Эстафета карысных спраў

“Формы летняга аздараўлення і часовай працоўнай занятасці школьнікаў Круглянскага раёна вельмі разнастайныя. У планы работы ўсіх аздараўленчых і працоўных фарміраванняў уключаюцца мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Круглянскага райвыканкама Марына Пятроўна ТОКАРАВА.

— Больш за ўсё супрацоўнікаў аддзела хвалюе арганізацыя карыснай занятасці дзяцей і падлеткаў як у летні перыяд, так і ў пазаўрочны час на працягу навучальнага года, — адзначыла Марына Пятроўна.

— Пад увагай і эфектыўная арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў. Летам у раёне працуюць 15 аздараўленчых лагераў не толькі з кругласутачным, але і дзённым знаходжаннем, прычым самых розных профіляў: працы і адпачынку, грамадска-гуманітарнага, сацыяльна-педагагічнага, спартыўна-аздараўленчага, мастацкага і іншых для 633 вучняў, у тым ліку для дзяцей з інваліднасцю, высокаматываваных навучэнцаў, пераможцаў алімпіяд, дзяцей, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. У арганізацыі працоўнай дзейнасці падлеткаў сёлета аказваюць дапамогу 6 студэнцкіх атрадаў, у якіх знаходзіцца 70 студэнтаў. У раёне дзейнічаюць вучнёўскія вытворчыя і сельскагаспадарчыя брыгады, лясніцтвы, валанцёрскія атрады (усяго 22 фарміраванні, у якіх 266 школьнікаў).

Супрацоўнікі аддзела па адукацыі прапанавалі навучэнцам новую форму правядзення вольнага часу — выязныя гульнявыя пляцоўкі, якія былі арганізаваны ў вёсках Альшанікі і Шупені. На гэтых пляцоўках для дзяцей праводзяцца розныя віды дзейнасці. З гэтай мэтай была створана міжведамасная група, у склад якой уваходзяць педагогі дадатковай адукацыі, трэнеры, экскурсаводы раённага краязнаўчага музея, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ўстаноў аховы здароўя. Цяпер дзеці, якія вучацца ў Круглым, а жывуць у названых сельскіх населеных пунктах, атрымалі дадатковую магчымасць з цікавасцю і карысцю праводзіць летні час.

— Якімі дасягненнямі сёння ганарыцца раён? Раскажыце пра інавацыйныя праекты, што рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі Кругляншчыны.

— Аддзел па адукацыі, спорце і турызме Круглянскага райвыканкама штогод становіцца пераможцай або прызёрам абласных спаборніцтваў на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці (па выніках 2016 года — 1-е месца, 2017 года — 2-е месца). Аптымальная сетка ўстаноў адукацыі, зладжаная работа педагагічнай грамадскасці раёна дазваляюць забяспечыць правы кожнага дзіцяці на якасную адукацыю, паўнацэннае фізічнае і духоўнае развіццё на ўсіх этапах навучання ў адпаведнасці з запытамі навучэнцаў i iх бацькоў. Ва ўстановах раёна створаны ўмовы для камфортнага і бяспечнага знаходжання, матэрыяльна-тэхнічная база адпавядае сучасным патрабаванням: інтэрактыўныя дошкі, напрыклад, ёсць у большасці ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Педагагічныя калектывы дзвюх устаноў з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі добраахвотнай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў” (сярэдняя школа № 2 Круглага) і “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў” (яслі-сад № 7 Круглага).

Актуальным для нашага раёна з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў і дзейнасць апорных школ на базе ўстаноў, дзе ёсць эфектыўны вопыт па павышэнні якасці адукацыі.

— Прафесіяналізм педагогаў быў і застаецца гарантам паспяховасці адукацыйнага працэсу.

— Так. Рабоце з кадрамі ў нас удзяляецца асаблівая ўвага. І як вынік, педагогі раёна становяцца фіналістамі і прызёрамі абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, эфектыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, канферэнцыях, фестывалях. Не стаў выключэннем і 2017/2018 навучальны год. Пераможцай абласнога конкурсу замяшчальных бацькоў “Сэрца аддаю дзецям” стала Наталля Міхайлаўна Руцкая — маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу. Другое месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР” заняла Марына Рыгораўна Ангерман. Трэцяе месца ў абласным конкурсе “Педагог дадатковай адукацыі” — у Святланы Аляксееўны Пракапенка.

Радуюць і поспехі вучняў. Са 138 выпускнікоў 2018 года 15 атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі. Завяршылі навучанне і выхаванне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі 134 навучэнцы, з іх 9 атрымалі пасведчанні з адзнакай. У адрозненне ад мінулага года сёлета стабальных вынікаў падчас ЦТ у нашых выпускнікоў няма, аднак шэраг навучэнцаў па выніках іспытаў атрымалі ад 90 балаў і вышэй па рускай мове, матэматыцы, англійскай мове і іншых прадметах.

— Якія вынікі дае назапашаны ў раёне вопыт работы з адоранымі навучэнцамі?

— На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах за тры апошнія гады 14 навучэнцаў удастоены дыпломаў і 7 — пахвальных водзываў. Адзначу, што 14 з іх — навучэнцы сярэдняй школы № 1 Круглага. Акрамя таго, вучаніца гэтай жа школы Ульяна Абаева ў 2017 годзе стала ўладальніцай дыплома III ступені алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (настаўнік Алег Уладзіміравіч Галаўкоў). Ульяна стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Складнікам сістэмы падтрымкі адораных, высокаматываваных вучняў з’яўляецца прызнанне іх дасягненняў на ўзроўні райвыканкама. Штогод з ліку старшакласнікаў вызначаецца пераможца ў намінацыі “Вучань года”, яму ўручаецца дыплом, спецыяльная прэмія, а яго фотаздымак змяшчаецца на раённай Дошцы гонару.

— Як ажыццяўляецца падрыхтоўка вучняў у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі працягнуць адукацыю?

— З гэтай мэтай уведзена профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі і дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў на II ступені, дзейнічае разгалінаваная сетка факультатыўных заняткаў, у тым ліку 5 міжшкольных факультатываў. Профільнае навучанне — гэта той падмурак, на якім можа і павінна складвацца далейшая жыццёвая траекторыя нашых вучняў. Профільнае навучанне наладжана, канечне, у школах горада. У мінулым навучальным годзе ў раёне функцыянаваў 1 профільны клас і 8 профільных груп з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца хіміка-біялагічны і гуманітарны профілі. Акрамя таго, на аснове дагавора аб супрацоўніцтве паміж гарадскімі школамі і Круглянскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях ажыццяўляецца навучанне 36 навучэнцаў 10 і 11 класаў па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці” (класы МНС). У новым навучальным годзе плануем арганізаваць у адной сельскай і адной гарадской школе класы аграрнай накіраванасці.

Найважнейшымі задачамі педагагічных калектываў лічу ўмелую і якасную арганізацыю дапрофільнай падрыхтоўкі і стварэнне ўмоў для рэалізацыі здольнасцей і талентаў кожнага школьніка.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *