Эстафета перамог

У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь у лютым прайшла IV Рэспубліканская кадэцкая інтэлектуальна-творчая алімпіяда “Патрыёт”. Яна з’яўляецца сумесным праектам Акадэміі МУС і Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў.

У гэтым годзе ў алімпіядзе ўдзельнічалі 9 каманд: ­Спецыялізаванага ліцэя МУС, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Мінскага гарадскога, Брэсц­кага, Віцебскага, Полацкага, Гомельскага, Гродзенскага, Магілёўскага абласных кадэцкіх вучылішчаў.

На мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей. Каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча “Шчыт Айчыны” чац­вёрты раз стала пераможцай алімпіяды. У склад каманды ўвахо­дзілі як кадэты, якія ўжо маюць вопыт удзелу ў гэтым інтэ­лектуальна-творчым конкурсе, так і пачаткоўцы: кадэт ­узвода 10 “Б” класа Лізавета Блахіна (капітан), кадэт узвода 10 “Б” класа Арына Паваротная, віцэ-сяржант узвода ­10 “А” класа Уладзіслаў Качан, кадэт узвода 10 “В” класа Мікіта Чарневіч, віцэ-сяржант узвода 11 “В” класа Аляксандр Праабражэнскі, віцэ-сяржант узвода 11 “В” класа Андрэй Мельнікаў. Усе разам, дапамагаючы і падтрымліваючы адно аднаго, яны рыхтаваліся да спаборніцтва — і перамаглі.

Праграма алімпіяды ўключала разнапланавыя конкурсныя заданні: прадстаўленне каманды “Вось мы якія”, бліц­апытанне капітанаў з мэтай праверкі агульнай эрудыцыі, тэсціраванне па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” і на веданне палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, тэматычныя выступленні прадстаўнікоў каманд “Слова прамоўцу”, вуснае апытанне па змесце кінафільмаў ваенна-па­трыятычнай тэматыкі, “Дамашняе заданне” — інсцэніроўка аднаго з твораў мастацкай літаратуры, пералік якіх вызначаны загадзя арганізатарамі алімпіяды.

Выступаючы ў конкурсе візітак, віцебскія кадэты пастараліся раскрыць сэнс, закладзены ў назве іх каманды: кадэты — пераемнікі слаўных гераічных традыцый старэйшага пакалення, і прыйдзе час, калі сённяшнія выхаванцы вучылішча стануць на абарону інтарэсаў Айчыны, будуць яе надзейным шчытом. А пакуль хлопцы адстойвалі на алімпіядзе інтарэсы свайго вучылішча. Мікіта Чарневіч і Лізавета Блахіна заваявалі дыпломы ў конкурсе эрудытаў, Арына Паваротная і Аляксандр Праабражэнскі — у намінацыі “За артыстызм”, Арына таксама была прызнана журы лепшым аратарам.

Чатыры разы праводзілася Рэспубліканская кадэцкая інтэлектуальна-творчая алімпіяда “Патрыёт” і чатыры разы каманда вучылішча “Шчыт Айчыны” атрымлівала ў ёй перамогу! Велізарная заслуга ў дасягненні такога высокага выніку належыць кіраўнікам каманды: выдатніку адукацыі, тройчы лаўрэату прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай мола­дзі, настаўніку грамадазнаўства Аляксандру Афа­насье­вічу Грыгор’еву і педагогу-арганізатару вучылішча Юрыю Уладзіміравічу Грыгароўскаму. У групу вядучых і памочнікаў арганізатараў алімпіяды “Патрыёт” уваходзілі курсанты Акадэміі МУС — выдатнікі вучобы, актыўныя грамадскія дзеячы. Прыемна адзначыць, што сярод іх былі выпускнікі Віцебскага кадэцкага вучылішча. У кадэцкія гады яны самі ўдзельнічалі ў алімпіядзе і перадалі эстафету поспеху цяперашнім кадэтам.

Аляксандр ПРААБРАЖЭНСКІ,
віцэ-сяржант узвода 11 “В” класа.