Эстафета дабрачыннасці

Больш за 100 прадстаўнікоў 9 айчынных устаноў вышэйшай адукацыі паўдзельнічалі ў “Студэнцкіх сустрэчах — 2019”, якія сёлета праходзілі 4—6 кастрычніка на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Форум накіраваны на аб’яднанне магчымасцей італьянскіх сем’яў і беларускіх студэнтаў у ажыццяўленні дабрачынных гуманітарных акцый. Штогод ён праводзіцца ў адным з беларускіх гарадоў, дзе вучацца стыпендыяты праекта “Усынаўленне на адлегласці”. Арганізоўвае “Студэнцкія сустрэчы” італьянскі фонд “Дапаможам ім жыць” (Autiamoli a vivere). Як адзна­чыла прарэктар ВДУ па выхаваўчай рабоце Юлія Бежанар, універсітэт больш за 10 гадоў супрацоўнічае з фондам па розных напрамках дабрачыннай дзейнасці, а непасрэдна “Студэнцкія сустрэчы” прымае другі раз.

— Выдатная ініцыятыва, — падзялілася ўражаннямі Юлія Пятроўна. — Такія форумы дапамагаюць знайсці новых сяброў, садзейнічаюць умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва, фарміруюць адказнасц­ь, пачуццё міласэрнасці і ўзаемадапамогі, вучаць не заставацца раўнадушнымі да праблем нават незнаёмых людзей, якім патрэбна дапамога. Студэнты ВДУ актыўна займаюцца дабрачыннай і валанцёрскай дзей­насцю, мала­дзёжны валанцёрскі рух вельмі папулярны ў нашай краіне. Нам блізкі гэты праект, мы з задавальненнем да яго далучыліся.

У рамках форуму адбыліся лекцыі, экскурсіі, дабрачынныя акцыі і канцэртныя праграмы, у тым ліку дабрачынны канцэрт кавер-банда “Ч.Т.О.”. Моладзь абмянялася вопытам удзелу ў валанцёрскім руху, кожная дэлегацыя распрацавала і прэзентавала сацыяльна значны праект па тэмах “Гатоўнасц­ь моладзі да шлюбу і сямейнага жыцця”, “Ці патрэбна сёння вышэйшая адукацыя?” і “Забруджванне планеты смеццем — глабальная праблема сучаснасці”. На пляцоўцы ля Палаца спорту прайшлі дабрачынны кірмаш і акцыя “Свята дзяцінства”. Жыхароў і гасцей горада запрасілі набыць прадукцыю, вырабленую студэнтамі. Для наведвальнікаў была падрыхтавана спартыўна-забаўляльная праграма з роставымі лялькамі, прайшлі спаборніцтвы, конкурсы і майстар-класы; былі адкрыты творчыя станцыі па арыгамі, аквагрыме, мадэляванні шароў, малюнку на асфальце, робататэхніцы, займальнай псіхалогіі. Дапамогу ў зборы ахвяраванняў аказала Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сродкі, атрыманыя ад продажу білетаў і падчас кірмашу, перададзены на дабрачынныя мэты.

— Фонд “Дапаможам ім жыць” працуе ў Беларусі з 1992 года, — расказаў куратар праекта Лучана Браконі. — Мы не толькі арганізоўваем аздараўленне беларускіх дзяцей у італьянскіх сем’ях, але і ажыццяўляем гуманітарныя, развіццёва-рэабілітацыйныя і медыцынскія праекты. Фонд супрацоўнічае з установамі адукацыі і аховы здароўя, дапамагае цяжкахворым дзецям, якім неабходны лячэнне і рэабілітацыя, аказвае матэрыяльную падтрымку студэнтам з ліку дзяцей-сірот і інвалідаў. Сярод нашых праектаў — “Працоўны адпачынак”, “Груз надзеі”, “Імянныя пасылкі”, “Школа-фабрыка”. Паступова паміж італьянскімі сем’ямі і беларускімі дзецьмі, якіх яны прымалі на аздараўленне, узніклі прыязныя, фактычна роднасныя пачуцці. Мае суайчыннікі выказалі гатоўнасць дапамагчы сваім юным сябрам у прафесійнай падрыхтоўцы і ў сваю чаргу больш шырока далу­чыць іх да дабрачыннай дзейнасці. Як вынік — у 1996 годзе нарадзіўся праект “Усынаўленне студэнтаў на адлегласці”. Сёння я меў радасць паўдзельнічаць у цудоўным мера­прыемстве, адным з найлепшых за гэтыя гады. Вялікі дзякуй аргкамітэту і валанцёрам. Мне хацелася б мець такія вялікія рукі, каб абняць вас усіх адразу.

Завяршыліся “Студэнцкія сустрэчы” ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання ўдзельнікаў, уручэннем студэнтам стыпендый ад італьянскіх сем’яў і відэапрэзентацыяй “Яркія моманты форуму”.

Таццяна БОНДАРАВА.