Эталон чысціні

- 12:36Год гістарычнай памяці

Блакітная крыніца, або, як яе яшчэ называюць, “Сіні ключ”, “Сіні калодзеж”, знаходзіцца ў Клінскім урочышчы, недалёка ад вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна.

Крыніца, якая з’яўляецца помнікам прыроды рэс­публіканскага значэння, уяўляе сабой невялікае маляўнічае возера. Паводле ацэнкі Інстытута геахіміі і геа­фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, вада крыніцы — карбанатна-кальцыевая, карставага паходжання з мінералізацыяй 197 мг/л, з’яўляецца эталонам чысціні падземных вод. Яна ўтрымлівае шмат іонаў серабра і лічыцца гаючай. Паверхня яе быццам кіпіць. Яна мае незвычайны блакітнавата-­ізумрудны колер і застаецца прыдатнай да ўжывання некалькі гадоў. На працягу года тэмпература вады ў крыніцы амаль не мяняецца і складае + 5°С. З крыніцы выцякае рака Блакітная, якая ўпадае потым у Сож.

Паводле народнага падання, Блакітная крыніца стала месцам хрышчэння славянскага племя радзімічаў. Жыхары Прысожжа (Магілёўскай, Гомельскай абласцей) і сумежных рэгіёнаў Расіі і Украіны (Смаленшчыны, Браншчыны, Чарнігаўшчыны) ужо больш як 100 гадоў 14 жніўня збіраюцца ля святой крыніцы, каб набраць вады з гэтай купелі хрышчэння продкаў. Каля крыніцы здаўна была царква, адноўленая ў наш час. У капліцы служыцца Божая літургія, потым асвячаецца вада і адбываецца хрэсны ход.

Паломніцтва ў гэтае адно з найбольш шануемых культавых месцаў Беларусі ва ўсе часы было адным з самых масавых і не спыняецца да гэтага часу. Лічыцца, што вада адсюль дапамагае ад розных хвароб. Многія, каб вылечыцца, не толькі п’юць ваду, набіраюць яе з сабой, але і акунаюцца ў ручай, які выцякае з возера.

На крынічнай тэрыторыі, абгароджанай драўляным плотам, узведзена капліца, устаноўлены праваслаўны крыж і памятны камень, абсталяваны адкрытая купель, зона адпачынку. Тэрыторыя з’яўляецца часткай турыстычнага маршруту “Край гаючых крыніц”. Дарэчы, непадалёк крыніцы ёсць вялікі валун. Гавораць, гэты памятны камень таксама мае гаючую сілу.

З глыбіні стагоддзяў дайшла да нас легенда пра Блакітную крыніцу: “Даўным-даўно, калі рака Сож была больш шырокай і паўнаводнай, жылі людзі-волаты. Сілай і мужнасцю вылучаўся сярод іх змрочны Марка. А статнасцю і высакароднасцю — вясёлы Сцяпан. Пакахала Сцяпана прыгажуня Кацярына. А ён таксама душой да яе прыкіпеў. Але і Марка Кацярыну пакахаў, паслаў да яе сватоў. Не адважылася дзяўчына адмовіць яму і прыдумала для жаніхоў спаборніцтва. Выбрала Сцяпану вялікі камень, а Марку яшчэ большы. І загадала кідаць праз раку. Хто далей кіне, таму і дасць яна згоду. Кінулі волаты камяні за Сож, а калі прыйшлі параў­наць, чый далей упаў, зразумела Кацярына, што не быць ёй з каханым. І сказала тады яна, што ўсё роўна не пойдзе за нялюбага, лепш будзе крыніцай людзям служыць. Ператварылася ў ваду і знікла ў зямлі. Недалёка ад Сожа прабілася блакітнай крыніцай. З таго часу і слу­жыць людзям, адорвае іх чыстай вадой”.

Алена ХАРАШЭВІЧ.
Фота аўтара.