Эстафета пакаленняў

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт маладзёжнаму марафону “Камсамолу — 100: эстафета пакаленняў”, прысвечанаму векавому юбілею Усесаюзнага камсамола. У будынку камсамола Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі гэтага руху.

Тут жа сустрэліся прадстаўнікі розных пакаленняў маладзёжнага саюза.

— “Камсамолу —100: эстафета пакаленняў” — гэтай назвай нашага праекта мы хочам паказаць, што сёння ўвесь маладзёжны рух звязаны адзінай ніткай. Мінулае — цяперашняе — будучыня. Доказам гэтай сувязі збольшага служаць выставачныя аб’екты, — адзначыў Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ. — Таму мы заклікаем усіх, чыё камсамольскае юнацтва прайшло ярка і актыўна, да 25 кастрычніка прыносіць свае экспанаты: унікальныя прадметы, рарытэты, узнагароды — у раённыя камітэты БРСМ і да нас, у Дом моладзі. Лепшыя з іх увойдуць у экспазіцыю, якая будзе прадстаўлена 29 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі.

Зараз на выставе знаходзяцца ўжо дзясяткі каштоўных экспанатаў. Напрыклад, асабісты дзённік франтавога паэта, камсамольца Івана Сапко, а таксама яго ліст з фронту, датаваны 9 мая 1945 года. Тут жа — асабістая шарыкавая ручка Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, якая вынесла з поля бою 123 параненых і з-за абмарожвання пазбавілася рук і ног… А таксама вялікая калекцыя камсамольскіх білетаў, значкоў, куртак-байцовак, пласцінак з камсамольскімі песнямі.

Свой падарунак да 100-годдзя УЛКСМ падрыхтавала і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Яе супрацоўнікі прэзентавалі на сустрэчы алічбаваны варыянт унікальнай кнігі “Нарысы па гісторыі камсамола Беларусі”, выдадзенай у 1927 годзе, калі камсамольскаму руху было ўсяго 3 гады. Пакуль электронная версія даступная толькі наведвальнікам бібліятэкі, але неўзабаве яе плануюць выкласці ў адкрыты доступ, а таксама выпусціць з ёй падарункавы CD-дыск.

Частка экспанатаў была перададзена ў музей падчас адкрытага дыялогу, на які сабраліся актывісты маладзёжнага руху, каб успомніць мінулыя падзеі і пагаварыць пра будучыню, абмеркаваць тэмы пераемнасці пакаленняў і захавання традыцый. Сярод ганаровых гасцей — былы першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі Аляксей Крыўдзенка, старшыня Савета ветэранаў камсамола і маладзёжных грамадскіх арганізацый Мінска Міхаіл Ціцянкоў, народны артыст Беларусі, кампазітар і піяніст Васіль Раінчык і многія іншыя.

— Стогадовая гісторыя налічвае шмат выдатных ідэй, ініцыятыў, дасягненняў некалькіх пакаленняў моладзі. Для нас вельмі важна не забываць пра тое, што зроблена, і разам вырашаць, як развівацца далей, грунтуючыся на ўсім лепшым, што было дасягнута раней, — сказаў Дзмітрый Варанюк.

Знакавыя падзеі запланаваны і на наступны тыдзень, які аб’яўлены камсамольскім. У Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі пра гісторыю камсамола, гашэнне маркі ў Нацыянальным мастацкім музеі і адкрыццё памятнага знака да 55-годдзя студатрадаўскага руху, якое пройдзе ў дворыку БНТУ, адкуль выязджалі на БАМ першыя байцы-будаўнікі. Запланавана таксама адкрыццё прыпынку імя Героя Савецкага Саюза Алега Кашавога, стылізаванага тэматыкай маладзёжнага руху, а з 26 на 27 кастрычніка будзе ноч кіно — да раніцы ў кінатэатры “Камсамолец” будзе дэманстравацца пяцісерыйны мастацкі фільм “Час выбраў нас”, зняты на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Эстафету пакаленняў падхопяць актывісты Саюза моладзі ў рэгіёнах, дзе пройдуць сустрэчы з ветэранамі, будуць запісаны гісторыі, сабраны ўзнагароды, фатаграфіі, альбомы, газетныя публікацыі, сувеніры, якія адлюстроўваюць гісторыю камсамольскага руху. Напрыклад, у гонар юбілею ў Салігорску моладзь і ветэраны руху высадзяць алею, у Слуцку адбудзецца распакоўванне капсулы часу ад камсамольцаў 1963 года і закладка новай, а ў Віцебску 29 кастрычніка адкрыюць маладзёжны сквер са спартыўнымі аб’ектамі.

Да векавога юбілею камсамола на кожным аб’екце, дзе ў свой час працавала моладзь, з’явіцца памятная таблічка — гэта інфармацыйны паказальнік, на якім будзе змяшчацца ўся неабходная інфармацыя пра тое, хто і калі прымаў удзел ва ўзвядзенні канкрэтнага аб’екта. Сярод іх будзе і нядаўна завершанае будаўніцтва той часткі Беларускай атамнай электрастанцыі, дзе працавалі актывісты маладзёжнага саюза. Іх рукамі таксама пабудавана шмат аб’ектаў на ўсёй тэрыторыі краіны. Акрамя таго, значную частку аб’ектаў складуць тыя, якія былі добраўпарадкаваны падчас нядаўна запушчанага агульнарэспубліканскага праекта БРСМ “#ЗаДело!”.

— Маладыя людзі актыўна ўключыліся ў гэтую працу па ўсёй краіне. Больш за тое, у сацсетках праходзіць чэлендж-марафон, дзе кожны ўдзельнік праекта публікуе свае фатаграфіі з аднайменным хэштэгам на фоне добраўпарадкаванага ім аб’екта і тым самым перадае ініцыятыву і працоўную эстафету сябрам і знаёмым. Але наша асноўная мэта, каб у кожным рэгіёне з’яўляліся месцы, дзе моладзь магла б збірацца і праводзіць творчыя і спартыўныя праекты. Напрыклад, у Мінску такіх пляцовак будзе некалькі, першая — на востраве Камсамольцаў. І мне хочацца, каб такіх унікальных прастораў было як мага больш у Беларусі, — адзначыў Дзмітрый Варанюк.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *