяўчаты заахвочваюць аднадумцаў у краіне да дыялогу, абмеркавання надзённых пытанняў і рэалізацыі новых ідэй.  Сёння ў Беларусі ёсць 47 еўрапейскіх паслоў, уцягнутых у праекты Еўрасаюза як унутры краіны, так і за мяжой.

Праект “Моладзь еўрапейскіх суседзяў” выцякае з папярэдняга праекта і накіраваны на далучэнне маладых людзей да інфармацыйна-асветніцкай работы і валанцёрскіх праектаў.

Прыхільнікам грамадзянскай актыўнасці не дасць сядзець на месцы стыпендыяльная праграма грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства”. Праект раскрые лідарскія магчымасці кожнага навучэнца і паўплывае на іх развіццё, азнаёміць маладых людзей з асаблівасцямі работы ў такіх галінах, як барацьба з карупцыяй, электронныя паслугі для паляпшэння кіравання і інш. 

Рабочыя месцы і прадпрымальніцтва

Ініцыятыва “EU4Youth: твая будучыня ў тваіх руках”, якую ў краіне курыруе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, дапаможа сацыяльна ўразлівай моладзі атрымаць шмат карысных для работы навыкаў і павысіць шансы на паспяховае працаўладкаванне ці адкрыццё сваёй справы. Праект накіраваны на маладых людзей з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Неабходнасць стварэння праграмы абумоўлена двума фактарамі: праблемай працаўладкавання ў сельскай мясцовасці і недастатковай актыўнасцю ў гэтым пытанні тых хлопцаў і дзяўчат, якія вяртаюцца пасля вучобы дадому. У межах EU4Youth, якая ўключае і шэраг іншых ініцыятыў (напрыклад, “Школьны сад”), моладзь наведае семінары па прафарыентацыі, трэнінгі па прадпрымальніцтве і эфектыўным пошуку працы, завітае на кірмашы вакансій. Але галоўнай адметнасцю праекта стане механізм падтрымкі “вучань — настаўнік”.

На пляцоўцы былі прадстаўлены таксама праекты, якія не хочацца адносіць ні да якіх напрамкаў, бо гэтыя ініцыятывы блізкія абсалютна кожнаму. Сюды можна аднесці ініцыятыву “Інклюзіўны барыста”, паводле якой людзі з любой формай інваліднасці асвойваюць сучасную прафесію і працаўладкоўваюцца. Праект нарадзіўся ў Лідзе: ідэя належыць мясцоваму жыхару Аляксандру Аўдзевічу. У 2011 годзе малады чалавек трапіў у аварыю, пасля якой не можа хадзіць. Але немагчымасць рухацца не спыніла яго. Саша прасоўвае права ўразлівых груп насельніцтва на безбар’ернае асяроддзе як у сваім горадзе, так і ў Мінску. “Інклюзіўны барыста” пайшоў яшчэ далей і ахапіў таксама Шчучын, Смаргонь і Гродна. Пазнаёміцца з добразычлівымі барыста з каманды Аляксандра пашанцавала ўсім наведвальнікам форуму.

Асобнай прасторай фестывалю стала пляцоўка Alumni Picnic — 2019, штогадовая сустрэча выпускнікоў замежных універсітэтаў, адукацыйных праграм і стажыровак. Супрацоўнік кампаніі EPAM Systems Ганна Бандарэнка падзялілася з прысутнымі ідэямі наконт таго, як сказаць жыццю “так”. За аснову прамоўца ўзяла кнігу з аднайменнай назвай аўстрыйскага псіхолага Віктара Франкла.

— З цягам часу да чалавека даходзіць, што важнымі з’яўляюцца самыя простыя рэчы. Катэгорыі “Быць № 1”, “Зарабляць, як Ракфелер” становяцца неістотнымі. Першасным становіцца пытанне: у чым сэнс таго, што я раблю?

Адказ на гэтае пытанне Ганна знайшла таксама ў кнізе: хто ведае “Навошта?”, вытрымае амаль любое “Як?”.

Галоўнай часткай сустрэчы стаў прагляд дакументальнага фільма “Схаваны патэнцыял міжнародных выпускнікоў”. У ім удзельніца еўрапейскай праграмы Erasmus Mundus Ганна Навіцкая спрабавала акрэсліць аспекты, з якімі сутыкаюцца людзі, якія пасля навучання за мяжой вяртаюцца дадому. Да стварэння карціны былую выпускніцу БДЭУ падштурхнуў уласны вопыт.

— Шлях вяртання нялёгкі. Ты прыяз­джаеш, хочаш нешта рабіць, але па розных прычынах нічога не атрымліваецца. Тут жа задаеш сабе пытанне: чаму не атрымліваецца? Думаеш, што толькі ты ад гэтага пакутуеш. Але пры сустрэчы з іншымі выпускнікамі замежных праграм разумееш: ты не адзін. І пачынаеш высвятляць прычыны гэтага. Так прыйшла ідэя фільма. Хацелася, каб героі маглі шчыра расказаць пра свой вопыт, няхай не заўсёды ўдалы. Нам хацелася праўды, бо жыццё — гэта не толькі поспех, — падзялілася маладая рэжысёр.

На пытанні, з якімі праблемамі сутыкаюцца спецыялісты, што скончылі замежныя праграмы, як яны строяць кар’еру ў Беларусі, як карыстаюцца атрыманымі ведамі і ці маюць асаблівыя перавагі, адказвалі не толькі былыя студэнты замежных праектаў, але і працадаўцы.

— Людзі думаюць, што магістратура — непатрэбная рэч. Першая рэакцыя працадаўцы, калі ты гаворыш, што вучыўся ў замежнай магістратуры: “І што?” Так з прасунутага студэнта чалавек становіцца забітым, перастае спрабаваць. А ўсе ў гэты час яшчэ думаюць, што вучыцца лёгка. Ніхто не расказвае пра падводныя камяні, пра падпрацоўкі і ўзаемадзеянне з людзьмі там, — адзначыла Вераніка Ліндарэнка, якая  вучылася ў Вялікабрытаніі.

Пётр Дунін расказаў пра яшчэ адну “праблему тых, хто вярнуўся”: звычайна цяжка патлумачыць людзям, чаму ты вярнуўся назад. Гэта абумоўлена тым, што людзі, прыязджаючы ў замежную краіну як турысты, успрымаюць яе выключна з пазітыўных бакоў, паколькі знаходзяцца там абмежаваны час.

Работадаўцы з розных сфер бізнесу і ІТ адзначылі, што перш за ўсё глядзяць на прафесійныя кампетэнцыі і магчымасці свайго будучага супрацоўніка. На іх думку, добра, калі замежны дыплом адпавядае ведам чалавека, аднак без пэўнага набору ўменняў такі дыплом не мае першаснай каштоўнасці.

***

Лізавета Сазонава і Настасся Пестунова вучацца на спецыяльнасці “Міжнароднае права” ў Міжнародным універсітэце “МІТ СО”. Трэцякурсніцы гавораць, што, каб спасцігнуць іх дзейнасць у большай ступені, трэба шмат вучыцца і па-за заняткамі. Дзяўчаты разглядаюць варыянты далейшай вучобы ў Вялікабрытаніі, таму і вырашылі адправіцца на фестываль.

— Хочацца паглядзець, як спецыялісты нашага профілю працуюць за мяжой. Пастараемся за год падцягнуць англійскую мову, каб паспрабаваць сябе ў магістратуры Вялікабрытаніі. А пасля можна вярнуцца дадому. Нездарма ж кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, — разважаюць студэнткі. 

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.