ЕС: студэнты ствараюць смачныя і карысныя прадукты з адходаў вытворчасці

Група еўрапейскіх і ізраільскіх студэнтаў, якія прымалі ўдзел у эксперыментальным праекце Foodio, стварыла з харчовых адходаў веганскі шакаладны мус пад назвай Vousse і атрымала галоўную прэмію за лепшы малочны прадукт.

Foodio (Food Solutions Master Class) — адукацыйны праект, які курыруе Універсітэт Хельсінкі, таксама яго падтрымліваюць Аўтаномны ўніверсітэт Мадрыда UAM, Інстытут харчавання IMDEA, Гагенгеймскі ўніверсітэт (Германія), Тэхналагічны ўніверсітэт Ізраіля Technion, Вышэйшы савет па навуковых даследаваннях CSIC і тры прадпрыемствы харчовай прамысловасці: Acesur, Valio і Herbstreith&Fox.

Галоўнай мэтай гэтай эксперыментальнай праграмы, у якой прыняло ўдзел каля 40 студэнтаў з розных краін, было стварэнне карысных для здароўя прадуктаў харчавання, якія не толькі змяшчалі б нізкі працэнт цукру, солі і тлушчаў, але і адказвалі б дзвюм не менш важным умовам — быць смачнымі, працэс іх вытворчасці павінен адлюстроўваць беражлівыя адносіны да экалогіі планеты.

Дзесяць маладых эксперыментатараў з Фінляндыі, Іспаніі і Ізраіля аб’ядналі свае намаганні, каб стварыць карысны і экалагічны дэсерт. Прадстаўнікі групы вынаходнікаў студэнты Аўтаномнага ўніверсітэта Мадрыда Майці Ірыёнда і Беатрыс Фернандэс расказалі, што іх прадукт змяшчае мала цукру (на 30% менш, чым большасць тавараў на рынку) і багаты клятчаткай (3 грамы на кожныя 100 грамаў гатовага прадукту). Для яго стварэння прымяняліся адходы — субпрадукты, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці фруктовых сокаў кампаніі Herbstreith&Fox.

Пакуль што Vousse — усяго толькі праект, але падчас работы ў праграме Foodio студэнты стварылі яшчэ і бізнес-мадэль для прасоўвання новага дэсерту на рынку. Попыт на здаровыя і экалагічныя прадукты пастаянна расце, таму ў веганскага шакаладнага мусу ёсць шансы атрымаць рэальны камерцыйны поспех. Але галоўнай задачай праекта было даказаць, што смачнае харчаванне, здароўе і адказнае стаўленне да навакольнага свету могуць ісці поплеч.

Сярод іншых прадуктаў, распрацаваных падчас правядзення праграмы Foodio, былі соус Uni-Sauce на аснове адходаў прамысловай вытворчасці аліўкавага алею, хрусткія чыпсы Crispiliscious, для якіх выкарыстоўваліся яблыкі і мука з гарбузовых семак, і багаты клятчаткай сыр Cheezy Roll.

Пра гэта паведамляе espanarusa.com.