Эстафета разам з пагранічнікамі

- 12:30Нам пішуць

У 2018 годзе адзначаецца 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У рамках святкавання юбілею ў Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе быў праведзены месячнік ваенна-патрыятычнай работы.

У школе арганізавалі шмат цікавага: віктарыну “Знакамітыя людзі маёй краіны”, конкурс малюнкаў “З чаго пачынаецца Радзіма”, тэматычную паліцу “Кветкі на граніцы”, тэматычныя класныя гадзіны да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў, сустрэчу з удзельнікам падзей у Афганістане Казімірам Леанідавічам Раманчуком, урок мужнасці “Ёсць памяць, якой не будзе забыцця”, пазнавальна-гульнявая праграму “Армейскі калейдаскоп”, тэматычны конкурс фатаграфій “Мая малая Радзіма”. Дзеці падрыхтавалі выпуск газеты “100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.

У мерапрыемствах “Самы спартыўны тата” і “Мой тата можа ўсё” ўзялі ўдзел і бацькі вучняў. Дзеці разам з татамі, дзядулямі і братамі спаборнічалі ў эстафетах, конкурсах, па чарзе пераадольвалі паласу перашкод, праходзілі “агнявую” падрыхтоўку, адным словам, паказалі сябе моцнымі, смелымі і спрытнымі. Хлопцы з велізарным задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах самі і з захапленнем хварэлі за сваіх тат. У канцы свята дзеці падарылі татам падарункі, якія зрабілі самі.

Школа супрацоўнічае з пагранічнай заставай № 7 “Русакі”. Так, у канцы лютага прайшла спартландыя, у якой узялі ўдзел каманды настаўнікаў, навучэнцаў школы і пагранічнай заставы. Тры згуртаваныя каманды ўдзельнічалі ў розных эстафетах, дзе галоўнымі былі спартыўны спрыт і сяброўства.

Наталля ШМАРОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.