Эстафета добрых спраў

Быць чулым, рабіць добрыя справы, дапамагаць трэба вучыць з самага дзяцінства. У нашай установе адукацыі гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага, таму падтрымаць навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы дзеці” вырашылі ўсе: і дзеці, і бацькі, і педагогі.

Эстафету добрых спраў працягнула акцыя “Добрае сэрца”. Валанцёры наведалі педагогаў-пенсіянераў, пажылых, адзінокіх састарэлых людзей і ўручылі зробленыя сваімі рукамі святочныя сэрцы з віншаваннямі. У адказ — словы падзякі і ўсмешкі.

А днямі ва ўстанове адбыўся кірмаш-выстаўка “Навагодні настрой”. Да свята пачалі рыхтавацца загадзя. На працягу месяца працавала майстэрня Дзеда Мароза па вырабе навагодніх сувеніраў і ёлачных упрыгажэнняў, дзеці развучвалі кірмашовыя крычалкі, песні, навучэнцы 7 класа падрыхтавалі тэатралізаваны паказ.

Зазірнуў на кірмаш і Дзядуля Мароз. У дзяцей была магчымасць зрабіць з ім сумеснае фота, а таксама сфатаграфавацца ў вобразе сімвала надыходзячага новага года. Свята парадавала вясёлай музыкай, бяспройгрышнай латарэяй, разнастайнай дамашняй выпечкай. Атрыманыя на кірмашы грашовыя сродкі пойдуць на дабрачыннасць.

Марафон добрых спраў працягнецца да 11 студзеня 2019 года. За гэты час навагоднія і калядныя віншаванні, а таксама падарункі прыйдуць да тых, хто найбольш мае патрэбу.

Алёна ЛАПЦЮХОВА,
класны кіраўнік Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.