Эталон чалавечай годнасці

- 12:12Людзі адукацыі, Рознае

Схаваная сярод густых садоў палеская вёска Вялікае Малешава ўпэўнена заявіла пра сябе як сапраўдная кузня таленавітых педагогаў і ў большасці філолагаў. Амаль усе яны — вучні заслужанага настаўніка школ БССР, выдатніка народнай адукацыі, Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. У гэтую глыбінку яна была накіравана выкладаць рускую мову і літаратуру, і адразу ж апантана ўзялася за справу, ды так, што за ўсе гады настаўніцтва не было ніводнага выпадку, каб нехта па яе прадмеце не паспяваў.

— Не бывае няздольных вучняў — не ўсім шанцуе на настаўнікаў, — пераканана ў свае амаль дзевяноста гадоў Надзея Іванаўна Кавалец. — Мне асабіста пашчасціла на педагогаў у нашай Тураўскай сярэдняй школе. На ўсё жыццё запомніла словы настаўніка Івана Ільіча Ніцэвіча, што да кожнага ў жыцці павінна дакранацца цёплая настаўніцкая рука. З якім азартам расказваў Іван Ільіч пра вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў вядомага пушкінскага сяла Міхайлаўскае на Пскоўшчыне. На ўроках геаграфіі разам з гарэзлівым школьным рамантыкам Максімам Емяльянавічам Бруем мы быццам вандравалі па краінах і кантынентах. Дагэтуль памятаю статную постаць нашага школьнага гісторыка Мірона Мінавіча Шапіры, які часам такімі дэталямі напаўняў свой расказ, што складвалася ўражанне, быццам ён сам удзельнічаў у важных сусветных падзеях. На ўроку роднай мовы і літаратуры свае вершы чытаў былы партызан, вельмі сціплы, шчыры настаўнік Мікалай Паўлавіч Клімовіч.
У першыя пасляваенныя гады аднаўлення школы амаль не было ніякіх падручнікаў. Заняткі нямецкай мовы маладзенькая настаўніца Берта Абрамаўна, прозвішча якой ужо не памятаю, праводзіла ў форме вуснага дыялогу. Настаўніца была амаль наша равесніца, мы яе паважалі, любілі. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў яна вярнулася на Палессе з эвакуацыі.
Ніколі не забуду, як мяне падтрымаў дырэктар Фёдар Паўлавіч Лешчанка. Усе аднакласнікі, акрамя мяне — дачкі “ворага народа”, былі камсамольцамі. Мой бацька быў першым старшынёй калгаса ў Хільчыцах. У 1938 годзе яго арыштавалі, больш мы яго не ўбачылі. Маці працавала даяркай. За працоўныя поспехі ўдзельнічала ў рабоце І з’езда калгаснікаў-ударнікаў у сакавіку 1933 года ў Маскве. Яе партрэт упрыгожыў першую старонку часопіса “Работніца”. Але пасля арышту бацькі яе выгналі з калгаса. Арыштавалі дзядзьку Рамана. Бацькаву сястру Адарку выключылі з інстытута, майго брата Фёдара — з камсамола, а мяне — з піянераў, ды так, што на ўсё жыццё запомнілася. Прыехала прадстаўніца раённых улад і публічна перад усім класам сарвала з мяне піянерскі гальштук і абвясціла, што я дачка “ворага народа”. Я, дзесяцігадовая дзяўчынка, ледзьве вытрымала здзек. А калі вучылася ў старшых класах Тураўскай сярэдняй школы, настаў час уступлення ў камсамол. Патрэбны былі дзве рэкамендацыі ад сяброў-камсамольцаў ці адна ад камуніста. Усе баяліся мець справу са мной. Фёдар Паўлавіч выклікаў мяне ў кабінет. Доўга гутарылі пра мае жыццёвыя планы, а ў канцы размовы дырэктар сказаў, што ён, як камуніст, дасць мне рэкамендацыю. У вызначаны дзень прыёму ў камсамол у вайсковай часці наладзілі ўрачыстасць і, калі падышла чарга да мяне, адзін з членаў бюро райкама камсамола азнаёміўся з маёй біяграфіяй і з’едліва спытаў, як мне ўдалося пралезці ў камсамол. Я ледзьве сябе стрымала. Але ўсё ж дзякуючы прынцыповаму камуністу Фёдару Паўлавічу Лешчанку стала камсамолкай.
Такія духоўна багатыя, добразычлівыя людзі выхоўвалі нас, пасляваенных сялянскіх дзяцей. Для мяне гэта і паслужыла асноўным аргументам у выбары прафесіі, было на каго раўняцца, з каго браць прыклад.
Надзея Іванаўна пасля сярэдняй школы паступіла ў Пінскі настаўніцкі інстытут. За паспяховую вучобу стала кандыдатам на атрыманне сталінскай стыпендыі. Але, калі кіраўніцтва даведалася, што яе бацька рэпрэсіраваны, ёй адмовілі. Балюча было, але ўсё гэта не стрымлівала прагу да ведаў. На выдатна скончыла інстытут і прыехала ў Вялікае Малешава, што за некалькі кіламетраў ад яе родных Хільчыц, выкладаць рускую мову і літаратуру. Вышэйшую адукацыю потым завочна атрымала ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце.
Калі Надзея Іванаўна прыйшла працаваць у гэтую вясковую школу, адукаваных педагогаў не хапала. Пачынала з таго, што імкнулася кожнага вучня нечым захапіць.
— Мы, настаўнікі, усяляк стараліся падтрымаць дзяцей, многія з якіх з-за беднасці не мелі магчымасці вучыцца, — успамінае настаўніца. — Як рады быў наш вучань Паўлік Васюхневіч касцюмчыку, які мы ў складчыну купілі яму. Бацька яго пасвіў калгасных кароў, а маці цяжка хварэла. Паўлік разам з брацікам Іванам у дзесяць гадоў за бараной па полі хадзілі. Як ні цяжка было, а хлопчыкі школу скончылі. Павел доўгія гады ўзначальваў вялікі саўгас у Наўгародскай вобласці. Як і запаў мне ў душу Віця, таксама з гаротнай сям’і, які так імкнуўся прыгожа пісаць у сшытку, але чамусьці яго чарнільніца часта падала ў палатнянай торбачцы і залівала сшыткі. Хлопчык нерваваўся. Я звязала спецыяльны футлярчык, у які мы прыладкавалі чарнільніцу. З якой радасцю ён потым даставаў з торбачкі свае акуратныя сшыткі. Рос падлетак без бацькі, заўсёды паўгалодны, але з вялікім жаданнем вучыцца. Вельмі любіў урокі літаратуры. Шмат чытаў.
Мінулі дзесяцігоддзі. Неяк летам мы з мужам ідзём праз луг, і раптам нехта на хаду падхоплівае маю сумку з харчамі. Я збянтэжана азіраюся і бачу перад сабой маладога светлавалосага прыгажуна. “Надзея Іванаўна, гэта я — Віця. Памятаеце залітыя чарнілам сшыткі”, — сказаў ён і прыпаў на калена. Прыпыніліся, пагаварылі. Такая начаканая была сустрэча. А праз нейкі час атрымліваю тэлеграму “Выбачайце. Дзякуй за ўсё. Віця”. Гэтыя словы былога вучня кранулі сэрца.
Надзея Іванаўна ніколі не спадзявалася, што так высока будзе ацэнена яе праца. Асабліва памятна, як у 1978 годзе яна была выбрана дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Хвалявалася перад тым, як ехаць. Раённы метадыст Зінаіда Пракопаўна Зайцава жартаўліва раіла ёй больш піць сырадою, каб добра выглядаць. Там, у Крамлі, вясковай настаўніцы ўручылі Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы.
— Памятаю, як міністр асветы СССР Міхаіл Пракоф’еў назваў маё імя, зала выбухнула апладысментамі, я не ведала куды падзецца, так усхвалявалася, — расказвае Надзея Іванаўна. — У выступленні закранула праблемы вясковых школ. У тыя гады быў кніжны голад, не хапала літаратуры. Мы арганізоўвалі пасляўрочнае чытанне праграмных твораў. Усё гэта я расказвала перад настаўнікамі краіны. У перапынку да мяне падышоў Пётр Міронавіч Машэраў і падзякаваў за выступленне. Адзначыў, што ён таксама быў настаўнікам і спытаў, як жывецца на вёсцы. Самае цёплае ўражанне засталося ад сустрэчы з Пятром Міронавічам.
Наша дзяржава шануе людзей працы. Самыя лепшыя атрымліваюць узнагароды, іх імёны заносяцца на дошкі пашаны. А ў кожнага такога паважанага чалавека быў самы звычайны школьны настаўнік. У савецкі час адна з цэнтральных газет пісала, што настаўнік — гэта Тытан, які трымае ў руках повязь вякоў; Калумб, што адкрывае ў бяспечнай краіне дзяцінства сілу, розум, талент будучага грамадства; Мудрэц, які ўмее даступна патлумачыць усё складанае; Трыбун, чыё патрыятычнае слова нараджае прагу да подзвігу; Мастак, які стварае жывую прыгажосць свету; Чалавек, якому вядомы ўсе душэўныя рухі, у якім патрабавальная строгасць роўная суцяшальнай пяшчоце. Удумайцеся: Тытан, Калумб, Мудрэц, Трыбун, Мастак, Чалавек — у адной асобе, сапраўдным настаўніку. І калі людзям іншых прафесій даравальны нейкія маральныя пралікі, то настаўніку — не. Ён павінен быць эталонам мудрасці, справядлівасці, дабрыні, чыстага сумлення, чалавечай годнасці.

Уладзімір СУБАТ.
Фота аўтара.